Сталінская атамная бомба – скрадзена ў амерыканцаў, выпрабавана на савецкіх жаўнерах


29 жніўня 1949 года адбыліся першыя савецкія выпрабаванні атамнай зброі. Выбух, які аказаўся нашмат мацнейшым, чым чакалася, і стаў кропкай адліку масавай вытворчасці атамнай зброі ў СССР.

Цікава, што першым пра звышсакрэтны атамны выбух у СССР паведаміў свету амерыканскі прэзідэнт – самалёты-разведчыкі ЗША адзначылі выкід радыяцыі. Якая сувязь паміж падзеяй 69-гадовай даўніны і заявамі прэзідэнта Расеі Уладзімера Пуціна ў гэтым годзе?

«Горда рэе Буравеснік»?

У лютым 2017 года ў раёне расейскай Кольскай паўвыспы адбыўся незразумелы выкід у атмасферу радыеактыўнага рэчыва ёд-131. Па меркаванні аўтараў праекту Warzone, гэта нагадвае пра аналагічныя выкіды падчас выпрабаванняў атамнага рухавіка ў амерыканскім штаце Невада ў 1960-х гадах.

Скрыншот пра «ракету ядравым рухавіком» з роліка, які паказваў Пуцін падчас выступа. Крыніца – rbk.ru

Warzone адзначае таксама як падвышэнне ўзроўню радыеактыўнага рутэніума-106 у верасні і кастрычніку 2017 года. Улічваючы, што сама Масква адмаўляла нейкія аварыі на сваіх атамных абʼектах, магчымае тлумачэнне гэтых фактаў нядаўна даў сам прэзідэнт Пуцін. Гэта маглі быць выпрабаванні расейскай ракеты з атамным рухавіком, якая потым атрымала назву «Буравеснік».

Аднак дагэтуль невядома, ці існуе такая ракета на самой справе, і, калі існуе, ці былі выпрабаванні паспяховымі.

Аднак свет не першы раз даведваецца пра падзеі на тэрыторыі Расеі з той прычыны, што з усходу нясе атруту і атамны бруд. Тое ж самае адбылося, калі Саветы выпрабавалі сваю першую атамную бомбу.

НКУС і карысныя ідыёты на Захадзе

Першы савецкі праект атамнай бомбы быў у 1940 годзе створаны вучонымі Харкаўскага фізіка-тэхнічнага інстытуту – аднак ён быў памылковым, схема аказалася абсалютна непрацаздольнай. Пры гэтым ужо ў 1941 годзе абʼёмы ядравых даследаванняў у СССР прыйшлося рэзка скараціць з-за таго, што пачалася савецка-нямецкая вайна. У гэты ж час у Вялікай Брытаніі і ЗША (і ў меншай ступені – у Нямеччыне) працы ў гэтай сферы энергічна працягваліся.

Першае амерыканскае выпрабаванне атамнай бомбы 16 ліпеня 1945 года. Фота wikipedia.org

Сітуацыя ў СССР з атамнымі даследаваннямі радыкальна змянілася ў 1940-я дзякуючы розным фактарам, важнейшым з якіх стала праца савецкай разведкі ў краінах Захада. Адразу некалькі супрацоўнікаў амерыканскага і брытанскага атамнага праектаў аказаліся савецкімі шпіёнамі – людзі левых перакананняў здрадзілі сваім краінам дзеля дапамогі «першай у свеце дзяржаве працоўных і сялян».

У прыватнасці менавіта савецкая выведка перадала сваім вучоным дакладную тэхнічную дакументацыю амерыканскай атамнай бомбы «Таўстун», якая была скінутая ў 1945 годзе на Нагасакі. Амаль дакладная копія гэтай бомбы і стала першай савецкай атамнай зброяй – бомбай РДС-1.

Пакараныя смерцю за працу на савецкую выведку шпіёны – Этэль і Юліюс Разенбергі. Фота wikipedia.org

Дзесяцігоддзямі савецкая прэса і левыя газеты на Захадзе казалі, што ніякай шпіёнскай групы не было, а працэсы супраць пяці савецкіх карысных ідыётаў – вынік антыкамуністычнай і антысеміцкай (некалькі з пакараных за шпіянаж былі жыдамі) параноі. Аднак рассакрэчаныя нядаўна дадзеныя амерыканскай выведкі, якая змагла расшыфраваць тады савецкія радыёграмы, паставілі кропку ў гэтым пытанні.

Выпрабаванні і сюрпрызы

Першы савецкі атамны выбух адбыўся ў казахскім стэпу – у 170 км ад гораду Сяміпалацінск (зараз – Семей). Для ацэнкі вынікаў выбуху ў стэпу пабудавалі будынкі, якія імітавалі розныя тыпы забудовы і ўмацаванняў, сюды ж прывезлі 1538 жывёлінаў – сабак, авечак, козаў, свінняў, трусаў, пацукоў. Асобна паставілі танкі, артылерыю і самалёты, пабудавалі нават чыгуначны і шасэйны масты.

Выбух бомбы, якая была падарваная на спецыяльнай 37-метровай вежы, знішчыў практычна ўсе канструкцыі. Будынкі былі цалкам знішчаныя ў радыусе 5 км, вагоны, танкі і машыны былі раскіданыя па стэпу на адлегласці 50-80 метраў ад месцаў, дзе іх пакінулі.

Грыб ад выбуху 29 жніўня 1949 года. Фота wikipedia.org

Паспяховыя выпрабаванні далі старт серыйнай вытворчасці бомбаў РДС-1, аднак сам іх факт быў прыхаваны Крамлём. Аднак абсталяванне на амерыканскіх самалётах-разведчыках адзначыла наяўнасць прадуктаў атамнага выбуху ў савецкім паветры. Гэта стала непрыемнай навіной для Вашынгтона – у ЗША лічылі, што СССР не зможа вырабіць атамную зброю да 1953 года.

23 верасня прэзідэнт ЗША Гары Трумэн афіцыйна заявіў, што «мы маем доказы, што ў апошнія тыдні ў СССР адбыўся атамны выбух». У сваю чаргу гэта стала непрыемным сюрпрызам для савецкага дыктатара Сталіна – той лічыў, што выбух мусіць застацца ў сакрэце, каб магчымыя праціўнікі СССР не актывізавалі свае атамныя распрацоўкі.

СССР адказаў, што «у Савецкім Саюзе, як вядома, вядуцца будаўнічыя працы вялікіх маштабаў… якія выклікаюць неабходнасць вялікіх выбухных прац». Толькі вясной 1950-га года Крэмль заявіў, што мае атамную зброю.

Выпрабаванне на жывых людзях

Савецкая вайсковая дактрына прадугледжвала выкарыстанне атамнай зброі для таго, каб пракласці дарогу савецкім арміям на Захад – праз Заходнюю Нямеччыну ў Францыю, каб такім чынам разграміць войскі ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі ў Еўропе. Трэба было вывучыць, як жаўнеры змогуць прайсці праз кропку, дзе толькі што адбыўся атамны выбух.

Савецкія атамныя выпрабаванні ў 1951 годзе. Фота wikipedia.org

Такім чынам наступнай савецкай атамнай бомбай стала РДС-2, якую выкарысталі ў 1954 годзе падчас савецкіх вайсковых вучэнняў «Сняжок» на Тоцкім палігоне (зараз – РФ) 14 верасня 1954 года. У выніку вучэнняў ад радыяцыі пацярпелі 45.000 жаўнераў і 10.000 мясцовых жыхароў. Дакладна невядома, колькі з іх і ў якія тэрміны захварэлі ці загінулі ад наступстваў атамных выпрабаванняў.

З іншага боку, пакуль не рассакрэчаныя дакументы вучэнняў, дакладна невядома, наколькі ведалі савецкія вучоныя і вайскоўцы (вучэннямі кіраваў маршал Георгій Жукаў) пра ўсе надзвычайныя фактары атамнай зброі.

Хлусня двух тыпаў

Гісторыі пуцінскай «ракеты з атамным рухавіком» (якую мы не бачылі, акрамя як у выглядзе мульціка) і сталінскай А-бомбы, як мы бачым, падзеі ў нейкай ступені падобныя, а ў нейкай – не.

З аднаго боку, Сталін масавым тэрорам і прапагандай кіраваў імперыяй, што кантралявала палову Еўропы, але пры гэтым выдаваў сябе перад усім светам за абаронцу міра і барацьбіта з фашызмам (як і зараз, «фашызмам» называлі ўсё тое, што не падабалася «барацьбіту»). Абсалютная большасць савецкіх падданых жыла ў жахлівых умовах, калі ім не хапала элементарнай ежы і вопраткі – апошні масавы голад у СССР адбыўся ў 1946-47 гадах, дый надалей харчаванне ў СССР было вечным дэфіцытам. У той жа час савецкая дыктатура аддавала вялізарныя сродкі, адабраныя ў сваіх нявольнікаў, не толькі на банкеты ў сваіх рэзідэнцыях, але на ліхаманкавае і сакрэтнае стварэнне ўсё новых відаў зброі.

У наш час Уладзімір Пуцін залежыць ад уласнай шавіністычна-ваяўнічай прапаганды, і вымушаны так ці інакш падтрымліваць адпаведны градус падобнай істэрыі ў грамадстве – таму, як не раз было даўно заўважана, сучасны расейскі піяр палягае ў паказной дэманстрацыі нават тых вайскова-тэхналагічных дасягненняў, якія існуюць толькі на паперы. Але расейская эканоміка, якая знаходзіцца пад кіраўніцтвам карумпаванай і разбэшчанай эліты, недастаткова моцная зараз, каб падтрымліваць гэтыя дэкларатыўныя прэтэнзіі на статус звышдзяржавы.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары