«Спіхнуць усё на Лукашэнку не ўдасца». Чаму гарадзенскі госпіс зрабіўся небяспечным для ўладаў і што з ім цяпер?


У эканамічным судзе Горадні 1 снежня пачаўся разгляд справы пра пазбаўленне дзіцячага госпісу арэнды аднаго з памяшканняў. Як і чаму арганізацыя, якая працуе з цяжкахворымі дзецьмі, стала ўяўляць небяспеку гарадзенскаму правапарадку?

Гарадзенскі госпіс.
Фота: belsat.eu

Дзіцячы госпіс працуе ў Горадні 13 гадоў. Арганізацыя дапамагае прыблізна 70 сем’ям: гэта медычная, сацыяльная, псіхалагічная і духоўная дапамога невылечна хворым дзецям ды іхным бацькам. Падапечным установы – да 24 гадоў, ува ўсіх складаныя дыягназы: анкалагічныя і генетычныя хваробы, паталогіі нервовай сістэмы.

Падчас першай хвалі каронавіруса валанцёры госпісу далучыліся да руху дапамогі гарадзенскім медыкам у барацьбе з COVID-19: у сацыяльнай майстэрні арганізацыі валанцёры шылі сродкі індывідуальнай аховы.

Такую дапамогу нават ацанілі мясцовыя ўлады: паспрыялі атрыманню новага памяшкання ва ўрочышчы Пышкі, паабяцалі дапамагаць з аплатай арэнды і камунальных паслуг.

Аднак усё змянілася пасля выбараў: госпіс з гэтага памяшкання выселілі, арганізацыю хочуць пазбавіць таксама другога памяшкання – пры гарадской паліклініцы, распачаліся шматлікія правяранні – у тым ліку супраць дырэктаркі ўстановы Вольгі Вялічкі, працаўнікоў выклікаюць на бясконцыя допыты.

«Госпіс – гэта пра жыццё, а не пра смерць»

Да моманту, пакуль не з’явіўся дзіцячы госпіс, у Горадні не існавала сістэмы паліятыўнай дапамогі, не было арганізацыі, якая б займалася цяжкахворымі дзецьмі.

Гарачы каментар
Дырэктарка дзіцячага госпісу ў Горадні: 10 гадоў мы тлумачым, што госпіс – гэта не месца смерці
2019.02.15 23:15

«Мне было 23 гады. Падчас свайго дэкрэтнага адпачынку да мяне пачалі звяртацца бацькі цяжкахворых дзяцей. Яны мяне добра ведалі, да гэтага я працавала ў цэнтры рэабілітацыі. Я з’ездзіла ў рэспубліканскі госпіс, паглядзела, як там усё арганізавана, і пастанавіла наладзіць у Горадні паліятыўную дапамогу дзецям», – распавядае «Белсату» Вольга Вялічка.

Вельмі хутка сабралася каманда – зарэгістравалі арганізацыю і пачалі працаваць. Доўгі час работнікі госпісу працавалі ў невялікім памяшканні, першыя 7 гадоў валанцёрылі. Паступова, праз 13 гадоў, у Горадні з’явілася сістэматычная дапамога цяжкахворым дзецям.

«Мы ставімся да дзіцяці як да чалавека, асобы, нягледзячы на тое, можа яно хадзіць, бачыць, размаўляць ці не. Гэтая павага да асобы, а не да ейных магчымасцяў была і застаецца для мяне вельмі каштоўнаю», – адзначае Вольга.

Паводле Вольгі Вялічкі, дастаткова складана прыняць тое, што ты ніколі не здолееш некага вылекаваць. Бальшыня падапечных госпісу назаўсёды застануцца дзецьмі, яны ніколі не зробяцца дарослымі. З іншага боку, гэта праца вельмі ўдзячная: ты ведаеш, што гэтыя дзеці ніколі не схлусяць, не скажуць дрэннага, яны заўсёды шчыра радуюцца табе.

