Суд абвінаваціў Насцю Рыбку і Алекса Леслі ў «арганізацыі злачыннай супольнасці»

ВІДЭА

Наста Рыбка. Фота - www.instagram.com/nastya_rybka.ru

Суд гораду Пхат-тхая выставіў Аляксандру Кірылаву (Алексу Леслі) і Анастасіі Вашукевіч (Насце Рыбцы) абвінавачванне ў арганізацыі злачыннай супольнасці, змове для здзяйснення злачынства і прадастаўленні паслугаў сексуальнага характару ў складзе злачыннай групы.

Суд выбраў меру стрымання для Насці Рыбкі, Алекса Леслі і 6 іншых фігурантаў справы ў выглядзе заключэння пад варту.

Судовае паседжанне праходзіла ў закрытым рэжыме ў зале, размешчаным у блоку камераў часовага ўтрымання суда Пхат-тхая. На ім, акрамя суддзяў і сакратара, прысутнічалі толькі падсудныя, памочнік адваката і перакладчык.

Сёння вечарам Насцю Рыбку і астатніх перавязуць у гарадскую турму. Наступнае пасяджэнне адбудзецца 24 красавіка.

Леслі, Рыбку і астатніх удзельнікаў нелегальнага «секс-трэнінгу» таксама абвінавачваюць у нелегальнай прадпрымальніцкай і працоўнай дзейнасці на тэрыторыі Тайланда. Паседжанне па гэтай справе адбудзецца, як і было запланавана, 17 красавіка.

Нагадаем, Наста Вашукевіч з Бабруйску стала шырока вядомай пасля таго як 8 лютага Аляксей Навальны апублікаваў расследаванне аб сувязях алігарха Алега Дзерыпаскі з віцэ-прэм’ерам Сяргеем Прыходзькам. Паводле Навальнага, яны адпачывалі на яхце алігарха ў Нарвегіі разам з супрацоўніцай «індустрыі эскортных паслуг» пад псеўданімам Насця Рыбка. Адпачынак цалкам аплочваў алігарх, што можна лічыць хабарам Сяргею Прыходзьку. На яхце алігарх і віцэ-прэм’ер у тым ліку абмяркоўвалі свае амерыканскія кантакты – пра гэта стала вядома з інстаграму бабруйчанкі.

26 лютага дзесяцёх замежнікаў (у тым ліку Насту Рыбку), якія праводзілі незаконныя секс-трэнінгі, затрымалі ў Пхат-тхае. Арганізатарам курсаў з’яўляецца Аляксандр Кірылаў з Віцебску (больш вядомы як Алекс Леслі). За парушэнне мясцовага заканадаўства затрыманых чакае суд і дэпартацыя.

Пасля затрымання Наста Рыбка паспела выкласці у сваім Інстаграме запіс, дзе звярнулася да СМІ ЗША: яна паабяцала распавесці пра сувязі расейскіх дэпутатаў з кіраўніком перадвыбарчага штабу Трампа Полам Манафортам і самім Доналдам Трампам. «Я вельмі шмат ведаю. Калі вы знойдзеце мяне ў тайскай турме яшчэ жывою, то я з задавальненнем з вамі пагутару», – заявіла Рыбка.

ІІ, belsat.eu, паводле РИА Новости

Глядзі таксама
Каментары