Судны панядзелак у Бабруйску: штрафы і содні за фотаздымкі. Сям'і медыкаў пагражае крымінальная справа


Суд Бабруйскага раёну і г. Бабруйску разгледзеў справы затрыманых падчас масавага «хапуна» 22 студзеня. Шасцярых адпусцілі. Яшчэ пяцёра застаюцца за кратамі – з іх трое асуджаныя на содні, а сужэнцы-медыкі – Дзмітрый і Юлія Яскевіч, бацькі 4-гадовай дзяўчынкі – падазраваныя па крымінальнай справе.

«Гэта катаванні для родных – калі не даюць інфармацыі»

З самай раніцы панядзелка, 25 студзеня, родныя і сябры бабруйчанаў, якіх жорстка затрымалі пасля ператрусаў 22 студзеня, сталі збірацца – хто каля будынку суда, хто каля ізалятара часовага ўтрымання. Не было дакладнай інфармацыі, дзе будуць праходзіць суды і калі яны пачнуцца. А паколькі людзей затрымлівалі а 7-й гадзіне раніцы, то чакалі, што і выпускаць іх будуць роўна праз 72 гадзіны ў гэты ж час.

Затрыманых у Бабруйску 22 студзеня вызваляюць з ІЧУ.
Фота: Белсат

Аднак амаль да самага абеду родным не давалі ніякіх звестак. Толькі каля 12-й гадзіны паведамілі, што суды адбудуцца ў закрытым рэжыме ў ІЧУ. Хтосьці паехаў пісаць скаргі ў пракуратуру на тое, што не даюць інфармацыю, што прайшло больш за 72 гадзіны пасля арышту, а людзі дагэтуль у зняволенні, а таксама па факце ператрусаў, якія праводзілі ў той час, як затрыманыя былі ў статусе сведкаў.

– Мы тут бегаем ад суда да ІЧУ і назад, і ніхто нічога не кажа дакладна. Гэта проста катаванні для родных, калі няма ніякай інфармацыі – ні калі будуць суды, ні па якім артыкуле, – абураўся Георгій Стрыгуноў, бацька затрыманай Алены Стрыгуновай.

Спадар Стрыгуноў раніцай 22-га студзеня прыйшоў да дачкі і трапіў на ператрус.

– Я быў у шоку – поўная кватэра міліцыі. Сказалі мне – мы маглі б увогуле вас не пусціць, але праходзьце, на кухні пачакайце, – распавёў спадар Георгій. – Нічога не тлумачылі, чаму яны прыйшлі, чаго хочуць.

«Прыбег перапужаны дзяцёнак – мама, што гэта?»

Выпускаць зняволеных пачалі толькі пасля 14-й гадзіны. Адной з першых выйшла маці траіх дзяцей – 11, 14 і 16 гадоў – Ірына Сурыгіна.

– А 7-й раніцы ў пятніцу пачаўся дзікі грукат у дзверы. Да мяне прыбег дзяцёнак перапужаны з пытаннем – мама, што гэта? – распавяла Ірына. – За дзвярыма крычалі, што выламаюць іх, калі я не адчыню.

Падставу для ператрусу Ірыне назвалі тую ж саму, што і іншым – абраза двух супрацоўнікаў міліцыі ў тэлеграме. Забралі тэхніку, старыя дыскі, стужкі белых і чырвоных колераў з сумкі і нават з рукі. У УУС, паводле Ірыны, ёй не дазвалялі патэлефанаваць, папярэдзіць маці, што дзеці пойдуць да яе. Калі даведаліся пра дзяцей, сталі казаць, што яе адправяць «па артыкуле», а дзяцей – у прытулак. Таксама не далі патэлефанаваць, каб папрасіць прывезці лекі.

– Я ім казала, што ў мяне – парок сэрца, што я мушу прымаць таблеткі, – кажа жанчына. – Але прыслухаліся яны толькі да лекара хуткай, якую выклікалі да мяне, бо ў мяне моцна падскочыў ціск. Тады дачцэ дазволілі прывезці мне таблеткі.

Затрыманых у Бабруйску 22 студзеня вызваляюць з ІЧУ.
Фота: Белсат

«У міліцыі казалі: «Ад фота са сцягам адзін крок да кактэйлю Молатава»

У Ірыны Сурыгінай на руках ёсць копія пастановы на ператрус. Там ні слова няма пра статус сведкі, пра які распавядалі ўсім астатнім, але гаворыцца, што заведзеная крымінальная справа паводле арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), і арт. 369 КК РБ(абраза прадстаўніка ўлады), і па тых дадзеных, што ёсць у матэрыялах справы, Ірына Сурыгіна можа мець дачыненне да «указанага злачынства».

Паводле пастановы, справа заведзеная за тое, што ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» былі выкладзеныя асабістыя дадзеныя двух супрацоўнікаў: міліцыянта роты патрульна-паставой службы УУС Бабруйскага гарвыканкаму Д.М. Сакуна і малодшага оперупаўнаважанага аддзялення міліцыі Першамайскага раёну г.Бабруйску П.С. Стралкоўскага.

Ірына не ведае, што далей можа чакаць яе па гэтай справе. Пакуль што яе судзілі па арт. 23.34 за фотаздымак са сцягам і аштрафавалі на 20 базавых велічынь.

