«Спыняцца нельга, а інакш будуць рэпрэсіі». Як пратэставалі рабочыя ў Менску


Пратэсты на дзяржаўных заводах у Менску выбухнулі 17 жніўня з новай сілай. У маршы рабочых, якія прайшлі ад МЗКЦ да будынку Белтэлерадыёкампаніі, прынялі ўдзел працаўнікі мінімум шасці прадпрыемстваў, у тым ліку чатырох буйных прамысловых.

Як і на мінулым тыдні, рухавіком рабочых пратэстаў у Менску стаў МТЗ. 14 жніўня менавіта рабочыя МТЗ першыя абвесцілі страйк (прэс-служба заводу афіцыйна гэты факт прызнала) і зладзілі шэсце да Дому ўраду. Цяпер, 17 жніўня, МТЗ адразу аб’яднаў свае намаганні з Менскім электратэхнічным заводам (МЭТЗ).

Работнікі МЗКЦ, МАЗ, маторнага завода і інш прыйшлі да будынку БТ. 17 жніўня.
Фота: Света Фар / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Як тлумачылі самі супрацоўнікі заводу, забастоўку на МЭТЗ падтрымала асноўная маса рабочых. Раніцай яны пайшлі да МТЗ, дзе да іх далучыліся рабочыя з трактарнага заводу. Разам яны вырашылі ісці да МЗКЦ, які мусіў наведаць Аляксандр Лукашэнка. «У нас мірная дэманстрацыя: мы маем толькі працоўныя рукі, больш нічога. Пасля ўчорашняй прамовы мы зразумелі, што Лукашэнка не жадае сыходзіць, а лічым сваім прэзідэнтам мы Святлану Ціханоўскую. Мы ідзем на МЗКЦ сказаць Лукашэнку «не»: ты прайграў выбары, сыходзь», – заявіў belsat.eu сівы рабочы, які нёс сцяг МЭТЗ. «Мы хочам сумленных выбараў. Каб не збівалі нашых дзяцей, каб мы спакойна хадзілі па вуліцах», – дадае працаўніца з электратэхнічнага заводу. Рабочыя МТЗ сказалі, што да забастоўкі сёння далучылася першая змена амаль у поўным складзе. Генеральны дырэктар Віталь Вовк нібыта не адгаворваў іх ісці да Лукашэнкі. «Сказаў: калі хочаце – ідзіце», – распавёў адзін з рабочых трактарнага заводу.

Работнікі МЗКЦ, МАЗ, маторнага завода і інш прыйшлі да будынку БТ. 17 жніўня.
Фота: Света Фар / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Да рабочай дэманстрацыі Лукашэнка не выйшаў. Калі пратэстоўцы падыходзілі да МЗКЦ, яны пабачылі, як улятае ягоны верталёт. Гэты «пабег» рабочыя сустрэлі нецэнзурнай лаянкай на адрас Лукашэнкі і скандаваннем «Ганьба». Як стала вядома, дыялог з рабочымі МЗКЦ у Лукашэнкі таксама прайшоў няўдала: яны перабівалі яго, крычалі «Сыходзь».

Хаця падчас шэсця пратэстоўцаў у бок МЗКЦ паехалі шэсць армейскіх грузавікоў з унутранымі войскамі, каля заводу ачаплення сілавікоў не было. Рабочыя спакойна занялі пляцоўку і крычалі працаўнікам МЗКЦ «Далучайся» і «Выходзь». «Я працаваў тут. Мне сорамна за тое, што я рабіў вельмі складаную працу, якую можа зрабіць не кожны чалавек, а цяпер гэтымі машынамі душаць людзей. Як я цяпер буду глядзець людзям у вочы?» – абураўся адзін рабочых на пляцоўцы перад прахадной МЗКЦ. Але рабочых заводу зачынілі ў цэхах і не выпускалі на вуліцу. Затое да МТЗ і МЭТЗ далучыліся невялікія групы з прадпрыемстваў «Менскія кабельныя сеткі» і «Белрэканструкцыі». Працаўнікі «Менскіх кабельных сетак» распавялі, што да пратэстаў далучыліся каля 50% усіх працаўнікоў, хаця татальную забастоўку яны і не плануюць, бо ад іх залежыць забеспячэнне электраэнергіяй ўсяго горада. Што тычацца «Белрэканструкцыі», то яны дэ-факта забастоўку яшчэ не распачалі, але ўжо вылучылі свае патрабаванні (адстаўка Лукашэнкі, новыя выбары і г.д.). «У краіне нейкі хаос, міліцыя не выконвае свае функцыі. Трэба аб’яднацца, кансалідавацца», – дадаў адзін з пратэстоўцаў.

Агульны страйк работнікаў менскіх заводаў. Рабочыя МАЗ МЗКЦ выходзяць пратэставаць праз турнікеты, якія не працуюць. 17 жніўня, 2020 г. Менск, Беларусь.
Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Замест Лукашэнкі на прыступках ля ўваходу ў МЗКЦ выступіла Марыя Калеснікава. Яна падзякавала працоўным за іх барацьбу і заклікала працягваць негвалтоўны супраціў далей, абіраць сваіх прадстаўнікоў у агульную раду. «Даўбіць, даўбіць, даўбіць гэтую ўладу», – разам з Калеснікавай скандаваў натоўп.

Пратэстоўцы не сталі чакаць, калі працаўнікоў МЗКЦ выпусцяць на вуліцу, а замест гэтага пайшлі на МАЗ. Сітуацыя на МАЗе з мінулага тыдня заставалася ў падвешаным стане. Яшчэ 14 жніўня рабочыя сфармулявалі свае патрабаванні (адстаўка Лукашэнка, новыя выбары, свабоду палітвязням і г.д.) і перадалі іх генеральнаму дырэктару Валерыю Іванковічу. Гендырэктар паабяцаў рабочым нікога не звальняць і перадаць усе іх патрабаванні ўладам, а пратэстоўцы ў сваю чаргу ўсё ж пагадзіліся пачакаць да панядзелка. Як раней распавядалі суразмоўцы belsat.eu з МАЗу, рабочыя ўзялі паўзу выключна пад уплывам Іванковіча – кажуць, на заводзе ён усё ж мае аўтарытэт. Новы сход з удзелам гендырэктара быў запланаваны сёння на 12:00, але цяпер Іванковіч на яго проста не прыйшоў – паводле саміх рабочых, замест гэтага ён паехаў на МЗКЦ размаўляць з Лукашэнкам. Таму, калі да МАЗу падышла калона пратэстоўцаў, рабочых МАЗа ўжо не было каму спыніць: забастоўка дэ-факта распачалася. Паводле саміх рабочых, пратэсты падтрымала абсалютная большасць працаўнікоў МАЗу.

Агульны страйк работнікаў менскіх заводаў. МАЗ, МЗКЦ і інш. 17 жніўня, 2020 г. Мінск, Беларусь.
Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Выхад МАЗаўцаў на вуліцу быў сустрэты авацыямі і скандаваннем «Малайцы». Аналагічным чынам выглядала сітуацыю на Менскім маторным заводзе. Ад 17 жніўня на заводзе распачалася бестэрміновая забастоўка. Кіраўніцтва заводу, кажуць, не запалохвала рабочых – проста спрабавала патлумачыць эканамічныя наступствы забастоўкі. Аднак гэтыя аргументы не пераканалі рабочых. «Цяпер ужо трэба ісці да канца», – сказаў адзін з суразмоўцаў belsat.eu. Маладая жанчына, якая працуе на ММЗ, распавяла, што даўно была незадаволеная сітуацыяй у краіне, але толькі цяпер вырашыла ўдзельнічаць у пратэстах. «Больш нельга баяцца. А калі ўсе разам, то гэта зусім і не страшна», – дадала яна. Далучэнне да пратэстаў ММЗ таксама быў сустрэты авацыямі і агульным захапленнем. «Яшчэ б на наш бок міліцыю перацягнуць», – з надзеяй выказалася жанчына.

Работнікі МЗКЦ, МАЗ, маторнага завода і інш прыйшлі да будынку БТ. 17 жніўня.
Фота: Света Фар / Belsat.eu / Vot-tak.tv

На працягу ўсяго шляху рабочых іх віталі мінакі, жыхары суседніх дамоў, аўтамабілісты і працаўнікі фірмаў, чые офісы месціліся ў будынках уздоўж дарогі. Людзі пастаянна бясплатна раздавалі пратэстоўцам ваду і дзякавалі ім за ўдзел у забастоўцы. Нават тыя прадпрыемства, якія не далучыліся да дэманстрацыі, віталі пратэстоўцаў, падтрымлівалі крыкамі і авацыямі. Калі дэманстранты праходзілі Менскі завод пеністых вінаў да іх выйшлі некалькі дзясяткаў рабочых прадпрыемства. Галоўны энергетык Аляксей Токараў патлумачыў усім, што калектыў заводу цалкам падтрымлівае патрабаванні пратэстоўцаў і хоча далучыцца да забастоўкі, але зробіць гэта толькі пасля завяршэння вытворчага працэсу. Паводле яго, цыкл вытворчасці шампанскага займае некалькі тыдняў і калі яго спыніць – усю партыю трэба будзе выліць.

«Лукашэнка – у аўтазак» – стаў самым папулярным лозунгам пратэстаў менскіх рабочых. Акрамя таго, гучалі традыцыйныя «Сыходзь», «Жыве Беларусь», «Верым. Можам. Пераможам» і «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». У параўнанні з пратэстамі мінулага тыдня ў рабочых стала значна больш бел-чырвона-белых сцягоў.

Канчатковай кропкай маршу рабочых у Менску стаў будынак «Белтэлерадыёкампаніі» на вуліцы Макаёнка 9, дзе і так ад самай раніцы ішлі пратэсты. На Макаёнка 9 рабочыя далучыліся да патрабавання, каб да іх выйшаў кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі» Іван Эйсмант. Але ўлады зноў не палічылі мэтазгодным весці размову з пратэстоўцамі. Затое на абарону тэрыторыі «Белтэлерадыёкампаніі» накіравалі вайскоўцаў – жаўнераў поўнымі экіпаванні і з аўтаматамі можна было пабачыць за плотам. Саміх супрацоўнікаў БТ выпускалі з будынку праз чорны ход.

Работнікі МЗКЦ, МАЗ, маторнага завода і інш. прыйшлі да будынку БТ. 17 жніўня.
Фота: Света Фар / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Нежаданне ўлады ісці на дыялог рабочых ніколькі не збянтэжыла, усе выказвалі ўпэўненасць у тым, што пратэсты варта працягваць да пераможнага канца. «Мы будзем працягваць баставаць пакуль ён не сыдзе. Спыняцца нельга, а інакш будуць рэпрэсіі», – заявілі рабочыя трактарнага заводу. Перспектыва звальнення забастоўшчыкаў таксама не палохае. «Усіх ён усё роўна не звольніць. А каго на нашае месца браць? Моладзь не надта ірвецца на заводы. Ну а што тычацца нас, то рабацяга заўсёды знойдзе працу – не на адным заводзе, дык на іншым», – казалі belsat.eu рабочых МЭТЗ.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў