«Сядзеш, с*ка, на 15 содняў». Мянчанка пайшла паглядзець на фантаны, а аказалася ў аўтазаку


14 ліпеня Юлія з сябрамі выйшла ў цэнтр Менску паглядзець на новы фантан каля парку Янкі Купалы. Шпацыр скончыўся збіццём і бяссоннай ноччу ў Савецкім РУУСе. Дзяўчына распавяла belsat.eu пра першы досвед жорсткага затрымання, а таксама «злых» і «добрых» супрацоўнікаў АМАПу.

27-гадовая Юлія выйшла ў цэнтр Менску 14 ліпеня на прагулянку са знаёмымі. Да дзяўчыны прыехала сяброўка з ЗША, і кампанія з чатырох чалавек пайшла да новых фантанаў, адкрытых у сталіцы 3 ліпеня. Юля не лічыць сябе апалітычнай і абыякавай, але ў той дзень на пратэсты яна не збіралася.

«Мы бачылі людзей, якія пляскалі. Але мы ні ў чым не ўдзельнічалі. Мы гулялі па праспекце Незалежнасці. Ды там усе гулялі».

Людзі пляскаюць у далоні на праспекце Незалежнасці, 14 ліпеня.
Фота: ТК / Belsat.eu

Затрыманні пачаліся каля 22:00. Юлія спынілася на мосце, каб зрабіць фота, і пабачыла аўтазакі, якія ехалі ў бок цырку. Адно са спецаўтаў стала недалёка ад маладзёнаў.

«Было вельмі шмат людзей. Мы трымаліся за рукі, каб нас не раздзялілі. Да затрымання ніхто не быў гатовы. АМАПаўцы сказалі, каб мы не стаялі на месцы ды ішлі наперад, што нікога затрымліваць не будуць, але атрымалася іначай. Па рацыі аднаго з іх прагучала слова “браць”».

Юлія з сяброўкай у цэнтры Менску, 14 ліпеня. Фота суразмоўцы

«Гэта не праваахоўнікі, а баевікі»

Натоўп рушыў, і групу раздзяліла. Прыяцелька засталася збоку, а Юлю з парай сяброў прыціснулі да агароджы. Дзяўчына кажа, што ледзь здолела схаваць тэлефон. Іх атачыў больш за дзясятак сілавікоў.

«Я ўспомніла дакфільмы пра Беслан і Норд-Ост. АМАПаўцы паводзілі сябе як баевікі, якія захоплівалі невінаватых людзей».

Hавiны
«Я не адзін». Блогер распавёў пра сваё першае затрыманне
2020.07.15 20:04

Дзяўчына з цяжкасцю прыгадвае падзеі таго вечара. Яна бачыла, як АМАП паваліў на зямлю сябра Кірыла і пачаў біць па галаве, а ягонай дзяўчыне Ганне вырвалі пасму валасоў. Маладзёнаў раздзялялі ды моцна збівалі.

«Нам не паказалі пасведчанняў, не назваліся, сілавік прыціснуў мяне да агароджы каленам каля жывата. Я не магла дыхаць, не магла рухацца. Мне заломвалі рукі. Я ўжо не разумела, што адбываецца. Былі мужчыны, але яны не дапамагалі нам, хоць мы і крычалі. Пазней я зразумела, што гэта былі ціхары».

Затрыманне Юліі ды ейных сяброў 14 ліпеня. Скрыншот

«Будзеш задаваць пытанні, сядзеш, с*ка, на 15 содняў»

Юлію, як і большасць тых, хто трапіў пад разбор, у аўтазак цягнулі па зямлі, жорстка закінулі ў салон. Дзяўчына страціла прытомнасць.

«Адзін АМАПавец закрычаў, маўляў, яна адляцела. А другі адказаў: «Нічога, ачуняе ў аўтазаку». Мяне туды кінулі. Я папрасіла адкрыць форткі, бо задыхалася. Яны адмовілі, бо «не паложана». Я зноў пачала траціць прытомнасць, і вырашыла ўкусіць сябе за палец. Гэта мне дапамагло заставацца ў свядомасці».

Мірная акцыя ў Менску, 14 ліпеня. Удзельнік прагульваюцца цэнтральным праспектам.
Фота: ТК / Belsat.eu

Юлія з несхаваным жахам распавядае, што адбывалася ў перапоўненым аўтазаку. Кірыла, які ляжаў на падлозе, білі нагамі па руках.

«І чым больш ён абураўся, тым мацней яго збівалі. Ён гаварыў, што ў яго пашпарт ёсць, і за гэта яго білі яшчэ мацней. Мы спрабавалі яго супакоіць. А яны нам увесь час казалі: «Вы ведалі, куды ішлі».

Дзяўчына папрасіла дазволіць ёй папіць, але вады, якая была ў торбе сяброўкі, не атрымала.

