Таямніцы святара. Кім быў беларускі ксёндз, партрэт якога змясцілі разам з выявай Бандэры?


Здараднік ці герой – за што закатавалі беларускага святара Вінцэнта Гадлеўскага?

З мядзведжага кутка ў Вільню

Вінцэнт Гадлеўскі нарадзіўся пад канец ХІХ стагодддзя ў глухой вёскі Шурычы ў Ваўкавыскім павеце, што прытулілася на самым краі Белавежскай пушчы (цяпер гэта Свіслацкі раён). Для селяніна-каталіка атрымаць адукацыю ў тыя часы было надзвычай цяжка, таму здольны хлопец пайшоў у духоўную семінарыю ў Вільню. Там жа ён пазнаёміўся з такімі самымі беларускімі хлопцамі-сялянамі, што вучыліся на святароў. Пэўна, у дыспутах і размовах клерыкаў пачаў абуджацца іх беларускі дух ды прага быць беларусамі.

Пасля заканчэння Пецярбургскай духоўнай акадэміі кс. Вінцэнт служыў вікарыем пры катэдральным саборы ў Менску. Тут жа ўсім сэрцам прыкіпеў да беларускай справы – удзельнічаў у 1-м Усебеларускім з’ездзе, а ў 1918 годзе ўвайшоў у склад Рады БНР.

Разам з Адамам Станкевічам быў тэарэтыкам і арганізатарам Беларускай хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці (1917 г), рэарганізаванай пазней у Беларускую хрысціянскую дэмакратыю.

З Жодзішак зрабіў культурны цэнтр

З пачатку 20-ых гадоў працуе на Віленшчыне, што ў тыя часы была часткаю Польшчы. Парафія ў мястэчку Жодзішкі, дзе працаваў святар, становіцца адным з цэнтраў беларускага культурніцкага жыцця.

«Кс. Гадлеўскі не толькі гаварыў па-беларуску, ён вучыў народ, пераконваў, будзіў нацыянальны патрыятызм і незалежніцкую свядомасць. Памочнікамі ў яго былі беларускія газэты, кніжкі, беларускія песні, прадстаўленні ды арганізацыі. (…) У Жодзінскі касцёл хутка пачаў прыходзіць народ з іншых парафіяў, з вёсак і мястэчкаў, каб пачуць захапляючыя беларускія казанні. Жодзішкі сталіся слаўнымі на ўсю Заходнюю Беларусь», – пісаў пра Гадлеўскага беларускі каталіцкі дзеяч на эміграцыі Вацлаў Пануцэвіч.

Нястомнасць на беларускай ніве

У 1925 годзе польскія ўлады арыштоўвалі святара за ягоную дзейнасць, а ў 1927 годзе асудзілі на 2 гады астрогу.

З 1929 ён служыў капеланам у адным з віленскіх шпіталёў, ездзіў па Віленшчыне з лекцыямі пра беларускую гісторыю і культуру, жывучы толькі з невялікага заробку прэфекта ў школе пры кляштары бернардзінак. Энергіі святара, аднак, хапіла, каб закласці ў Вільні Беларускае каталіцкае выдавецтва ды перакласці Новы Запавет на беларускую мову, друкавацца ў беларускіх выданнях.

Пад акупацыяй – галоўны школьны інспектар

Восенню 1941 года ён прыязджае ў захоплены немцамі Менск, каб адбудоўваць рэлігійнае жыццё ў беларускай сталіцы – за савецкім часам там не было ніводнага каталіцкага ксяндза. Аднак, неўзабаве нямецкія ўлады прызначылі яго галоўным школьным інспектарам пры генеральным камісарыяце Беларусі.

„Вінцэнт Гадлеўскі быў сапраўдным беларускім патрыётам. Галоўнай для яго была менавіта беларуская справа, развіццё культуры, адукацыі. Трагедыя яго ў тым, што ён паверыў у тое, што нацысты змагаюцца за „новую Еўропу”, дзе кожны этнас атрымае права на вольнае існаванне. Насамрэч для Гітлера славяне былі расходным матэрыялам, а тэрыторыя іх рассялення падлягала германізацыі”, – распавёў гісторык Ігар Мельнікаў.

