Суд часова заблакаваў указ Трампа пра мігрантаў (абноўлена)


Федэральны суд Сіэтлу часова прыпыніў дзеянне ўказу прэзідэнта Доналда Трампа аб забароне на ўезд у Злучаныя Штаты грамадзянаў сямі краін і бежанцаў, паведамляе CNN.

Такое рашэнне прыняў федэральны суддзя Джэймз Робэрт па пазове, пададзенай штатамі Вашынгтон і Мінэсота. Дзеянне ўказа прыпынена на час разгляду пазову на тэрыторыі ўсёй краіны.

(абнаўленне)

Міністэрства юстыцыі ЗША абскардзіла рашэнне федэральнага суду ў Сіэтлу, які прыпыніў дзеянне падпісанага прэзідэнтам Доналдам Трампам указу, што забараняе выдачу візаў жыхарам сямі краін з пераважна мусульманскім насельніцтвам.

Прадстаўнікі Іміграцыйнай і мытнай службы ЗША заявілі, што ведамства будзе выконваць рашэнне суда.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 27 студзеня падпісаў указ, які часова абмежаваў уезд у краіну ўцекачоў і грамадзянаў сямі краінаў, большасць насельніцтва якіх вызнае іслам. Неабходнасць такіх мераў Трамп патлумачыў барацьбой з тэрарызмам.

Указ Трампа, у рамках якога былі ануляваныя каля 100 тысячаў амерыканскіх візаў, выклікаў шматлікія акцыі пратэсту.



У суды розных узроўняў былі пададзеныя некалькі пазоваў, якія аспрэчваюць як асобныя палажэнні ўказу, так і ўвесь закон у цэлым.

Трамп назваў рашэнне суддзі аб прыпыненні ўказу аб мігрантах «смехатворным».

У паведамленні ў сваім Твітары прэзідэнт ЗША таксама назваў сіэтлскага федэральнага суддзю Джэймза Робэрта «так званым суддзёй» і выказаў упэўненасць у тым, што прыпыненне дзеяння ўказа будзе адменена.

Некалькі гадзінаў таму ў мікраблогу кіраўніка Амерыкі зʼявіўся яшчэ адзін запіс у адрас суддзі Робэрта.

«Суддзя адчыняе нашую краіну патэнцыйным тэрарыстам», – гаворыцца ў паведамленні.

The judge opens up our country to potential terrorists and others that do not have our best interests at heart. Bad people are very happy!

ВД паводле cnn.com

Стужка навінаў