Ірына таксама распавяла, што пасля судоў кожнага апытвалі людзі, якія назваліся супрацоўнікамі ГУБАЗіК з Менску, а потым – намеснік пракурора г. Бабруйску.

– Пыталіся – збіраецеся працягваць? Мелі на ўвазе акцыі, я так разумею, – распавяла Ірына. – Яны сталі казаць, што я цяпер магу абвесціць сябе палітзняволенай і з’ехаць з краіны, а наконт штрафу – звярнуцца ў адмысловыя фонды, пыталіся – ведаеце, ёсць такія – bysol, byhelp?

На 15 базавых за фотаздымак са сцягам асудзілі 25-гадовую Кацярыную Барадаеву.

– Мне сказалі, што ад фатаграфавання са сцягам адзін крок да таго, што я пайду рабіць кактэйлі Молатава і кідаць іх у супрацоўнікаў сілавых структур, – распавяла дзяўчына.

Кацярына Барадаева.
Фота: Белсат

Забіраць былі гатовыя ў піжаме

Падобную гісторыю распавядаў кожны з тых, хто выходзіў з ІЧУ.

– А 7-й раніцы пачалі моцна грукацца ў дзверы. Я спачатку не адчыняў, пачалі ламаць дзверы, – кажа бабруйчанін Андрэй Сініца. – Тады я адчыніў, нас з сынам адразу паставілі да сцяны, пачалі ператрус. Сказалі, што я нібыта сведка па крымінальнай справе аб абразе ў тэлеграме двух супрацоўнікаў міліцыі.

Андрэй Сініца.
Фота: Белсат

Пасля допытаў у УУС, у Следчым камітэце, а 22-й гадзіне на Андрэя склалі пратакол па арт. 23.34 за ўдзел у несанкцыянавай акцыі ў лясным масіве».

Андрэй заявіў свайго сына Данііла абаронцай. Суддзя Алена Гормаш вярнула справу мужчыны на дапрацоўку ў УУС.

– Да мяне прыехалі а 7-й раніцы, паказалі мне паперу, што адкрытая крымінальная справа – нехта абразіў супрацоўнікаў міліцыі, а я праходжу як сведка. У той жа час пачалі ператрус, – распавяла Алена Стрыгунова, якая атрымала штраф 10 базавых. – Забіраць гатовыя былі ў піжаме, але я настаяла, каб мне дазволілі апрануцца. Мне сказалі, што ў УУС я з імі праеду толькі на пару гадзін, а потым мяне адпусцяць. А насамрэч пратрымалі ўвесь дзень, амаль без ежы і вады.

Алена Стрыгунова.
Фота: Белсат

У Бабруйскім ІЧУ пандэмія каронавіруса на тры дні?

Тыя, што выйшлі на волю, распавядалі, што падчас апытанняў на іх спрабавалі ціснуць, казалі, маўляў, ваш сябар пра вас ужо ўсё распавёў, што гэта вы там былі і гэтак далей, глядзіце – вам здрадзілі, дык дайце вы цяпер пра яго паказанні.

Катаваннем затрыманыя бабруйчане называюць тое, што ў ІЧУ не прымалі перадачы для іх.

– У нас з сабой не было ніякіх прадметаў гігіены, ні зубной пасты, шчоткі, ні пракладак у жанчын, – зазначыла Ірына Сурыгіна.

Прымаць перадачы ў Бабруйскім ІЧУ перасталі ў пятніцу 22 студзеня, спаслаўшыся на каронавірус, абяцаюць аднавіць прыём у аўторак, 26-га.

У пятніцу ўвечары чацвярых затрыманых адвезлі ў лякарню, яны адчувалі сябе кепска. Як распавяла Алена Стрыгунова, у адной з дзеўчын выявілі падвышаную тэмпературу. Тым не менш, усіх чацвярых зноў вярнулі ў ІЧУ.

Сужэнцам-медыкам пагражае крымінальная справа?

Сяргею Бяляеву і Дзмітрыю Шашко прысудзілі па трое содняў, іх яны адседзелі, таму пасля суда мужчыны пайшлі дамоў.

За кратамі застаюцца:

Яўген Габрэлян – 12 содняў;

Іван Манько – 10 содняў;

Дзмітрый Косцін – 10 содняў.

На волю не выйшлі і анэстэзіёлаг-рэаніматолаг Дзмітрый Яскевіч і ягоная жонка – медсястра рэанімацыі Юлія Яскевіч. Па словах тых, хто выйшаў сёння, сужэнцам пагражае крымінальная справа. Па адной з версій – як раз тая справа за абразу міліцыянтаў ці пагрозу прымянення гвалту. Але дакладнай інфармацыі няма.

Невядомы лёс жыхара Гомля Ігара Краўчанка, пра затрыманне якога ў Бабруйску таксама была інфармацыі ў пятніцу, 22 студзеня.

Агулам у той дзень у Бабруйску затрымалі 14 актывістаў, а таксама журналіста мясцовага выдання «Бабруйскі кур’ер». Журналіста і яшчэ двух чалавек адпусцілі ў той жа дзень з падпіскамі аб неразгалошванні.

UPD: Як стала вядома «Белсату», гамельчука Ігара Краўчанку, які прыехаў да сваякоў у Бабруйск, і таксама быў затрыманы ў пятніцу 22 студзеня, адвезлі ў Гомель. Там суд Савецкага раёну пакараў яго арыштам на 15 содняў паводле арт. 23.34.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў