Тадэвуш Кандрусевіч: Я са сваім народам, а народ са мной!


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч некалькі дзён правёў у Ватыкане. Шматгадзінная сустрэча ў Дзяржсакратарыяце была канструктыўнай, прызнаўся ў інтэрв’ю Vatican News беларускі іерарх.

Кіраўнік беларускага Касцёлу ў Ватыкане правёў перамовы з высокімі службовымі асобамі і распавёў, як жыве цяпер у Польшчы.

«Здаецца, робіцца ўсё магчымае, я імкнуся падбадзёрваць сябе, давяраючы ўсё Богу, і быць разам з людзьмі, калі не фізічна, то духоўна. Іх малітвы і неабыякавасць, шматлікія віншаванні – усё гэта знак салідарнасці. Я – не пакінуты. Я са сваім народам, а народ са мной!» – заявіў арцыбіскуп.

Тадэвуш Кандрусевіч сказаў, што спадзяецца на дапамогу Святога Пасаду ў вырашэнні праблемы свайго вяртання ў Беларусь.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў Кандрусевіч заклікаў сілавікоў і пратэстоўцаў спыніць гвалт. Ён таксама звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай пачаць дыялог з грамадствам і вызваліць затрыманых.

31 жніўня без тлумачэння прычынаў яму адмовілі ва ўездзе ў Беларусь, калі ён вяртаўся са службовай паездкі ў Польшчу. Тадэвуш Кандрусевіч нарадзінец Беларусі, мае беларускае грамадзянства. Пазней Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што ён трапіў у спіс неўязных, які з’яўляецца агульным для Беларусі і Расеі, а Дзяржаўны памежны камітэт заявіў, што пашпарт Тадэвуша Кандрусевіча несапраўдны.

belsat.eu

Стужка навінаў