«Трэба гэтае дзіця пакласці і чакаць, калі яно ціхенька памрэ?»

За час існавання госпіс зрэалізаваў у Горадні шмат праектаў, у тым ліку сацыяльных. Сёння цяжкахворыя дзеці маюць больш дапамогі, развіваецца дабрачыннасць. Праўда, са словаў дырэктаркі ўстановы, сістэма паліятыўнай дапамогі пакуль недасканалая, яшчэ ёсць над чым працаваць, але ў нейкі момант яны «ўперліся ў столь».

Падрыхтоўка да дабрачынных кірмашоў.
Фота: belsat.eu

«Мне часам кажуць: сядзела б ты ў госпісе, навошта палезла ў палітыку. Але рэч жа не ў палітыцы. Рэч у тым, што ты не можаш быць адарваным ад усеагульнай дзяржаўнай сістэмы, што ты пры гэтай сістэме не можаш нічога змяніць. Калі асэнсоўваеш гэта, то не стаіць пытанне, я баюся ці я не баюся. Ты проста ідзеш і робіш справу з разуменнем, што ты павінен змяняць сістэму», – перакананая Вольга.

Сацыяльную сферу ў Беларусі падтрымліваюць паводле рэшткавага прынцыпу, стандарты сацыяльнай дапамогі застаюцца такімі ж, як іх зацвердзілі яшчэ ў Савецкім Саюзе.

«У нашых дзяцей – чацвёртая ступень страты здароўя. Паводле стандартаў, гэта значыць, што яны маюць нулявы рэабілітацыйны патэнцыял, ім нельга ў санаторый, у паліклініку на масаж ці ЛФК, адныя супрацьпаказанні ў гэтага дзіцяці. І што, гэта значыць, трэба яго проста пакласці і чакаць, калі яно ціхенька памрэ? І гэтая гісторыя цягнецца ў нас з савецкага часу. Свет, тэхналогіі змяняюцца, а стандарты надавання сацыяльных паслуг як былі ў глыбокім зачаткавым стане, так і засталіся», – адзначае Вольга.

У камандзе госпісу – прафесіяналы паліятыўнай дапамогі

Сёння ў госпісе працуюць штатныя працаўнікі і валанцёры. Не зважаючы на ціск, яны штодзень наведваюць падапечных удома, а цяпер яшчэ рыхтуюцца да дабрачынных кірмашоў – хутка святы.

Падрыхтоўка да дабрачынных кірмашоў.
Фота: belsat.eu

«Каманда госпісу доўга выкрышталізоўвалася, і сёння я магу сказаць: гэта адныя з найлепшых людзей у краіне, якія разумеюць, як працаваць з цяжкахворымі дзецьмі ды іхнымі семʼямі. Трэба зрабіць так, каб мікрасістэма, пабудаваная ў госпісе, магла маштабавацца, каб людзі з іншых гарадоў пераймалі наш досвед і рабілі ў сябе. Мне вельмі пашанцавала, што я працую з такімі надзейнымі людзьмі, сапраўднымі прафесіяналамі», – адзначае Вольга Вялічка.

Паводле дырэктаркі ўстановы, камандзе госпісу цяпер вельмі цяжка, бо яны ніколі не працавалі пад такім ціскам. Працаўнікоў па некалькі разоў выклікаюць на допыты, што трываюць 3–4 гадзіны. А пасля гэтага яны ідуць і дапамагаюць цяжкахворым дзецям:

«Ім вельмі складана. Штодня ў госпісе ты сустракаешся з болем, адчаем, і гэта само па сабе цяжка. Навучыцца бачыць у гэтым радасць жыцця не кожны чалавек здольны. Не зважаючы на ціск, мы працягваем працаваць, і тое, як гэта робяць мае калегі, – неймаверна».

Пераслед госпісу

У верасні ў памяшканні госпісу ў Пашках, якое арганізацыя арандавала ў Камбінату школьнага харчавання Ленінскага раёну Горадні, памянялі замкі. Працаўнікі не здолелі туды трапіць нават забраць свае рэчы. У гэтым памяшканні валанцёры госпісу шылі сродкі індывідуальнай аховы для гарадзенскіх медыкаў. Пазней з Эканамічнага суда прыйшла пазоўная заява пра скасаванне дамовы арэнды і пакрыцця стратаў нібыта за тое, што камбінат не карыстаўся гэтым памяшканнем.

Акрамя гэтага, госпіс хочуць выселіць з памяшкання гарадзенскай дзіцячай паліклінікі № 2 на вуліцы Гагарына, дзе арганізацыя арандавала кабінет з пачатку сваёй працы. Дамова арэнды канчаецца 23 снежня.

Hавiны
COVID-19 забраў грошы ў дзяцей. Госпіс чэрпае з запасаў
2020.05.04 12:59

22 кастрычніка па ананімнай заяве туды прыйшлі з правяраннем работнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў. Прычына – імавернае ўхіленне службовых асобаў і працаўнікоў госпісу ад выплаты падаткаў. Адбыўся «агляд памяшканняў». У выніку забралі два кампʼютары, дакументы пра спонсарскую дапамогу, працоўны нататнік дырэктаркі. Цяпер юрысты не могуць нават прачытаць дамовы, якую з госпісам хочуць скасаваць арэндадаўцы – дзве дзяржаўныя арганізацыі.

За месяц адбылося ўжо некалькі правяранняў – з боку міліцыі ды санэпідстанцыі. Тлумачэнні бяруць і ў бацькоў цяжкахворых дзяцей. Ціснуць на заснавальнікаў госпісу, каб паўплываць на зняцце Вольгі Вялічкі з пасады.

«Яны захацелі стварыць паліятыўны цэнтр пры доме дзіцяці. Добра, можна зычыць ім поспехаў. Але не, у выніку яны пастанавілі зняць мяне з пасады і паставіць свайго дырэктара, забраць госпіс з абсталяваннем. Няма чалавека – няма праблемы? Сёння палова ДФР правярае, капае. Здымуць мяне з пасады, закрыюць госпіс, а далей што? Няўжо яны думаюць, што пасля гэтага я супакоюся, што людзі супакояцца, што ўсё вернецца і будзе такім, як раней?» – разважае Вольга.

ДФР ні адвакату, ні дырэктарцы ўстановы, ні журналістам інфармацыю па выніках правяранняў не дае.

«Закон у Беларусі зламаўся. Але мы будзем змагацца да канца. Мы гэта так проста не пакінем. За намі юрыдычная і маральная праўда. Мы робім гэта не для сваёй выгады, а для людзей», – каментуе Вольга Вялічка.

У пачатку года ў госпіс ужо прыходзілі з правяраннем, таксама ініцыяваным па ананімным звароце. Хаця такое забараняе беларускае заканадаўства. Праверылі, як арганізацыя атрымлівае ды выдаткоўвае спонсарскую дапамогу, збірае ахвяраванні. Парушэнняў не выявілі.

Заняткі з дзецьмі ў гарадзенскім госпісе.
Фота: belsat.eu

«Дыялог з уладамі ніколі не быў просты»

Дырэктарка госпісу ўпэўненая, што прычынаю такога ціску стала ейная грамадзянская пазіцыя ды актыўнасць. Яна была ў штабе Віктара Бабарыкі, збірала подпісы за ягонае вылучэнне кандыдатам на прэзідэнта. Падчас выбараў стала незалежнаю назіральніцаю на ўчастках у Ваўкавыскім раёне, пісала ў пракуратуру і ЦВК пра парушэнні.

Пасля разгону пратэстаў 9–12 жніўня Вольга Вялічка ўвайшла ў склад ініцыятыўнай групы неабыякавых гарадзенцаў, якія спрабавалі наладзіць дыялог з уладамі і стварыць у Горадні Раду народнага даверу. На чатыры дні Горадня зрабілася самым вольным горадам Беларусі. Улады выйшлі размаўляць на плошчу да 40 тысяч пратэстоўцаў, была трансляцыя мітынгу на мясцовым тэлеканале. Але гэта трывала нядоўга: усе дамоўленасці былі скасаваныя, пачаліся рэпрэсіі супраць актывістаў.

«Дыялог з уладамі ніколі не быў просты. Калі прыходзіш да чыноўнікаў і кажаш, што ёсць такія і такія праблемы, яны ўспрымаюць гэта як асабістую крытыку. Але гэта не прафесійна. У сацыяльнай сферы сярод чыноўнікаў наагул вельмі мала прафесіяналаў. Праўда, чыноўнікам са мною таксама нялёгка, я заўсёды кажу як ёсць, не ўмею падбіраць дыпламатычных словаў», – адзначае Вольга.

Hавiны
«Усё роўна здохне». Праз нядбаласць медыкаў хворая на рак мянчанка памірала ў пакутах
2020.02.05 06:00

На думку Вольгі Вялічкі, сёння чыноўнікі трымаюцца не за ідэю, не за Лукашэнку, а за сваё асабістае:

«Калі чыноўнік ведае, што насамрэч ён не прафесіянал сваёй справы, калі разумее, што яго проста пасадзілі на гэтае месца, ён будзе трымацца за гэтую сістэму, бо пры іншай проста не знойдзе сабе іншай працы».

За час існавання госпісу ў Горадні змяніліся некалькі гэтак званых мэраў. Шмат якія гарадзенцы адзначаюць, што пры цяперашнім кіраўніку Гарадзенскага выканкаму – Мечыславе Гою – горад змяніўся. Менавіта ён пагадзіўся на дыялог з пратэстоўцамі і выходзіў да іх на плошчу.

«Ён чалавек сістэмы, якому ў нейкі момант не хапіла смеласці стаць героем. У яго быў шанец увайсці ў гісторыю Беларусі. Калі б ён падчас жнівеньскіх падзеяў перайшоў на бок народу, на сумленных выбарах людзі, магчыма, выбралі б яго кіраўніком. Але каб аднаму ісці супраць сістэмы, трэба быць смелым, не азірацца, умець ставіць грамадскае вышэй за асабістае. Гэты чалавек публічна паабяцаў плаціць за арэнду і камунальныя паслугі нашага памяшкання ў Пышках, але свайго слова не стрымаў, цяпер у нас суд», – распавядае Вольга.

«Кожны будзе адказваць за свае дзеянні сам»

У сярэдзіне кастрычніка падчас адной з дабрачынных імпрэзаў на падтрыманне госпісу Вольгу Вялічку забрала міліцыя. Ноч яна правяла ў ІЧУ, на наступны дзень быў суд, ёй прызначылі штраф 15 базавых велічыняў «за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў».

Вольга Вялічка з мужам Сяргеем.
Фота: архіў героеў.

Практычна адразу пачалося і правяранне Дэпартаменту фінансавых расследаванняў ды хваля цкавання ў ананімных тэлеграм-каналах.

«Чыноўнікі пераацэньваюць мае магчымасці, хочуць з мяне зрабіць пратэставага героя. У Горадні былі больш годныя і дасведчаныя людзі, мы, працуючы ў адной камандзе, дамагліся таго, што ў горадзе чатыры дні паветра пахла свабодаю. Гэта ўзрушальнае пачуццё, якое немагчыма забыць. Хто аднойчы гэта адчуў, ніколі не пагодзіцца вярнуцца ў клетку, жыць у той сістэме, у якой жыў раней. Я на такое ніколі не пагаджуся. І такіх людзей, як я, вельмі шмат», – адзначае дырэктарка госпісу.

