Адлічаныя студэнты не хочуць з'язджаць з Беларусі – і распавядаюць, як можна ім дапамагчы


Студэнты збіраюць сродкі, каб завяршыць адукацыю на завочных аддзяленнях ува Украіне і пры гэтым працягваць сваю актыўную грамадска-сацыяльную дзейнасць у Беларусі. Кошт дапамогі – 2000 кубкаў кавы.

Грамадская кампанія па падтрыманні адлічаных па палітычных матывах студэнтаў «Даць рэпрэсіям урок» распачынае сацыяльны праект «Капучына ці вышэйшая адукацыя?», каб сабраць сродкі на вучобу на завочным аддзяленні ўкраінскіх універсітэтаў для чацвярых студэнтаў – Анісіі Казлюк, Ганне Смілевіч, Дзянісу Мандзіку і Кацярыне Андрэевай (так, аўтарцы многіх журналісцкіх расследаванняў «Белсату»).

Старонка праваабарончага цэнтру «Вясна» падае, што Ганну і Дзяніса адлічылі па палітычных матывах, а Кацярыну пад ціскам вымусілі забраць дакументы.

Усе чацвёра ўжо паступілі на завочнае аддзяленне ў адзін з украінскіх універсітэтаў. Засталося толькі аплаціць навучанне,

«Усяго 2000 кубкаў кавы – і мара атрымаць вышэйшую адукацыю стане рэальнасцю», – піша прэсавая служба «Вясны».

Паводле маладзёнаў, яны любяць Беларусь і не хочуць вывозіць свой патэнцыял у іншыя краіны. Яны кажуць, што грошы дазволяць ім не спыняць грамадскую дзейнасць у Беларусі і атрымаць вышэйшую адукацыю, якая дапаможа рабіць справу больш якасна і эфектыўна.

За развіццём праекту студэнты заахвочваюць сачыць у суполцы на «Фэйсбуку».

ДД

Стужка навінаў