Свята ў вёсцы, «час Чэ» і 37 тысяч подпісаў. Як праходзяць кампаніі малавядомых патэнцыйных кандыдатаў?

Заявы Цапкалы і Бабарыкі амаль штодня цытуюцца медыямі, на пікеты Ціханоўскага прыходзяць тысячы людзей, спарынг-партнёр Гайдукевіч наагул зняўся з выбараў. Тым часам няшмат вядома пра дзейнасць іншых патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцтва, чые ініцыятыўныя групы зарэгістравала ЦВК.

Мы распыталі прадстаўнікоў чатырох не самых вядомых шырокай грамадскасці кампаніяў, чым тыя збіраюцца прываблівасць падпісантаў і ці насамрэч разлічваюць выйсці ў фінал.

Наталля Кісель: Сабралі больш за 37 тысяч подпісаў

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Наталлі Кісель – Сяргей Штода – заявіў belsat.eu, што з пачатку кампаніі за прадпрымальніцу падпісаліся больш за 37 тысяч разоў.

Наталля Кісель. Фота: 8region.by

«Сёння па стане на 12-ю гадзіну мне паведамілі, што 37 з нечым тысяч подпісаў было. У нас дзень нармальна, дзень не вельмі. Ёсць некаторыя раёны, якія своечасова не дасылаюць лічбы», – распавёў ён.

Штода (які ўзначальвае каардынацыйны савет Асацыяцыі грузаперавознікаў) тлумачыць: асноўную частку подпісаў збіраюць «на трасах і на межах ля КПП».

«Мы прынцыпова не будзем ставіць пікеты ў такіх месцах як Камароўка, таму што ў многіх у падсвядомасці, што раз прэзідэнцкія выбары або парламенцкія – абавязкова пікет павінен быць ля Камароўкі. А вось мы гэтага рабіць не будзем ні разу!», – кажа ён.

Запытваем, ці будзе пікет у Менску бліжэйшым часам.

«У Менску мы сплануем не тое, што пікет, а так, пагутарыць…Мы вось сёння з Наташай на Серабранцы заходзілі ў «Васількі» паабедаць, выйшлі і на ўваходзе зладзілі невялікую акцыю, да нас людзі падыходзілі. А так у нас подпісы збіраюць онлайн пастаянна».

Металіст, фермер, былы банкір і ўсе, усе, усе, каму Ярмошына дазволіла збіраць подпісы

Паводле Штоды, толькі за выходныя ён асабіста ў сваім раёне сабраў 260 подпісаў суседзяў. Як удалося дасягнуць такой лічбы пры тым, што ў ініцыятыўную групу ўваходзяць усяго 146 чальцоў?

«У нас 146 толькі афіцыйных чальцоў ініцыятыўнай групы, але ў нас ёсць неафіцыйныя. Гэта кіроўцы і таму падобнае. Вось мне кажуць «нельга», а я пытаюся: «Ну хто ў цябе запытвае тое пасведчанне [чальца ініцыятыўнай групы], якое ляжыць невядома дзе!» Праходзіць чалавек, бачыць, збіраюць подпісы, яму ўсё роўна ёсць у цябе пасведчанне або няма», – сцвярджае Штода.

Фота: Сяргей Штода

Запытваем, дзе канкрэтна ў Менску адбываецца збор подпісаў валанцёрамі, Сяргей Штода просіць не называць месца.

«Мы не хочам прыцягваць увагу, каб нам не перашкаджалі», – дадае ён.

Аляксандр Таболіч: «Нефармалы» і шчаслівы нумар 13

Тату-майстар Алесь Таболіч, які раней казаў, што зарэгістраваўся «па прыколе» (ягонае поўнае імя – Аляксандр Рыгоравіч), цяпер плануе пікеты не толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. Ягоная ініцыятыўная група самая маленькая з усіх: толькі 116 чалавек.

Алесь Таболіч. Фота – Наша Ніва

Сказаць, колькі подпісаў ужо сабрана, Таболіч пакуль не можа.

«Ведаеце, у нас ініцыятыўная група больш нефармальная – кожны чалавек узяў на сябе адказнасць… Мы проста павінны потым сабрацца на тыдні і высветліць, колькі рэальна сабрана гэтых подпісаў. На дадзены момант мы плануем паехаць папрацаваць у рэгіёны – у Гомельскую вобласць, а ў панядзелак правесці пікет у Менску на Каменнай Горцы»

Пакуль каманда Таболіча правяла ўсяго адзін пікет – у мінулую нядзелю ля Камароўскага рынку, дзе сабраліся тысячы ахвотных падтрымаць Святлану Ціханоўскую.

