Сябра Лукашэнкі Гуцарыеў завяршае будаўніцтва ў Беларусі горна-абагачальнага комплексу


На базе Старобінскага радовішча калійных соляў працягваецца стварэнне Нежынскага горна-абагачальнага комплексу. Комплекс будзе другім па ліку прадпрыемствам у Беларусі па здабычы калійнай руды і вытворчасці калійных угнаенняў магутнасцю да 2 мільёнаў тон хларыду калію ў год.

Інвестпраект прадугледжвае будаўніцтва горназдабыўчага комплексу, абагачальнай фабрыкі, электрастанцыі, чыгуначнай, аўтадарожнай, жыллёвай і іншай інфраструктуры. Агульны кошт інвестпраекту – 2 мільярды долараў ЗША. Тэрмін уводу ў эксплуатацыю пазначаны на пачачак 2020 году.

Нежынскі горна-абагачальны комплекс з’яўляецца найбуйнейшым у Беларусі інвестпраектам, які рэалізуе ЗТАА «Славкалій».

«У сувязі з больш познім засваеннем інвестыцыяў па гэтым праекце інвестар звярнуўся ва ўрад з прапановай павялічыць тэрміны выбаркі сродкаў і, адпаведна, некалькі зрушыць тэрміны ўводу абʼекта ў эксплуатацыю. Сёння мы сустрэліся з інвестарам, каб высветліць, наколькі абгрунтавана змяненне тэрмінаў і якія рызыкі для рэалізацыі інвестпраекту яно нясе », – растлумачыў прэмʼер-міністр краіны Сяргей Румас.

У асноўным на абʼекце працуюць беларускія будаўнікі і нямецкія наладчыкі абсталявання.

«Мы змаглі пераканацца, што графік работ выконваецца і няма нейкіх перашкодаў для таго, каб у агучаныя інвестарам тэрміны абʼект быў уведзены ў эксплуатацыю», – сказаў кіраўнік ураду.

Паводле яго ацэнкі, з запускам Нежынскага ГАКа Беларусь стане больш значным гульцом на сусветным рынку калію.

«Больш за тое, атрыманыя тут калійныя ўгнаенні будуць прадавацца праз адзінага трэйдэра – Беларускую калійную кампанію, што таксама дазволіць ёй стаць больш значным гульцом на рынку. Калійныя ўгнаенні, якія будуць вырабляцца на Нежынскім ГАК, характарызуюцца вельмі высокай якасцю. Рынак калійных угнаенняў знаходзіцца на ўздыме, мы бачым, што новыя кантракты заключаюцца па больш высокай цане і, вядома, спадзяемся, што гэты інвестпраект унясе свой уклад у развіццё краіны», – адзначыў прэмʼер-міністр.

Па словах старшыні рады дырэктараў ЗТАА «Славкалій» Міхаіла Гуцырыева, Нежынскі ГАК будзе сучасным і эфектыўным.

«У прынцыпе, усё ідзе, як мы жадалі. Гэта такі абʼект, што і спяшацца, і спазняцца нельга, ісці лепш па графіку, каб праектная дакументацыя адпавядала тэрмінам будаўніцтва, а якасць прац была на высокім узроўні», – сказаў ён.

Дзякуючы інвестыцыям тут будзе створана каля 2,5 тысячаў працоўных месцаў, прадугледжана будаўніцтва пяці жылых дамоў у Любані.

ВІДЭА
Лукашэнка павіншаваў алігарха Гуцэрыева з юбілеем. Топ-7 фактаў пра расейскага сябра кіраўніка Беларусі
2018.03.09 13:33

СК belsat.eu

Стужка навінаў