«Сядзім без святла». У краме Symbal.by на працягу ўсяго дня знікае электрычнасць

Такое адбываецца ўпершыню за ўсе гады працы.

У будынку, дзе знаходзіцца крама Symbal.by, на працягу ўсяго дня знікае электрычнасць, піша ў Facebook ейны дырэктар Павел Белавус.

«Сядзім без святла. За ўсе гады працы такое ўпершыню», – кажа ён.

Нагадаем, што ў пятніцу 12 чэрвеня ў кур’ера Symbal.by канфіскавалі 419 цішотак з надпісам «ПСІХОЗ%». Праз гэты выпадак сёння бухгалтарка і курʼер крамы пайшлі на дадатковае апытанне ў падатковую інспекцыю.

Тыя самыя цішоткі «ПСІХОЗ%», крыніца: symbal.by

«Сёння мы падалі скаргі на імя пракурора Савецкага раёну і начальніка ГУУС Менску аб неправамерных дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі, якія спынялі, затрымлівалі і забіралі прадукцыю ў курʼера, а таксама хадайніцтва на імя начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Менску, аб пераліку колькасці затрыманых цішотак, бо лічбы ў пратаколе міліцыі некарэктныя і завышаныя», – патлумачыў Павел Белавус.

15 чэрвеня ў symbal.by была праверка з боку падатковай і РАУС Савецкага раёну Менску. Зараз супраць крамы вядзецца адміністрацыйны працэс па факту канфіскацыі ў кур’ера цішотак.

КТ belsat.eu

Hавiны