Супраць Аляксандра Кабанава, імаверна, распачатая крымінальная справа


Праваабаронцы лічаць, што блогер Аляксандр Кабанаў, які выконваў абавязкі прэс-сакратара ў Святланы Ціханоўская, таксама зʼяўляецца фігурантам крымінальнай справы. Пра гэта піша spring96.org.

Да 26 чэрвеня не было вядома дакладнае месцазнаходжанне Аляксандра Кабанава. З 17 чэрвеня ён адбываў 15-сутачны арышт па ч. 3 артыкула 23.34 КаАП (заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) у берасцейскім ізалятары часовага ўтрымання. Потым стала вядома, што яго перавялі ў Драгічын, а 25 чэрвеня ў доме яго бацькоў пад Бярозай прайшоў ператрус. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі бацькам Аляксандра Кабанава, што іх сына перавозяць у Менск.

26 чэрвеня праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што блогер Аляксандр Кабанаў знаходзіцца ў менскім ізалятары на вуліцы Акрэсціна. Берасцейскі праваабаронца «Вясны» Уладзімір Вялічкін мяркуе, што ён можа быць фігурантам «справы Ціханоўскага».

Раней сёння Праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаў блогераў Сяргея Пятрухіна і Уладзіміра Няронскага палітвязнямі. Іх пераследуюць паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак) таксама ў межах «справы Ціханоўскага».

Падставаю для «справы Ціханоўскага» стаў інцыдэнт, які адбыўся 29 траўня ў Горадні падчас пікету па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Адная з прысутных на пікеце жанчын стала патрабаваць ад Сяргея Ціханоўскага, каб ён адказаў на яе пытанні, блогер у сваю чаргу адмаўляўся адказваць і хацеў спыніць размову. Міліцыя выкарыстала гэта, як падставу для ўмяшання, завязалася штурханіна. У выніку адзін міліцыянт упаў. Ціханоўскага і яшчэ каля 10 чалавек затрымалі. Пазней Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ васьмі асобам высунулі абвінавачванні па ч.1 арт. 342 КК. Дзеянні аднаго з фігурантаў справы дадаткова кваліфікаваныя следствам паводле артыкулу 364 (гвалт у дачыненні працаўнікоў органаў унутраных справаў) КК і яшчэ адну асобу вінавацяць толькі па арт. 364.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі восем асобаў, якіх вінавацяць выключна паводле арт. 342: Сяргея Ціханоўскага, Арцёма Сакава, Вяргілія Ушака, Змітра Фурманава, Васіля Баброўскага, Аляксандра Арановіча, Андрэя Новікава і Уладзіміра Навуміка. Цяпер да іх дадаліся Уладзімір Няронскі і Сяргей Пятрухін. Яшчэ двух фігурантаў справы – Уладзіміра Кнігу і Яўгена Разнічэнку – палітвязнямі пакуль не прызналі. Іх вінавацяць у гвалце супраць міліцыянтаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў