Старая Горадня – віртуальна! Новы ўэб-дадатак, над якім можа працаваць кожны


Праграміст стварыў ўэб-дадатак, які аднаўляе стары горад у дапоўненай рэчаіснасці.

Для «чайнікаў»: «WebVR» – гэта сучасная тэхналогія, якая дазваляе распрацоўнікам і дызайнерам ствараць асяроддзе віртуальнай рэчаіснасці (VR), у якой вы можаце перамяшчацца з дапамогай адмысловых прыладаў – акуляры «Oculus Rift» і «HTC Vive», а таксама ў браўзеры на камп’ютары. Асяроддзе VR можна бачыць ды кіраваць ім з дапамогаю кантралёра прылады і рухамі ў фізічнай прасторы.

Артур Басак – 27-гадовы гарадзенскі праграміст, якому прыйшла думка, што з новаю тэхналогіяй «WebVR» можна паэксперыментаваць, стварыўшы віртуальную экскурсію па старым горадзе. Паколькі гарадзенец – яшчэ і аматар гісторыі, то менавіта гэта паўплывала на выбар тэмы для праекту.

Гарадзенскі праграміст Артур Басак. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Цягам некалькіх месяцаў Артур Басак стварыў ўэб-дадатак, які дазваляе паблукаць па старой Горадні, надзеўшы VR-акуляры або запусціўшы адмысловую старонку ў тэлефоне.

«Мы ўвесь час сочым за нейкімі навінкамі, а VR-акуляры з’явіліся на рынку ўжо досыць даўно. Файна, што ў асноўным усе дадаткі VR робяцца на нейкіх натыўных платформах (iOS, «Android»), а «WebVR» працуе ў браўзеры. Гэта яшчэ адносна свежая тэхналогія, прыкметнасць якой у тым, што яна можа працаваць як у акулярах на тэлефоне, гэтак і ў звычайным кампʼютары. Яе можна адкрыць у абсалютна любым браўзеры, як звычайны сайт, які можна пакруціць, паглядзець», – тлумачыць адмысловец.

Натхніў на распрацоўванне дадатку супольны праект «Facebookʼу» з брытанскім музеем: распрацаваны віртуальны музей, дзе можна хадзіць, круціць таблічкі, разглядаць экспанаты ў 3D-фармаце, слухаць аўдыягід. У выніку Артур Басак стварыў 19 VR-пляцовак з выявамі старой Горадні, выкарыстоўваючы толькі мабільны тэлефон.

«Ёсць фатографы, якія здымаюць горад і сумяшчаюць свае здымкі са старымі фота ці паштоўкамі, ёсць калекцыянеры, якія маюць тысячы ўнікальных выяваў гораду ў закаморках, а ёсць гісторыкі, якія пішуць кніжкі ды ўвесь час спрачаюцца, як выглядала тая ці іншая вуліца. Пры гэтым аб’яднання паміж імі няма. А калі спалучыць сілы, можа атрымацца нешта сапраўды вартае, што можна паказаць людзям», – кажа праграміст.

Выява страчанай Фары Вітаўта ў ўэб-дадатку Артура Басака ў 3D-фармаце. Фота – Васіль Малчанаў /«Белсат»

«Напрыклад, разбурылі Фару Вітаўта, экскурсаводы палымяна распавядаюць турыстам, якая гэта была велічная святыня, а тыя толькі лыпаюць вачыма. Можна паказаць, канечне, які-небудзь здымак раздрукаваны, але ўсё адно гэта не тое. А можна зрабіць выяву ў VR-фармаце, чалавек насуне акуляры, і касцёл або царква (у залежнасці ад часу) з’явіцца ў яго перад вачыма», – адзначае Артур Басак.

«Давайце яднацца!»

Як распавядае праграміст, створаны ўэб-дадатак пакуль вельмі сыры. Хлопец карыстаўся ў першую чаргу старымі фотаздымкамі ды інфармацыяй з сеціва. Аднак пры гэтым кожны ахвотны можа ўдасканаліць праграму.

«Рэалізацыя пакуль слабенькая. Разумееце, я не гісторык, не фатограф і не перакладчык. У будучыні я вельмі б хацеў развіць праект, але мне патрэбная дапамога спецыялістаў-аматараў: гісторыкаў, калекцыянераў, мастакоў і перакладчыкаў. Пакуль удалося зрабіць ўэб-дадатак толькі па-расейску, а хочацца і па-беларуску, можна і па-англійску, і па-польску, і па-нямецку», – зазначае праграміст.

Усіх ахвотных дапамагчы развіць праект Артур Басак заклікае звяртацца да яго ў «Facebook».

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў