Суд над фанатамі-антыфашыстамі перанеслі на няпэўны тэрмін


Адзін з абвінавачаных Арцём Краўчанка захварэў.

Сённяшняе паседжанне не заняло і пары хвілін. Суддзя Дзмітрый Цыкал абвесціў, што падсудны Краўчанка праз стан здароўя не можа ўдзельнічаць у працэсе. Суд вырашыў, што ў ягоную адсутнасць не будзе разглядаць справу.

Як стала вядома belsat.eu, у Арцёма Краўчанкі паднялася тэмпература.

Суд на шасцю заўзятарамі клубу «Партызан» пачаўся 3 лютага ў Доме правасуддзя. Учора давалі паказанні Дзмітрый Цехановіч і Філіп Іваноў. Ад жніўня 2016 году яны знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе. У судзе з прэсай яны не кантактуюць, трымаюцца асобна ад фанатаў, якія прыходзяць на паседжанні.

У іх паказаннях нямала сведчанняў, заснаваных не толькі на ўбачаным і пачутым імі асабіста, але і на іхных субектыўных ацэнках ды адносінах. У асноўным такія пытанні пракурора тычыліся іх меркавання пра ролю Іллі Валавіка ў інцыдэнце 29 чэрвеня 2014 году і нефармальных фанацкіх групоўках.

Праваабаронца Наста Лойка заяўляе пра тое, што пад час знаходжання ў СІЗА-1 да падсудных ужывалі катаванні.

«Праз ціск Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю яны баяцца агучваць сваю грамадзянскую пазіцыю, бо думаюць, што за гэта іх будуць пераследаваць яшчэ больш», – мяркуе актывіст Вячаслаў Касінераў.

Прыхільнікі клубу «Партызан» Ілля Валавік, Вадзім Бойка, Дзмітрый Цехановіч, Філіп Іваноў, Арцём Краўчанка, Андрэй Чартовіч абвінавачваюцца ў хуліганстве, здзейсненым чэрвеня 2014 году. Акрамя гэтага Андрэя Чартовіча і Арцёма Краўчанку будуць судзіць за захаванне наркотыкаў, а Іллю Валавіка паводле 193 артыкула КК РБ за быццам бы кіраўніцтва незарэгістраванымі групоўкамі фанатаў.

Х.М., belsat.eu

Стужка навінаў