«Я па прыколе вылучыўся і, як мне падаецца, па прыколе мяне і зарэгістравалі. А калі Ярмошына сказала, што нумар 13, пад якім я ішоў, ёй падабаецца, я падумаў: чаму б мне не весці далей сваю палітыку культурную і рабіць усе намаганні, каб усё ж такі збіраць подпісы да канца», – разважае Таболіч.

Ён прызнае, што «набраць 100 тысяч подпісаў амаль што немагчыма», але працягвае збіраць валанцёраў, якія дапамаглі б яму дасягнуць гэтай мэты.

Алесь Таболіч пра Крым, творчыя пікеты і нацыянальную ідэю

Юрый Ганцэвіч: Верталётная пляцоўка для Лукашэнкі

Фермер Юрый Ганцэвіч – 44-гадовы беспартыйны ўласнік аграсядзібы «На вадзе», што ў аграгарадку Пакалюбічы на Гомельшчыне – інтэрв’ю журналістам цяпер раздае не вельмі ахвотна. Раней ён заяўляў, што збіраецца быць «запасным варыянтам Ціханоўскага», бо іхныя пазіцыі супадаюць. У ягоную ініцыятыўную групу ўваходзяць 173 чалавекі.

Ганцэвіч называе сябе «народным дэпутатам», а звароты да прыхільнікаў ён публікуе на сваім ютуб-канале «Прыгоды казы Машкі».

У адным з апошніх відэа блогер запрасіў Аляксандра Лукашэнку на свае пікеты па зборы подпісаў, якія пройдуць у Пакалюбічах на выходных. Мэта – прадэманстраваць яму свае поспехі ў сферы аграэкатурызму. Ён паабяцаў «культурнае свята з конкурсамі і разнастайнымі забавамі».

«Для вас будзе падрыхтаваная верталётная пляцоўка. Я гатовы прадставіць усе падрабязнасці і план мерапрыемства для больш дэтальнага абмеркавання. Сардэчна запрашаю вас, Аляксандр Рыгоравіч, і вельмі спадзяюся пабачыць вас на маім пікеце і раздзяліць са мной гэтае свята», – заявіў Ганцэвіч.

На просьбу карэспандэнта нашага тэлеканалу пагутарыць пра ягоную кампанію, Юрый Ганцэвіч адказвае: «Усе перамовы будуць на маіх пікетах – у пятніцу, суботу і нядзелю. А цяпер у мяне няма часу размаўляць, я кароў па полі ганю». Пасля гэтага фермер паклаў слухаўку, не развітваючыся.

Сяргей Чэрачэнь пра Шушкевіча, «Час Чэ» і літоўскі прыклад

Каманда Сяргея Чэрачня: Едзем у рэгіёны

Старшыня партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» Сяргей Чэрачань са сваёй камандай раней абвясцілі, што разлічваюць выстаўляць па 46 пікетаў штодня па ўсёй Беларусі. Першы пікет прайшоў 21 траўня ля Камароўскага рынку ў Менску. Ініцыятыўная група налічвае 1 127 чалавек.

Адзін з лозунгаў кампаніі Чэрачня – «Час перамен! Час ЧЭ!». Аднайменны ютуб-канал быў створаны яшчэ напрыканцы красавіка – цяпер там 7 відэаролікаў і каля 180 падпісчыкаў. Да таго ж, Чэрачань стварыў уласны сайт, дзе можна даведацца ягоную біяграфію, азнаёміцца з папярэдняй перадвыбарчай праграмай і запоўніць анкету валанцёра.

«На дадзены момант мы яшчэ не падбівалі агульную лічбу сабраных подпісаў, але апошнія лічбы па стане на 25 траўня былі недзе каля 10 тысячаў», – сказаў прэс-аташэ Чэрачня Алег Чумакоў.

Паводле яго, пікеты былі праведзеныя ва ўсіх абласных цэнтрах і ў шматлікіх раённых – «ад 20 да 30 пікетаў».

«Магчыма, цяпер працуюць не ўсе заяўленыя пікеты, але, наколькі я ведаю, стартавалі яны ва ўсіх месцах, дзе анансаваліся».

У бліжэйшыя ў Менску пікетаў не плануецца – каманда паехала ў рэгіёны. У сераду ў Берасці подпісы пачалі збіраць а 14-й гадзіне. А ў чацвер Сяргей Чэрачань будзе асабіста прысутнічаць на пікетах у Рэчыцы (а 11.00) і ў Гомлі (а 16.00). Наступным разам каманда Чэрачня падлічыць подпісы 28 траўня.

***

Нагадаем, у траўні ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Выбары прэзідэнта ў Беларусі запланаваныя на 9 жніўня.

Сотні метраў чаргі ды гадзіны чакання. У Менску збіралі подпісы патэнцыйныя кандыдаты на прэзідэнцтва. ВІДЭА

КА belsat.eu

Hавiны