Святлана Ціханоўская заклікала працаўнікоў СІЗА праявіць чалавечнасць і гуманнасць


Валанцёры, якія чакалі Святлану, каб зрабіць сумеснае фота.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Святлана Ціханоўская звярнулася да працаўнікоў следчага ізалятара, дзе ўжо больш за два месяцы знаходзіцца яе муж Сяргей Ціханоўскі.

Святлана Ціханоўская канстатуе, што, нягледзячы на фізічныя і маральныя пакуты ў СІЗА, Сяргей «працягвае трымацца мужна і стойка».

«Наколькі я ведаю, следчых дзеянняў з ім не праводзіцца ўжо больш за месяц, нядаўнія суды па другой скарзе на спагнання ў СІЗА і на падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай прайшлі без ягонага ўдзелу. Адвакаты бываюць у яго некалькі разоў на тыдзень, і тое, што я даведаюся ад іх, мяне і цешыць, і трывожыць. Радуе тое, што ён не зламаўся і не губляе свайго дару быць пазітыўным і энергічным у любой сітуацыі. Вельмі важна для мяне, што што ён давярае мне і падтрымлівае любое маё рашэнне», – падкрэслівае яна.

Суд над Ціханоўскім 1 ліпеня ў Горадні. Фота «Белсат»

Паводле Ціханоўскай, яе муж ужо месяц сядзіць у вельмі маленькай камеры, дзе мала паветра і можна зрабіць толькі некалькі крокаў. Яна папрасіла неабыякавых людзей пакуль нічога не перадаваць Сяргею, таму што ліміт кілаграмаў перадач апынуўся вычарпаны і прадукты захоўваць няма дзе. Але Святлана заклікала падтрымаць мужа лістамі і паштоўкамі.

«Да службовых асобаў і супрацоўнікаў, ад якіх залежаць умовы ўтрымання і становішча майго мужа ў СІЗА, хачу звярнуцца з просьбай: рабіце сваю працу правільна, сумленна і па законе, праявіце чалавечнасць і гуманнасць. Вельмі шмат беларусаў любяць і паважаюць Сяргея Ціханоўскага, і для іх не абыякава, як да яго ставяцца ў СІЗА, дзе ён пакуль зачынены», – падкрэслівае яна.

Ціханоўская дадае, што за кратамі знаходзяцца і іншыя палітвязні. «Дамагчыся іх вызвалення – гэта наша агульная і самая першая задача», – адзначыла Святлана.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў