Святлана Ціханоўская выступіла на слуханнях у Радзе Бяспекі ААН


Святлана Ціханоўская праз відэасувязь выступіла з дакладам на сустрэчы ў Радзе Бяспекі ААН і заклікала даслаць у Беларусь маніторынгавую місію.

Ціханоўская адзначыла, што Беларусь цяпер ахопленая пратэстамі, мірных грамадзянаў незаконна затрымліваюць, збіваюць і саджаюць у турмы. Людзі патрабуюць спыніць гвалт, вызваліць палітвязняў і правесці свабодныя выбары. Галоўная перашкода для выканання гэтых патрабаванняў – Аляксандр Лукашэнка, які «адчайна чапляецца за ўладу».

Паводле Ціханоўскай, рэжым Лукашэнкі «маральна збанкрутаваны», «юрыдычна сумнеўны» і не можа больш прадстаўляць Беларусь.

Ціханоўская заклікала ААН асудзіць гвалт з боку сілавікоў, склікаць спецыяльную сесію Рады ААН у пытаннях правоў чалавека для абмеркавання сітуацыі ў Беларусі і накіраваць у Беларусь міжнародную маніторынгавую місію.

Паводле Ціханоўскай, супраца з рэжымам спадара Лукашэнкі ў гэты момант азначае падтрымку гвалту і грубага парушэння правоў чалавека. Яна лічыць, што міжнародная супольнасць мусіць выкарыстаць усе механізмы для спынення гвалту, у тым ліку санкцыі супраць асобаў, адказных за злачынствы.

Таксама на паседжанні Рады Бяспекі выступілі спэцдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч і юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Саховіч.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў