«Я не люблю даносіць». КДБ спрабаваў завербаваць актывіста «Маладога фронту»


Да актывіста «Маладога фронту» Івана Мірончыка на завод, дзе той працуе, прыйшлі два працаўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі, якія распытвалі яго пра дзейнасць арганізацыі ды спрабавалі завербаваць. Пра гэта маладафронтавец распавёў у каментары belsat.eu.

Іван Мірончык і Павел Севярынец.
Фота: facebook.com/vano.mironchik

Размова трывала амаль тры гадзіны, з 13:20 да 16:06. Спачатку работнікі КДБ, адзін з якіх назваўся Міхаілам Васільевічам, распытвалі актывіста пра ягонае стаўленне да Еўрапейскіх гульняў, што ўлетку адбудуцца ў Менску, і ці не хоча ён зрабіцца валанцёрам.

«Я адмовіўся. Затым яны сталі намякаць на «Малады фронт». Пачалі распытваць пра Дзяніса Урбановіча [старшыню арганізацыі. – Заўв. belsat.eu], пра мае адносіны з ім, адкуль я яго ведаю, ці даўно ведаю», – распавёў актывіст.

Таксама суразмоўцаў цікавілі Курапаты, стаўленне да бел-чырвона-белага сцяга і герба Пагоні, сацыяльныя сеткі.

Hавiны
За сцяг і «Жыве Беларусь!» Дзяніса Урбановіча аштрафавалі амаль на Br 1150
2019.03.26 19:50

«Потым неафіцыйна сказалі, што трэба, каб я ім справаздачыўся пра дзейнасць «Маладога фронту», – адзначыў Іван Мірончык.

Таксама актывіста прымусілі падпісаць дакумент пра неразгалашэнне размовы. «Але я не магу гэтага не афішаваць, бо я не люблю даносіць», – падкрэсліў маладафронтавец.

За адмову ад супрацы з КДБ Івану Мірончыку пагражалі ператрусам у кватэры, праблемамі на працы, а за расповед пра размову – крымінальным пераследам.

Такую ўвагу да сябе спецслужбаў Іван Мірончык звязаў з набліжэннем ІІ Еўрапейскіх гульняў у Менску, праз што тыя «пачалі актывізоўвацца».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў