«Спужаўся, што затрымаюць, і распыліў газ». Байцу ММА далі два гады калоніі за напад на міліцыянта


22-гадовы жыхар Бабруйска Ягор Храменя ўвечары 9 жніўня знаходзіўся на цэнтральнай плошчы гораду разам з сябрамі. Калі пачаўся «хапун», людзі кінуліся ўцякаць. Пабег і Ягор. На сваім шляху сустрэў супрацоўніка паставой службы, які затрымліваў нейкага хлопца. Міліцыянт, па словах Ягора, падняў руку ў ягоны бок. Маладзёну падалося, што яго будуць затрымліваць. Тады ён дастаў з кішэні пярцовы балончык і распыліў яго ў бок міліцыянта.

«Віну прызнаю часткова: распыліў газ, але не біў»

Ягора Храменю затрымалі на наступны дзень пасля інцыдэнту на той жа плошчы Леніна паводле арт.23.34 КоАП – парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. У пастарунку хлопец напісаў яўку з павіннай. Такім чынам да адміністратыўнага артыкулу і 12 содняў дадалося абвінавачванне паводле крымінальнага кодэксу: арт.364 – гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі.

Тры месяцы, пакуль ішло следства, Ягор знаходзіўся ў бабруйскім СІЗА. Судовае разбіральніцтва распачалося 10 лістапада. Храменя заявіў, што сваю віну прызнае часткова. Ён не адмаўляў, што распыліў газ у твар міліцыянту, але казаў, што не біў яго, як сцвярджаў супрацоўнік ППС Дзмітрый Сакун, які выступаў на судзе ў якасці пацярпелага.

«Мы з сябрамі былі на плошчы, калі сілавікі пачалі разганяць людзей. Усе пабеглі – хто ў двары, хто куды мог, – распавядаў маладзён на судзе. – Я таксама стаў уцякаць і пабачыў, як міліцыянт, як потым я даведаўся, гэта быў Дзмітрый Сакун, затрымліваў нейкага хлопца, сядзеў на правым калене на зямлі і трымаў яго. У пэўны момант супрацоўнік падняў правую руку, я спужаўся, што ён мяне схопіць за штаны, і інстынктыўна дастаў балончык і пырснуў у ягоны бок. Потым я зразумеў, што трапіў у вочы, і што яму балюча».

«Чаму вы пабеглі?» – пыталася на судзе пракурор.

«З-за страху», – адказваў Ягор.

«Якая была неабходнасць у той момант выкарыстоўваць газ? Вы – дарослы чалавек, і не разумелі, што міліцыянты ў форме там знаходзіліся, каб ахоўваць грамадскі парадак?» – зноў пыталася дзяржаўная абвінаваўца.

«Самаабарона, – казаў хлопец. – Гэта на ўзроўні падсвядомасці было. Потым я зразумеў, што зрабіў памылку».

Ягор Храменя на судзе. Фота belsat.eu

«Калі б я ўдарыў, наступствы былі б горшымі»

Маладзён уцёк, а балончык выкінуў. У той вечар яго не злавілі. Затрымалі на наступны дзень падчас чарговага «хапуну» на плошчы.

«Чаму вы не прыйшлі з яўкай з павіннай адразу?» – было яшчэ адно пытанне ад пракурора.

«Разгубіўся. А потым, праз некаторы час, загаварыла сумленне», – адказваў Ягор.

24-гадовы міліцыянт Дзмітрый Сакун на судзе распавёў, што ўвечары 9 жніўня нёс службу на плошчы Леніна, па рацыі атрымаў паведамленне, што там адбываецца несанкцыянаваны мітынг.

«Я затрымаў аднаго хлопца, у дзеяннях якога праглядалася парушэнне арт.23.34 КоАП, паклаў яго на плітку, утрымліваў, – узгадваў падзеі паслявыбарнага вечару міліцыянт. – Раптам адчуў удар па галаве, павярнуўся і адразу боль у вачах – нехта распыліў газ».

Медычнае абследаванне паказала хімічны апёк вачэй. Таксама быў зафіксаваны ўдар левага вуха. На судзе Сакун настойваў, што атрымаў адчувальны ўдар. У той жа час у папярэдніх апытаннях, якія зачытваў суддзя, казаў, што яго маглі проста зачапіць, што ўдар быў не такі і моцны.

