Студэнтка БНТУ: У ВНУ сітуацыя падобная да панікі


У БНТУ, дзе пацвердзіўся выпадак захворвання студэнта на каронавірус, пакуль не агучваюць інфармацыі пра сутнасць індывідуальнага навучання. У Мінадукацыі таксама не гатовыя каментаваць гэта. Прэс-канферэнцыя рэктара БНТУ доўжылася дзве хвіліны.

У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, як паведамляе telegram-канал «Отчислено», працягваюцца заняткі, нягледзячы на паніку, студэнтаў не адпускаюць з параў.

«Пакуль няма ніякай афіцыйнай інфармацыі, студэнты знаходзяцца на занятках. Агулам сітуацыя падобная да панікі. Многія самавольна пакідаюць заняткі і выязджаюць у свае гарады. Студэнты апранаюць маскі, хаця яны не дапамагаюць. Кіраўніцтва ВНУ цяпер на нейкім сходзе. Але пакуль яно працягваецца і нічога не вядома. Тут па групах у сацсетках распаўсюджваюць галасавое паведамленне нібыта інфікаванага іранца. Але ці гэта сапраўды яго сведчанні – невядома», – распавяла «Белсату» студэнтка БНТУ.

Машына хуткай дапамогі каля спартова-тэхнічнага факультэта БНТУ. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Аўдыязварот іранскага студэнта

Паралельна з афіцыйнай інфармацыяй пра захворванне студэнта БНТУ ў сеціве з’явіўся аўдыязапіс, у якім чалавек называецца іранцам Бар Саідам і распавядае пра сваё здароўе.

«Я не ведаў, што заразіўся і інфікаваны. У мяне тэмпература апошнія тры дні 37,4 градуса. Адчуваю сябе добра, нічога не баліць. Адчуваю сябе добра. Я не здымаў кватэру, а жыў у інтэрнаце, пра што маю пазнаку ў дакументах. Не верце інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасці. Прывозяць у шпіталь толькі з мэтай праверыць на наяўнасць вірусаў», – кажа аўтар аўдыя.

У адзін з вучэбных карпусоў БНТУ заносяць насілкі. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Прыехалі яшчэ не ўсе

Замежныя студэнты, якія навучаюцца ў БНТУ, яшчэ не ўсе прыехалі пасля канікулаў. У прыватнасці, гэты тычыцца навучэнцаў з Кітаю, распавяла «Белсату» студэнтка БНТУ.

«Бацькі пакуль не ведаюць пра інфекцыю, яны на працы. Найбольш перажываю, як адрэагуе мая бабуля. Яна як пабачыць пра гэта па тэлебачанні, дык будзе ўсё», – адзначыла навучэнка БНТУ.

Галоўны корпус БНТУ. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»
Студэнты БНТУ. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»
Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

У другой палове дня адміністрацыя БНТУ афіцыйна паведаміла, што цягам бліжэйшых двух тыдняў заняткаў у аўдыторыях не будзе.

Што рабіць, каб не падхапіць інфекцыю?

  • Абавязкова трэба мыць рукі з мылам. Чым часцей, тым лепш! Але рабіце гэта правільна. Тут інструкцыя.
  • Не дакранайцеся да рота і твару нямытымі рукамі.
  • Узмацняйце імунітэт.
  • Лепш не цалавацца і не паціскаць рукі.
  • Пазбягайце кантактаў з хворымі.
  • Калі ёсць магчымасць, то насіце маску. Мяняйце яе раз на дзве гадзіны.
  • Карыстайцеся дэзынфектарамі на спіртавой аснове.
  • Праветрывайце памяшканні, у якіх вы жывяце і працуеце.
  • Тлумачце дзецям, чаму варта мыць рукі!
Стужка навінаў