Святар падпісаў адозву да беларускага народа, якая заклікала беларусаў змагацца супраць бальшавіцкай Расеі. „Але безумоўна ў карных акцыях не ўдзельнічаў і ў паліцыі не служыў”, – скаментаваў спадар Мельнікаў.

Супрацоўнічаў з савецкай выведкай?

Праз некаторы час святар сам зразумеў сутнасць акупантаў і пачаў расказваць пра гэта людзям. „Ідэалагічны супраціў тут гуляў большую ролю, чым барацьба са зброяй у руках”, – дадаў гісторык.

Даследчык Уладзімір Конан сцвярджаў, што выкарыстоўваючы сваю пасаду ў адміністрацыі акупаванай Беларусі, кс. Гадлеўскі, неафіцыйны кіраўнік Беларускай незалежнай партыі (БНП), ездзіў па Беларусі ды актывізаваў сілы не толькі супраць бальшавікоў, але і супраць паслядоўнікаў Гітлера. Праз некаторы час генеральны камісарыят нават забараніў ксяндзу зносіцца непасрэдна са школьнымі аддзеламі акругі. Паводле спадара Конана, немцы маглі выйсці на след супрацы святара з савецкай выведкай, якой ксёндз пастаўляў сакрэтныя звесткі ў абмен на вызваленне ў СССР рэпрэсаваных і асуджаных беларускіх дзеячаў.

Пачаў быць небяспечны для акупантаў

„Гэты чалавек дакладна пачаў быць небяспечным для акупантаў”, – зазначыў спадар Мельнікаў. Паводле яго, святар і на споведзях мог падбухторваць да супрацьстаяння, за што на яго данеслі акупацыйным уладам. Нямецкая паліцыя арыштавала ксяндза ў ноч на 24 снежня – перад самай Куццёю. У той жа дзень пасля катаванняў яго растралялі ў лагеры смерці ў Трасцянцы пад Менскам.

„Вінцэнт Гадлеўскі быў закатаваны гестапаўцамі без суда і адпаведнай дакументацыі працэсу. Той факт, што тады ніхто з Беларускай незалежнай партыі не быў арыштаваны, з’яўляецца доказам таго, што ксёндз Гадлеўскі перанёс усе катаванні і нікога не выдаў”, – пісаў Уладзімір Конан.

Ці слушна ставіць Гадлеўскага і Бандэру побач?



Тое, што партрэт ксяндза Ганлеўскага змясцілі побач з выявай Сцяпана Бандэры і Рамана Шухевіча на Дні Волі, Ігар Мельнікаў лічыць памылкаю: „Гэта не правільна ўжо таму, што ў беларускім грамадстве, мякка кажучы, неадназначнае ўспрыняцце ўсіх, хто ў 1941-1944 гады супрацоўнічаў з нацыстамі ў гады Другой сусветнай”.

Паводле гісторыка, любая супраца з акупацыйнай адміністрацыяй была для савецкіх уладаў пасля вайны здрадаю: „Людзей па 65 артыкулу „Пасобніцтва” ў ГУЛАГ у 1944-1947 гады накіроўвалі ўжо за тое, што яны сакратарамі ва ўправах у часы акупацыі былі. Шмат тут негатыўнага зрабіла савецкая прапагада. На жаль, паспелі папрацаваць і сучасныя ідэолагі”.

У сённяшні цяжкі момант трэба падтрымаць украінцаў, але неабходна ўзважліва адносіцца да гістарычных аспектаў, звязаных з Другой Сусветнай вайной, лічыць гісторык.

Што кажа пра скандальны плакат адзін з ягоных аўтараў, можна паглядзець на відэа – тут. Пра асобу ксяндза Гадлеўскага ўзгадвае фільм “Белсату” – “Праклятыя і забытыя”, паглядзець які можна будзе на нашым тэлеканале ўжо ў гэтую суботу, 29 сакавіка, а 21:15.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў