Святлана Ціханоўская пракаментавала візіт Фазэля ў Беларусь


Візіт Рэнэ Фазэля ў Менск паказаў непаслядоўнасць, якая можа нашкодзіць рэпутацыі Міжнароднай федэрацыі хакею (IIHF). Такую думку агучыла Святлана Ціханоўская ў сваім Telegram-канале

Святлана Ціханоўская пракаментавала візіт у Беларусь кіраўніка Міжнароднай федэрацыі хакею Рэнэ Фазэля і ягоную сустрэчу з Лукашэнкам. Экс-кандыдатка на прэзідэнцтва лічыць, што спартовае свята не можа адбывацца ў краіне, дзе палітвязні сядзяць у карцарах за некалькі кіламетраў ад лядовых арэнаў.

«Швейцарац Фазэль мог бы абараняць грамадзянку Швейцарыі Наталлю Хершэ, якую «сумленны суд» прысудзіў да 2,5 года зняволення за тое, што яна сарвала балаклаву з амапаўца. Замест гэтага ён марудзіць з заявамі і ставіць пад сумнеў павагу да беларускага народу.

Я ведаю, што многія хакеісты, зборныя і федэрацыі краінаў не збіраюцца ехаць на чэмпіянат, які ёсць шырмаю для прававога дэфолту, катаванняў і забойстваў. Для іх, як і для нас, свабода, чалавечая годнасць і закон важнейшыя за любыя пасады і ўзнагароды. Чэмпіянат павінен быць перанесены з Менску. У адваротным выпадку я заклікаю ўсе нацыянальныя федэрацыі яго байкатаваць», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Фазэль і Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

Абураны сустрэчай Лукашэнкі і Фазэля Беларускі фонд спартовай салідарнасці (BSSF). У фондзе адзначаюць, што супольна з беларускім народам і сусветнай дэмакратычнай супольнасцю заклікаюць кіраўніцтва IIHF «бліжэйшым часам абвясціць пра немагчымасць правядзення ЧС у Беларусі з прычыны грубага парушэння правоў чалавека і ўсіх агульначалавечых прынцыпаў з боку рэжыму Лукашэнкі».

Акрамя таго, фонд настойвае на правядзенні расследавання і прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці кіраўніка Федэрацыі хакею Беларусі Дзмітрыя Баскава, якога грамадзянская супольнасць абвінавачвае ў забойстве Рамана Бандарэнкі.

Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакею Рэнэ Фазэль сустрэўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам. Падчас сустрэчы ён паскардзіўся на ціск на федэрацыю з прычыны праблемаў у Беларусі.

Раней шэраг палітыкаў заявілі, што правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі немагчымае. Палітыкі і спартоўцы заклікаюць афіцыйны Менск спыніць гвалт супраць свайго народу.

Hавiны
Міжнародная федэрацыя хакею распачала расследаванне датычна Дзмітрыя Баскава
2020.12.27 17:24

СК belsat.eu

Банер у падтрымку незалежных журналістаў
Стужка навінаў