«Адзін з іх сказаў: «Будзеш задаваць пытанні, сядзеш, с*ка, на 15 содняў». Толькі пазней іншы супрацоўнік АМАПу дазволіў папіць, сказаўшы: «У цябе ёсць толькі 60 секундаў».

Праз затрыманні 14 ліпеня ў Менску прайшлі больш за 100 асобаў.
Фота: Аліса Ганчар / «Белсат»

Юлія дзеліцца ўспамінамі з аўтазаку. Дзяўчына прыпамінае, як мужчыну, які ляжаў на падлозе, збівалі нагамі па галаве. Хлопцу з астмай, які кашляў і прасіў падыхаць паветрам, адмовілі, як і ўсім, каму была патрэбная медычная дапамога. Ад сілавікоў яны пачулі адно: дапамагаць вам ніхто не будзе, насіце таблеткі з сабой.

Паводле мянчанкі, усіх затрыманых паставілі ў аўтазаку на калені з рукамі за галавой. Пад канвоем іх пераводзілі з аднаго аўтобусу ў іншы, пільнавалі, каб ніхто не збег. У другім аўтазаку, кажа Юлія, было яшчэ горш.

«Там былі спецыяльны адсекі, меншыя, чым метр на метр [верагодна, дзеўчына кажа пра «стакан». – Belsat.eu]. Нас запхалі з Аняй туды ўдзвюх. Пазней нас перавялі да іншых дзвюх дзеўчын, я стаяла адной нагой на падлозе, бо не было месца. Там цёмна і няма чым дыхаць, нельга паварушыцца».

https://www.facebook.com/BELSAT.TV/videos/910353952761726/

«Добрыя» і «злыя» амапаўцы

Агулам у тую ноч, кажа Юлія, затрымалі чатырох дзеўчын. Новых каляжанак у бядзе схапілі на прыпынку грамадскага транспарту, дзе тыя чакалі аўтобус.

У Савецкім РУУС большасць часу ўсіх трымалі тварам да сцяны і на каленях, у туалет не пускалі і піць не давалі. Дзяўчыне ўдалося выпрасіць адзін кубак вады толькі таму, што ў яе нямелі канцавіны. На чатырох дзяўчат было дзве кофты, якія яны надзявалі па чарзе.

Hавiны
«Толькі адзін адмовіўся збіваць». Мянчук трапіў у аўтазак за пытанне інспектару ДАІ
2020.06.26 15:01

Пасля трэцяй гадзіны ночы «злых» амапаўцаў змянілі «добрыя». Яны дазвалялі прысесці ці засунуць рукі ў кішэні ды рабілі выгляд, што нічога не заўважаюць. Усю ноч побач праязджалі аўты, з якіх людзі выкрыквалі словы падтрымання.

«Яны крычалі: «Пацаны, трымайцеся, мы з вамі!» А ў пастарунку міліцыянты праглядалі відэа затрыманняў у блогах і тэлеграмах. Адзін інспектар ДАІ сказаў, маўляў, задзяўбалі сігналіць. Да нас прывезлі жанчыну, хіба нецвярозую, не з акцыі, але нават у яе быў шок! Яна кажа: «Вы што, прывезлі мяне расстрэльваць? Пастаўце мяне побач і расстраляйце разам з імі!»

Hавiны
Мянчанцы, якая ездзіла на самакаце і трапіла ў аўтазак, вынеслі папярэджанне
2020.06.30 15:12

Юлію выпусцілі адной з апошніх, а пятай раніцы. Копіі пратаколу на рукі не далі, матывуючы гэта тым, што вядзецца правяранне паводле ўнутранай справы, але якой – не патлумачылі.

«Пратаколы былі пад капірку. Я папрасіла даць прачытаць, але яны нават гэтага не зрабілі. Я папрасіла патлумачыць, што за артыкул, што я падпісваю, а міліцыянт кажа: выйдзеш, купіш кнігу і перад тым, як выходзіць на вуліцу, вывучыш законы. Але нас гэтым не запужаць».

Юлія кажа, што ўжо трэці дзень не можа нармальна функцыянаваць.

«Найлепшы сродак пахудзець – трапіць у рукі амапаўцаў», – паўжартам кажа яна.

14 ліпеня падчас мірнай акцыі супраць нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы як кандыдатаў на прэзідэнцтва сілавікі затрымалі каля 300 чалавек. МУС назваў пратэст самавольствам, а грамадзянаў, якія выйшлі на вуліцы па ўсёй краіне, нешматлікім, але агрэсіўным натоўпам, выведзеным правакатарамі з Кіева і Варшавы. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце парушэння грамадскага парадку.

Чытайце таксама:

Дар’я Курачкіна belsat.eu

Стужка навінаў