Справу Андрэя Бандарэнкі вярнулі на дапрацоўку. Яму пагражае два дадатковых года турмы


Андрэй Бандарэнка.
Фота: mspring.online

9 лютага ў судзе Ленінскага раёну Магілёва адбываецца папярэдняе паседжанне па справе былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн» Андрэя Бандарэнкі.

Суд вярнуў крымінальную справу Бандарэнка на дапрацоўку ў пракуратуру

На папярэднім пасяджэнні суддзя Ланчава заявіла аб працэсуальных парушэннях з боку Следчага камітэта.

«Крымінальная справа ў дачыненні да Бандарэнкі была ўзбуджаная старшым следчым Магілёўскага міжраённага аддзелу Следчага камітэту Панасевічам і прынята ім да сваёй вытворчасці. 24 лістапада 2016 года па ўказанню следчага па асабліва важных справах першага следчага аддзялення Магілёўскага міжраённага аддзелу Следчага камітэту Капусты справа была прынята да сваёй вытворчасці следчым Рамановічам, у якога і знаходзілася да 30 лістапада 2016 года», – паведаміла суддзя.

Ланчава заявіла, што права даручаць правядзенне папярэдняга следства следчаму прадастаўлена толькі начальніку следчага падраздзялення. Паколькі следчы Капуста такім не з’яўляецца, справа была перададзеная з парушэннямі. Таму суддзя вынесла вырак – вярнуць крымінальную справу Андрэя Бандарэнкі пракурору на дапрацоўку.

На паседжанні прысутнічаў сам Бандарэнка і ягоны абаронца Вадзім Мушынскі. Бок абвінавачвання прадстаўляла пракурор Юлія Бокая.

Яшчэ да пасяджэння былы кіраўнік «Платформы Іннавэйшн» хадайнічаў аб дазволе для сваякоў і СМІ весці аўдыё, фота і відэа здымку пасяджэння, аднак пракурор забараніла.


Бандарэнку вінавацяць у парушэнні арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Андрэю Бандарэнку, які адбывае пакаранне ў турме N 4 Магілёва, пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Справа была распачатая Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэту па ініцыятыве адміністрацыі турмы, у аснову абвінавачвання пакладзеныя тры парушэнні, па якіх Андрэю Бандарэнку былі вынесеныя дысцыплінарныя спагнанні.

Першае з іх (вымова) было вынесенае за тое, што 5 траўня 2016 года ён нібыта ляжаў у дзённы час на ложку, што забаронена распарадкам дня. Андрэй Бандарэнка не пагадзіўся са спагнаннем і абскардзіў яго ў пракуратуры, пасля чаго была пададзеная скарга ў суд Ленінскага раёну Магілёва. Праваабаронца хадайнічаў запатрабаваць запісы з відэакамеры, усталяванай у памяшканні, дзе ён адбывае тэрмін. Аднак прадстаўнік турмы, які прысутнічаў на судовым працэсе заявіў, што запісы захоўваюцца толькі тры месяцы. Суд адмовіў у задавальненні скаргі з прычыны заканчэння тэрміну для звароту.

Справа былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн»

Другое спагнанне ў выглядзе 5 содняў штрафнога ізалятару было вынесенае за тое, што 25 траўня ў турэмным калідоры, пачуўшы пытанне «З якой камеры?», ён назваў нумар камеры, у якой адбывае пакаранне. Аказалася, што пытанне было зададзена не супрацоўнікам турмы, а іншым зняволеным. Адміністрацыя турмы палічыла дзеянні Андрэя Бандарэнкі «парушэннем мераў ізаляцыі».

Трэцяе спагнанне, якое лягло ў аснову распачатай крымінальнай справы супраць праваабаронцы (вымова), было вынесенае яму 6 кастрычніка за тое, што ён затрымаўся з дакладам, калі ў ягоную камеру ўвайшоў супрацоўнік турмы – гэта расцанілі як адсутнасць дакладу. У гэтае спагнанне было ўключана яшчэ адно «парушэнне» – некалькі канвертаў (іх у зняволенні клеіць А. Бандарэнка) падаліся кантралёрам няякасна склеенымі. Праваабаронца абскардзіў у судзе дадзенае спагнанне, але 19 снежня 2016 года суд Ленінскага раёну Магілёва пакінуў скаргу без задавальнення.

Чытайце таксама:

НМ/ДР belsat.eu паводле ПЦ «Вясна», mspring.online

Стужка навінаў