Адвакатка Храмені Аліна Баянава падчас спрэчак бакоў звярнула ўвагу суда, што ў самым першым заключэнні медыкаў, як і ў канчатковым дыягназе, быў адзначаны толькі хімічны апёк, пра ўдар мовы не было. Акрамя, у адным з заключэнняў, дзе згадваліся пашкоджанні ў вобласці галавы, было пазначана, што яны маглі ўзнікнуць у выніку ўздзеяння хімічнага рэчыва, то бок, таго самага пярцовага газу.

Сам Ягор Храменя катэгарычна адмаўляў на судзе, што біў Сакуна.

«Я займаюся барацьбой. Калі б я біў, наступствы былі б нашмат горшыя, чым удар», – казаў маладзён.

Hавiны
Настаўнікаў з аграгарадка звольнілі за асуджэнне гвалту сілавікоў
2020.11.07 15:10

Пракурор: злачынства асабліва небяспечнае, прашу 4 гады калоніі

Шмат супярэчання было і ў паказаннях сведкі – міліцыянта ППС Сяргея Кубара, які 9 жніўня нёс службу разам з Сакуном. На разыходжанні ў словах звярталі ўвагу ў тым ліку пракурор і суддзя Антон Дудаль. Кубар тлумачыў несупадзенні магчымай стомленасцю падчас самых першых апытанняў. Пра ўдар ён сказаў, што «дакладнага ўдару не бачыў, было нешта як наводмаш». Акрамя пытанняў уласна пра інцыдэнт, суддзя пытаўся пра тое, якую інфармацыю Ягор Храменя атрымліваў з тэлеграм-каналаў.

Пры затрыманні ў маладзёна забралі тэлефон, потым пералік каналаў, на якія ён быў падпісаны, увайшоў у матэрыялы справы. Родныя Храмені прыклалі да справы станоўчыя характарыстыкі на Ягора з месца працы (маладзён працаваў электрагазазваршчыкам на ААТ «Белшына», там жа быў сябрам БРСМ), ад сяброў-спартоўцаў, а таксама хадайніцтвы з працы і ад суседзяў не караць сувора.

У Храмені арыштавалі аўтамабіль, мабільны тэлефон. Сваякі хлопца аплацілі лячэнне Дзмітрыя Сакуна ў шпіталі на суму 249,99 рублёў. Акрамя, Сакун запрасіў кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 5000 рублёў.

Дзяржаўны абвінаваўца ў сваёй прамове падчас спрэчак бакоў казала, што не пабачыла ў Ягора шчырага раскаяння, і што ягоныя дзеянні былі асабліва небяспечнымі для грамадства, бо ён напаў на супрацоўніка міліцыі пры выкананні ім службовых абавязкаў. Пракурор запрасіла ў суда пакаранне для Храмені ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі.

Ягор Храменя на судзе. Фота belsat.eu

«Такі чалавек, як Ягор, патрэбны нашаму грамадству»

Адвакатка прасіла суд звярнуць увагу на супярэчнасці ў паказаннях пацярпелага і сведкі, на станоўчыя характарыстыкі на Храменю, адсутнасць у яго ранейшых судзімасцяў.

«Я лічу, што такі чалавек, як Ягор, патрэбны свайму працоўнаму калектыву і нашаму грамадству, што ён больш карысці прынясе на волі», – казала абаронца і прасіла пакараць хлопца арыштам.

Суддзя Антон Дудаль прыгаварыў Храменю да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Акрамя, маладзён мусіць сплаціць пацярпеламу Дзмітрыю Сакуну 1000 рублёў як кампенсацыю маральнай шкоды, 81 рубель – дзяржаўную мыту і 6,44 рубля – судовыя выдаткі.Сям’я маладзёна збіраецца абскарджваць прысуд.

Ягор Храменя – вядомы спартовец. Займаецца адзінаборствамі. Перамагаў на Адкрытым кубку Беларусі па MMA (змяшаныя баявыя майстэрствы).

НА, belsat.eu

Стужка навінаў