«Знайшлося двое ахвотных, толькі за грошы і адгулы». Праўладны мітынг адмянілі «праз каронавірус»


На гэтыя выходныя ўлады планавалі сабраць грандыёзны мітынг, на які зганялі працаўнікоў дзяржпрадпрыемстваў з усёй краіны, аднак у выніку адмянілі акцыю. На стэле, плошчы Незалежнасці і Кастрычніцкай плошчы праводзілі падрыхтоўчыя працы, мантаж адмысловай сцэны, але 23 кастрычніка пачалі ўсё разбіраць.

Сёння Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён не прыхільнік правядзення «маштабнага мітынгу». Паводле яго, з усёй краіны на мерапрыемства выказалі жаданне прыбыць каля 250–300 тысячаў чалавек, але з прычынаў бяспекі ён супраць збору людзей. Яшчэ адна афіцыйная прычына – каронавірус.

На плошчы Незалежнасці разбіраюць сцэну, якую рыхтавалі для праўладнага мітынгу 25 кастрычніка.
Фота: ТК / «Белсат»

Верыцца ў такое тлумачэнне з цяжкасцю, бо да апошняга чыноўнікаў не бянтэжылі дадатковыя цягнікі з абласных цэнтраў і спецыяльна арандаваныя аўтобусы, якія меліся звазіць удзельнікаў мітынгу ў сталіцу. Ініцыяваў правядзенне мітынгу кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Ён заклікаў прыходзіць на акцыю, каб «паказаць, хто сёння ў краіне кіраўнік». Хутчэй за ўсё, улады зразумелі, што масавасці на імпрэзе чакаць не варта – большасць, нягледзячы на пагрозу звальненняў і прапанаваныя адгулы, адмаўлялася ад удзелу.

Рабочыя, якія цяпер разбіраюць дэкарацыі да лукашэнкаўскага мітынгу, сказалі карэспандэнту «Белсату» наступнае:

«Нічога не будзе праз каронавірус. Учора яго не было, а сёння ёсць! Ноччу ставілі сцэну, а цяпер збіраем назад».

На плошчы Незалежнасці разбіраюць сцэну, якую рыхтавалі на праўладны мітынг 25 кастрычніка.
Фота: ТК / «Белсат»

«Далі адбой, прычынаў не патлумачылі»

Адмяніць збор працаўнікоў ля стэлы – такое распараджэнне атрымала адна з дзяржаўных сетак грамадскага харчавання, якая мелася абслугоўваць імпрэзу.

«Далі каманду «адбой», прычынаў не называюць. Ходзяць чуткі, што баяцца зліцця двух мітынгаў у адзін», – паведамляе крыніца belsat.eu на прадпрыемстве. Што цікава, раней працаўнікі сеткі атрымалі каманду рыхтавацца да імпрэзы загадзя – з 2-й гадзіны ночы з суботы на нядзелю.

Паводле нашай крыніцы, кіраўніцтва вельмі педантычна падышло да ўкладання святочнага меню.

«Даходзіла да маразму. Кожны пункт меню ўхвалялі зверху. Возьмем бутэрброд з салам і гурком. Кіраўніцтва не задаволіла мясная праслойка. Загадалі выразаць мяса, бо інакш сала нагадвала бел-чырвона-белы сцяг. Любы намёк на бел-чырвона-белыя колеры забаронены».

Праўладны мітынг каля помніка «Беларусь партызанская» (ст. м. Магілёўская). 19 жніўня, 2020 г. Менск, Беларусь.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Пры тым большасць працаўнікоў адмаўлялася ісці на кірмаш, матывуючы гэта захадамі бяспекі.

«Кіраўніцтва разумее, што людзі незадаволеныя і не хацелі туды ісці. Ім гаварылі «прыходзьце адпачыць», дазволілі нават піць алкаголь. Вядома, неафіцыйна. Адным словам, пейце, ежце, танчыце, але работнікі сказалі, што гэта небяспечна. Маўляў, як мы будзем глядзець у вочы людзям? А калі прыйдуць з іншага мітынгу? Ім сказалі, што будуць ахоўваць, будуць спецыяльна навучаныя людзі. Хто – не ўдакладнілі».

«Знайшлося 2 чалавекі, толькі за грошы і адгулы»

Ахвотных паўдзельнічаць у праўладным мітынгу збіралі ў менскай арганізацыі «Белліфт» – за адгул ці дадатковую аплату. Аднак сёння раніцаю прайшла нарада ў выканкаме, пасля якой дырэктар па ідэалогіі паведаміў працаўнікам, што ўсё адмяняецца.

«Дзякуй за ўдзел у падрыхтоўцы да правядзення нядзельнага мерапрыемства, з пэўных прычынаў удзел нашага прадпрыемства скасоўваецца, усё адмяняецца». Учора ўсім паведамілі, што з кожнай брыгады трэба 1–2 чалавекі (за адгул і аплату), усё гэта гаварылася ў вуснай форме.

