Сям’я памерлага пасля прышчэпкі немаўляці: «Проста прывезлі дзіця ў нейкай кардоннай скрыні»


Ілюстратыўнае фота gomel.today

У вёсцы Вялікія Круговічы ў Ганцавіцкім раёне пасля прышчэпкі памёр двухмесячны Кірыл Рабцэвіч. Праз дзевяць дзён пасля трагедыі ягоныя бацькі не ведаюць дакладнай прычыны.

Вынікі хімічнага аналізу, якія дазволяць зразумець, які кампанент прышчэпкі меў лятальны эфект для дзіцяці, стануць вядомыя толькі праз месяц.

Пра гэта belsat.eu паведаміла бабуля памерлага – Валянціна Заяц.

«Дзіця было абсалютна здаровае, у пасведчанні аб смерці пазначана «прычына не ўстаноўленая». Цяпер следчы кажа, што экспертыза зойме месяц, што столькі часу трэба, каб праверыць усе хімічныя кампаненты, якія былі ў ягоным арганізме. Мы не ведаем, ці сапраўды экспертызу робяць цэлы месяц… Бо мы ж у вёсцы жывем, нават не ведаем, да каго звяртацца проста па юрыдычную дапамогу», – гаворыць спадарыня Валянціна.

13 жніўня бацькі прынеслі хлопчыка на планавую вакцынацыю. Паводле слоў бабулі, гэта была прышчэпка ад паліемеліту – так ім сказалі ў мясцовым фельчарска-акушэрскім пункце (ФАП). Працэдуру праводзіла лекарка з Агарэвіцкай лабараторыі, якая адмыслова для гэтага прыехала ў Вялікія Круговічы.

Валянціна Заяц дадае: Кірылу зрабілі дзве прышчэпкі.

«Зусім кепска яму зрабілася пасля другой – стаў бледны, пачаў задыхацца… Што гэта за рэаніматолаг з 30-гадовым стажам, якая не змагла рэанімаваць дзіця? Чаму ў рэанімацыі не ведалі, што яму калолі? Потым мне распавядалі пра нейкую «трайчатку», але канкрэтную назву прэпарату, што быў у інʼекцыі, яны не могуць назваць!», – абураецца жанчына.

Яна таксам паскардзілася на адсутнасць увагі і спачування з боку раённых медыкаў.

«Калі ўсё здарылася, то галоўны лекар раённага шпіталю нават не прыехаў з Ганцачавічаў, не пацікавіўся. Ёсць адчуванне, што справа замінаецца, замоўчваецца. Дарэчы, ніхто з медработнікаў не прыйшоў на пахаванне 15 жніўня: ні патранажная сястра, ні лекар. Проста прывезлі дзіця ў нейкай кардоннай скрыні».

У гэты момант Валянціна Іосфаўна пачынае плакаць.

«Пакуль чакаем вынікаў – усе сядзім на таблетках, на супакойваючых», – тлумачыць яна.

***

Неўзабаве пасля смерці хлопчыка стала вядома, што пасля прышчэпкі ў тым жа ФАПе і ў той жа час у Вялікіх Круговічах трапіла ў рэанімацыю трохмесячная дзяўчынка. Прычына таксама не ўстаноўленая. Як заявіў тэлеканалу ОНТ спецыяліст Міністэрства аховы здароўя Валянціна Валчок, медыкі не звязваюць паміж сабой гэтыя два выпадкі.

Следчы камітэт працягвае расследаванне смерці Кірыла Рабцэвіча, вядуцца следчыя дзеянні.

«У рэанімацыі ён яшчэ маргаў вачыма». Што вядома пра смерць дзіцяці пасля прышчэпкі

KA, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары