Старшыня Моладзі БНФ сышоў у адстаўку: Палітыка – гэта не маё


30 сакавіка Дзяніс Мандзік пакінуў пасаду, якую займаў менш за год. Пра гэта старшыня Моладзі БНФ паведаміў у сваім акаўнце ў «Facebook’у».

Дзяніс Мандзік. Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Ну, калі мне даводзілася прымаць на сябе гэты ўдар [старшынства ў арганізацыі. – Заўв. belsat.eu], у арганізацыі проста не было выбару, сапраўды было вельмі дрэннае становішча, а я знаходзіўся ў арганізацыі два гады і меў пэўны досвед. Але ўжо тады я разумеў, што я не палітык і гэта не маё», – адзначыў Дзяніс Мандзік.

Актывіст падкрэсліў, што яго нашмат болей цікавіць беларуская культура і музыка, дзе ён і збіраецца дасягнуць «нашмат большых велічынь».

Паводле яго, да наступнага з’езду будзе створаны Часовы камітэт, які будзе кіраваць Моладдзю БНФ.

Як адзначыў у каментары belsat.eu старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, Дзяніс Мандзік не сыходзіць ні з Моладзі БНФ, ні з партыі – толькі з пасады.

«Я думаю, што рэзерв у Моладзі БНФ ёсць. Ёсць шмат талковых маладых людзей. Я думаю, што яны паміж сабой разбяруцца, хто будзе ўзначальваць і якім чынам будзе арганізаванае кіраванне», – падкрэсліў ён.

«Я не люблю даносіць». КДБ спрабаваў завербаваць актывіста «Маладога фронту»

Барысаўчанін Дзяніс Мандзік нарадзіўся ў 1998 годзе. Яму 21 год. У восьмым класе ён быў уключаны ў склад БРСМ. А ў 2015 годзе самастойны далучыўся да Моладзі БНФ. Займаў пасады кіраўніка Менскай абласной арганізацыі і намесніка старшыні Моладзі БНФ. Дзяніс Мандзік навучаўся ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, але быў адлічаны, паводле яго словаў, па палітычных матывах. У верасні 2018 года ён быў абраны старшынёй Моладзі БНФ.

Моладзь БНФ была ўтвораная ў 2005 годзе. Раней яе кіраўнікамі былі Алесь Каліта, Франак Вячорка, Андрусь Крэчка, Юрась Лукашэвіч і Ганна Смілевіч.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары