Стала вядома, з кім згуляе Азаранка ў першым матчы на «Australian Open»


У Мельбурне прайшло лёсаванне адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе, які стартуе 18 студзеня.

Вікторыя Азаранка займае цяпер 16-е месца ў сусветным рэйтынгу, і ў першым раўндзе мельбурнскага турніру сустрэнецца з бельгійкай Элісан Ван Эйтванк (44). Беларуска выступіць тут у 12 раз, дагэтуль яна выйгравала турнір двойчы: у 2012 і 2013 гадах.

Апроч Вікторыі Азаранкі на кортах «Мельбурн-парку» выступяць яшчэ дзве беларускія тэнісісткі. Вольга Гаварцова (72) правядзе першую гульню супраць немкі Таццяны Марыі (75), а Аляксандра Сасновіч (106) сустрэнецца з расейкай Яўгеніяй Родзінай (90).

Першая ракетка планеты амерыканка Серэна Уільямс (пераможца «Australian Open» у 2003, 2005, 2007, 2009, 2010 і 2015 гг.) у першым паядынку будзе супернічаць з італьянкай Камілай Джорджы (35). Сярод 128 удзельнікаў мужчынскага адзіночнага разраду беларусаў не будзе: Ягор Герасімаў выбыў пасля другога кваліфікацыйнага раўнду, а Уладзімір Ігнацік прайграў стартавы паядынак.

У мужчынскім парным разрадзе выступіць Максім Мірны, які пачаў цяперашні сезон з новым партнёрам – філіпінцам Трэтам Хʼюі. Лёсаванне парных разрадаў адбудзецца 17 студзеня.

Агульны прызавы фонд сёлетняга «Australian Open» складае $ 32 млн.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў