Сёння ў Менску пройдзе афіцыйны «Дзень вышыванкі»


2 ліпеня ў Менску пройдзе «Дзень вышыванкі».

Яго ладзяць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Міністэрства культуры і Менгарвыканкам. Імпрэза распачнецца а 12:00 на пляцоўцы каля менскага Палацу спорту.

«Галоўным сімвалам свята быў і застаецца беларускі арнамент – узор-шыфр, які здаўна стаў для беларусаў своеасаблівым абярэгам», – паведамляе на сваім сайце БРСМ.

У межах імпрэзы адбудзецца флэш-моб «Усе ў вышыванках». Тыя, хто прыйдзе на свята, змогуць паўдзельнічаць у сэлфі-фотаконкурсе. На пляцоўцы будуць працаваць фудкорт «Беларуская карчма», літаратурная гасцёўня «Смак роднай мовы», салон беларускага арнаменту «Родныя ўзоры», інтэрактыўныя экспазіцыі «Родны кут» і «Народныя гульні», дзіцячая пляцоўка. Рамеснікі запросяць на майстар-класы ў «Горад майстроў».

Улады праводзяць «Дзень вышыванкі» з 2016 года. Першапачаткова ідэя «Дня вышыванкі» нарадзілася ў некамерцыйнай арганізацыі «Арт-сядзіба», пазней яе пачалі выкарыстоўваць праўладныя актывісты. Раней у эфіры «Белсату» кіраўнік «Арт-Сядзібы» Павел Белавус выказваў меркаванне, што афіцыйны «Дзень вышыванкі» будзе нагадваць «Дажынкі».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў