Стратэгія Расеі на найбліжэйшае дзесяцігоддзе – «вялікая вайна»

ВІДЭА

Да чаго рыхтуецца Расея – абараняцца або нападаць? Ваяўнічая рыторыка, павелічэнне выдаткаў на абарону, ваенныя дзеянні на ўсходзе Украіны і ў Сірыі – гэта рэпетыцыя вялікай вайны, у якой зацікаўлены Крэмль? Ці можна спаць спакойна простаму абывацелю ў суседніх з Расеяй краінах або чакаць зацягвання ў крывавыя гульні Масквы? Разважае Павел Фельгенгаўэр, вайсковы аглядальнік «Новай газеты», аналітык «The Jamestown Foundation»

Яўген Кісялёў: «Як вы ацэньваеце рэальнасць пагрозаў, якія зыходзяць ад Расеі для суседзяў? Зразумела, што Украіна гэта ўжо на сабе спазнала, гэта асобная тэма. Што да ўсіх астатніх?»

Павел Фельгенгаўэр: «Расея рыхтуецца да вялікай вайны. Гэта стратэгічнае рашэнне. Яно было прынятае канчаткова на пачатку 2013 года: што да 2030 года і асабліва ў 2020-ыя гады шалёна ўзрасце небяспека вайны, што на Расею нападуць, прычым нападуць з усіх бакоў.

І таму Расея будуе стратэгічны перыметр абароны. Гэта значыць, тое датычыць не толькі паўночна-ўсходняй Еўропы, гэта і Арктыка, дывізіі на Чукотцы, корпус на Курыльскай градзе, гэта Блізкі і Сярэдні Усход, пратокі чарнаморскія. Таму суседнія краіны Расеяй разглядаюцца як важныя стратэгічныя фішкі на гэтай вялікай сусветнай шахматнай дошцы.

Таму важна гэтыя фішкі мець, каб не пусціць туды суперніка, які выкарыстоўвае гэтыя краіны як плацдарм для нападу, для паходу на Маскву або на Сочы, бо гэта другая сталіца Расеі – Пуцін там паўгода праводзіць».



Яўген Кісялёў:
«Узнікае пытанне: калі Расея разглядае ўсе краіны, якія атачаюць і з поўначы, і з поўдня, і з усходу, і захаду як патэнцыйных праціўнікаў, агрэсараў, якія на яе да 2030 года сапраўды нападуць, яна да абарончай вайны рыхтуецца або нанесці папераджальны ўдар?»



Павел Фельгенгаўэр:
«Вядома, да абарончай. Расея заўсёды рыхтуецца толькі да абарончай вайны. Яна ўжо 500 гадоў абараняецца, і за гэты час яе тэрыторыя павялічылася ў два разы.

Але натуральна, абарона мусіць быць актыўная. Вялікі паход у Еўропу, як калісьці прарыў да Ла-Маншу, тое, што было ў часы той халоднай вайны, цяпер не разглядаецца, але ў прынцыпе наступальныя дзеянні будуць: у Расеі ўжо цяпер 20 тысяч танкаў прыведзеныя ў пэўны баяздольны стан.

Гэта прыкладна ўдвая больш, чым ва ўсіх краінах NATO ў суме. Так што рыхтуюцца да сур’ёзнай вялікай вайны. І тое, што адбываецца на Балтыцы, – гэта толькі частка пабудовы абарончых рубяжоў, якія, вядома, пры гэтым носяць і наступальны характар».



Але ці хопіць у Расеі рэсурсаў для вядзення поўнамаштабнай вайны з вялікай колькасцю краін-праціўніц? У якім стане расейскія войскі? І што суседзі думаюць пра расейскую пагрозу? Хто ў новай вайне стане на бок Расеі, а хто будзе біцца з ёй да апошняй кроплі крыві?

Адказы на гэтыя пытанні – у міжнароднай перадачы на тэлеканале «Белсат» «Тэрыторыя праўды». Пяць экспертаў – з Расеі, Украіны, Беларусі, Літвы і Польшчы – дыскутуюць на тэму бяспекі ў рэгіёне.

Глядзі таксама
Каментары