Бліжэй да канца дня з аднаго ўчастку знайшлося 2 чалавекі, толькі за грошы і адгулы (гэта 100 %). На астатніх участках – такая ж статыстыка. Рабочыя ў большасці адмовіліся», – напісаў нам чытач.

Акцыя прыхільнікаў палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.
Фота: ТК / «Белсат»

36 вагонаў і АМАП у дадатак

У рэдакцыю звярталіся чыгуначнікі з Магілёва, Горадні ды Віцебску. Паводле іхнае інфармацыі, на выходныя з кожнага з абласных цэнтраў планавалі па два дадатковыя цягнікі – 18 вагонаў кожны.

«У кожным вагоне – 40 месцаў мінімум. Нам сказалі пра тое, што едзем, – толькі ўчора ўвечары. Адмовіцца не далі, паставілі перад фактам, маўляў, «трэба было раней думаць». Змушаюць працаваць тых, у каго выходны. Прыходзіцца пераступаць праз сябе. Таксама нам сказалі, што з намі паедзе АМАП, але навошта – не тлумачылі», – распавядае нам працаўнік чыгункі з Горадні.

На плошчы Незалежнасці разбіраюць сцэну, якую рыхтавалі для праўладнага мітынгу 25 кастрычніка.
Фота: ТК / «Белсат»

Паводле яго, настроі ў калектыве няўхвальныя. Брыгада адмаўлялася фармаваць склад цягніка, бо ўсе выступаюць супраць.

«Каронавірус іх не непакоіў. Прэміяў і даплатаў нават не прапаноўваюць. Сёння паступіла інфармацыя, што рэйсы адмяняюць. Увесь калектыў усцешаны».

«На мітынг ідуць 5–6 чалавек – жонкі сілавікоў»

На мітынг за Лукашэнку збіралі выхавальнікаў дзіцячых садкоў. У чацвер, паводле крыніцаў «Белсату», у Менску адбыўся сход усіх загадчыкаў дзіцячых садоў сталіцы.

Акцыя прыхільнікаў палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.
Фота: ТК / «Белсат»

«Пасля загадчыца дзіцячага садка № 565 у Фрунзенскім раёне сабрала ўсіх работнікаў і сказала, што ўсе ў абавязковым парадку мусяць у нядзелю выйсці на праўладны мітынг. Пагражалі звальненнем. Калектыў падзяліўся 50 / 50: тых, хто адкрыта адмовіліся ісці, і тых, хто думае гэтак жа, але баіцца сказаць.

На мітынг планавалі ісці прыкладна 5–6 чалавек – жонкі работнікаў сілавых структураў. Таксама загадчыца сказала, што калі ёсць маленькія дзеці, якіх няма з кім пакінуць, можна ўзяць дзяцей з сабою», – напісаў нам адзін з працаўнікоў установы.

Аднак пакуль ніхто афіцыйна інфармацыі працаўнікам не даваў – трэба ім ісці на мітынг альбо не.

На плошчы Незалежнасці разбіраюць сцэну, якую рыхтавалі для праўладнага мітынгу 25 кастрычніка.
Фота: ТК / «Белсат»
  • Паведамленні пра прымусовы ўдзел у пралукашэнкаўскіх акцыях у Менску прыходзілі ад чытачоў цягам апошніх дзён дзясяткамі з усёй краіны – ад выхавальніц садкоў, студэнтаў, працаўнікоў дзяржпрадпрыемстваў, з выканкамаў, памежных службаў і вайскоўцаў. Зазывалі на мітынгі і згодаю, і сілай: прапаноўвалі адгулы, дадатковыя выходныя, прэміі ды пагражалі звольніць. Нягледзячы на ўсё, людзі масава адмаўляліся.
  • У адкрытых крыніцах інфармацыі пра месца і гадзіну збору не было ажно да ўчора, калі ў сеціве з’явіўся плакат з заклікам да тых, хто «жадае дабра і міру Беларусі», збірацца ля менскай стэлы.
  • Раней «прыхільнікаў» Аляксандра Лукашэнкі звозілі ў Менск на мітынг 16 жніўня на плошчы Незалежнасці і на жаночы форум у «Менск-Арэне» 17 верасня.
  • Святлана Ціханоўская запатрабавала ад Лукашэнкі сысці ў адстаўку, спыніць гвалт на вуліцах і вызваліць палітвязняў да 25 кастрычніка. Калі ўмовы «народнага ўльтыматуму» не будуць выкананыя, у краіне, паабяцала яна, пачнецца страйк на прадпрыемствах і блакаванне дарог.

Дар’я Курачкіна belsat.eu

 

Стужка навінаў