Паводле Вольгі Вялічкі, з яе хочуць зрабіць галоўнага рэвалюцыянера, а з госпісу – рэвалюцыйную структуру:

«Я не супраць, але я яшчэ не заслужыла. Яны думаюць, што калі ўчыняць публічную лупцоўку мяне і госпісу, то іншыя людзі спалохаюцца? Але яны памыляюцца. Гэта ўздыме і абурыць людзей яшчэ больш. Гэта ўжо бачна з тых паведамленняў, што мы атрымліваем, з акіяну дапамогі, падтрымання і салідарнасці, што атрымлівае госпіс. За 13 гадоў працы ў нас не было такога ніколі».

Hавiны
У гарадзенскага дзіцячага госпісу забіраюць памяшканне
2020.10.22 15:32

Людзі пішуць лісты ў розныя структуры з просьбаю спыніць ціск на госпіс: у гарадзенскія гарадскія і аблвыканкамы, Галоўнае ўпраўленне юстыцыі аблвыканкаму, Дэпартамент фінансавых расследаванняў. На шматлікія звароты давялося адрэагаваць пракуратуры Гарадзенскай вобласці, маўляў, звароты, пададзеныя ў электронным выглядзе, разглядацца не будуць, бо «не ўтрымліваюць асабістага подпісу заяўніка».

«Таму хацелася б чыноўнікам і ўсім людзям, якія ціснуць на нас, падзякаваць: працягвайце ў тым жа духу. Раней не было нагоды ўнесці ў пашыраны спіс санкцыяў ЕЗ тую ж Кулешу (Зоя Кулеша, намесніца старшыні гарвыканкаму. – Заўвага «Белсату»), цяпер прычыны ёсць. Няхай застаюцца без візаў, жывуць у сваёй рэальнасці ды атрымліваюць ад гэтага задавальненне, з прымітыўнымі стандартамі Савецкага Саюзу і сталінскімі падыходамі да людзей. Калі яны думаюць, што пасля скажуць «гэта нам загадалі», і ім усё прабачаць, то памыляюцца. Кожны будзе адказваць за свае дзеянні сам. І спіхнуць усё на Лукашэнку не ўдасца», – кажа дырэктарка госпісу.

«Мяне паставілі перад выбарам»

Праз пераслед і пагрозы быць арыштаванаю Вольга разам з сям’ёю была вымушаная з’ехаць у Літву:

«Я заплаціла вялікую асабістую цану за тое, каб госпіс быў такім, якім ён ёсць сёння. У пэўны момант мяне паставілі перад выбарам: я ў СІЗА, дзеці ў СПЦ (сацыяльна-педагагічны цэнтр) ці адʼезд з краіны. Мы размаўлялі з дзецьмі пра тое, што іх на некаторы час могуць забраць. Пасля, вядома, іх забралі б з СПЦ мае сваякі. Мама і муж у выніку пераканалі, што калі я не думаю пра сябе і гатовая на ўсё, то варта падумаць пра дзяцей. Для мяне гэта было вельмі цяжкім рашэннем. Апошні вечар перад адʼездам я праплакала. І за гэты месяц… Я не ведала, што магу столькі плакаць».

Цяпер Вольга Вялічка разам з сям’ёю не будуюць ніякіх планаў: усе іхныя планы – у Беларусі. Адно што Вольга хоча быць карыснаю – незалежна ад месца, дзе геаграфічна перабывае:

«Мы гатовыя пры першай магчымасці ўсё кінуць і вярнуцца. Вядома, Вільня ментальна вельмі блізкая нам. Але ўсё роўна тут усё не тое: паветра, якім дыхаеш, не тое, зямля, па якой ходзіш, не тая. Мы вельмі хочам дадому, каб усё гэта хутчэй скончылася».

Саша Праўдзіна, «Белсат»

Стужка навінаў