Святлана Ціханоўская абвесціла новыя правілы правядзення выбараў


Экс-кандыдатка на прэзідэнцтва Беларусі на сваёй афіцыйнай старонцы апублікавала канцэпцыю новых выбараў. У ёй яна абяцае правесці выбары за 60 дзён максімум.

Святлана Ціханоўская разам са сваёй камандаю падрыхтавала новую канцэпцыю выбараў. Паводле беларускага заканадаўства, новыя датэрміновыя выбары могуць быць праведзеныя ў выпадку добраахвотнай адстаўкі прэзідэнта, вызвалення або зрушэння прэзідэнта з пасады парламентам.

Святлана Ціханоўская у памяшканні штабу Віктара Бабарыкі ў Менску. Фота з Інстаграм

Новыя выбары павінны прайсці мінімум праз 30 дзён, а максімум – праз 70 дзён пасля адкрыцця «вакансіі» прэзідэнта. У цяперашніх рэаліях, адзначаецца на старонцы Ціханоўскай, падрыхтоўка да выбараў можа заняць ад 45 да 60 дзён.

Каб правесці сумленныя выбары, не трэба мяняць Выбарчы кодэкс. Варта толькі змяніць інструкцыю па ягоным ужыванні.

Вось якія прынцыпы прапаноўвае офіс Святланы Ціханоўскай, каб правесці новыя выбары:

  1. Даць назіральнікам доступ да ўсіх этапаў выбараў: ад вылучэння сябраў выбарчых камісіяў да падліку галасоў.
  2. Павысіць прыярытэт мясцовых супольнасцяў (дваравых / дамавых) у складзе выбарчых камісіяў.
  3. Змяніць мэты працы камісіяў з пошуку несапраўдных подпісаў на пошук сапраўдных.
  4. Інтэрпрэтаваць сумнеўныя выпадкі на карысць прэтэндэнтаў з выбарцамі, якія аддалі подпісы ў іх падтрымку.
  5. Правяраць подпісы публічна.
  6. Распрацаваць больш дэталёвую форму пратаколаў для ўліку атрыманых, выдадзеных і запоўненых бюлетэняў на ўсіх этапах і для ўсіх формаў галасавання (датэрміновае, хатняе, на ўчастку).
  7. Абмежаваць датэрміновае галасаванне і дазволіць назіральнікам выконваць свае функцыі бесперашкодна і без перапынку ў перыяд датэрміновага галасавання, і / або абсталяваць участкі неабходнымі сродкамі для кругласутачнай відэафіксацыі.
  8. Увесці правіла адкрытага і публічнага падліку галасоў: кожны бюлетэнь паказваецца ўсім сябрам камісіі і ўсім назіральнікам, пры гэтым на ўвесь голас агучваецца, за каго пададзены голас.
  9. Увесці правіла вывешваць пратаколы без замаруджвання. І стварыць тэхнічнае рашэнне, каб усе пратаколы публікаваліся на сайце ЦВК.
  10. Не перашкаджаць назіральнікам праходзіць акрэдытацыю і назіраць за выбарамі. Усіх зарэгістраваных назіральнікаў дапусціць на ўчасткі з захаваннем ахоўных мер ад COVID-19. Даць ім магчымасць запісваць аўдыё і відэа на ўчастках, не парушаючы пры гэтым тайну галасавання.
Hавiны
Святлана Ціханоўская і яе каманда распавялі, што будзе з МУС і хто можа стаць пасярэднікам у перамовах з рэжымам
2020.12.07 10:24

Офіс Святланы Ціханоўскі перакананы, што ўнясенне гэтых правілаў у палажэнні і інструкцыі новага ЦВК дазволіць правесці сумленныя і свабодныя выбары прэзідэнта Беларусі.

Нагадаем, што перадвыбарная праграма Святланы Ціханоўскай складала з трох пунктаў: вызваліць палітзняволеных, арганізаваць новыя сумленныя выбары, захаваць стабільнасць у краіне падчас пераходнага перыяду.

  • Паводле ацэнак праваабаронцаў, сёлетнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі ў атмасферы запалохвання і страху.
  • Толькі да дня галасавання больш за тысячу чалавек былі затрыманыя і аштрафаваныя або асуджаныя на адміністрацыйныя тэрміны.
  • На 23 чалавек былі заведзеныя крымінальныя справы, сярод іх – кандыдаты на прэзідэнта.
  • Таксама праваабаронцы адзначаюць, што выбарчы працэс не адпавядаў нормам.
  • Паводле звестак ЦВК, на прэзідэнцкіх выбарах-2020 перамог Аляксандр Лукашэнка з вынікам 80,1 %. Другое месца заняла Святлана Ціханоўская – за яе прагаласавала 10 % выбарцаў.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў