Сотні людзей у Жодзіна шукаюць затрыманых. Спісы ёсць толькі за 9 жніўня


Каля ГУВД Жодзіна. Фота: «Белсат»
Каля ГУВД Жодзіна. Фота: «Белсат»
Каля ГУВД Жодзіна. Фота: «Белсат»
Каля ГУВД Жодзіна. Фота: «Белсат»

Зранку ў Жодзіна збіраецца натоўп людзей з розных гарадоў. Вялікая грамада чакае каля РАУС. Там прымаюць перадачы і даюць звесткі пра затрыманых. Некаторыя прыехалі сюды, бо не ведаюць, дзе шукаць блізкіх. «Мне ў міліцыі Фрунзенскага раёну сказалі, што дачка ў Жодзіна, але тут пра яе нічога не ведаюць», – кажа жанчына з пакункам. Яна падрыхтавала перадачу і прывезла сюды, але не ведае, куды перадаць.

Колькасць людзей у чарзе перадаць ежу і рэчы яшчэ да абеду пераваліла за 300.

Валанцёры дапамагаюць складаць спісы, потым перадаюць іх міліцыянтам, а тыя спраўджваюць, ці ёсць сярод затрыманых пазначаныя асобы. Звесткі пакуль ёсць толькі пра тых, каго затрымалі 9 жніўня.

Тут шмат матуль з малымі дзеткамі і матуль, якія шукаюць сваіх дзяцей па турмах. Шмат слёз і адчаю.

Людзі сустракаюць тых, каго ўжо вызвалілі з СІЗА ў Жодзіна. Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Міліцыянер выйшаў да натоўпу і папрасіў не перадаваць адзенне і ежу, бо ў камерах цёпла і затрыманых харчуюць тройчы на дзень. Але хлопец, што выйшаў з турмы на нашых вачах, сказаў, што іх не кармілі больш за содні.

Судзяць наўпрост у турме

Каля 11 гадзіны з’явіліся спісы, каго ўжо асудзілі. Суд праходзіць там жа ў турме і часцяком без падсуднага.

Ля турмы нумар 8 каля 200 чалавек. Тут валанцёры зладзілі пункт харчавання, раздаюць ваду і адвозяць тых, каго выпускаюць з-за кратаў, па дамах у розныя гарады.

Людзі сустракаюць вызваліўшыхся з СІЗА ў Жодзіна сваякоў і сяброў. Даакола стаяць валанцёры, якія гатовыя развозіць людзй па дамах. Жодзіна, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

З турмы выпускаюць па 3-4 асобы. Людзі ім апладзіруюць, крычаць «вы героі!», а таксама просяць паглядзець на здымкі тых, чыё месцазнаходжанне пакуль невядомае.

Адзін хлопец распавёў, што цяпер з ім выходзяць тыя, у каго скончыўся 72-гадзінны тэрмін затрымання і хто падпісаў паперу, што прыйдзе ў суд на першую неабходнасць. «Але я, можа, сёння сюды ж вярнуся», – усміхаецца ён.

Валанцёры рыхтуюць перадачкі для тых, хто застаецца ў СІЗА ў Жодзіна. Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Іншы мужчына распавёў, што затрыманых 9-га асабліва не аглядалі медыкі, бо не было пашкоджанняў, а тыя, каго прывозілі 10-га і пазней, былі настолькі збітыя, што іх забірала хуткая дапамога. «Найбольш збітыя людзі прыязджалі з Маскоўскага раёну. Там адбываецца жах. Адзін хлопец распавядаў, што на яго ў аўтазаку наступіў амапавец, дастаў пісталет і пачаў пагражаць прастрэліць галаву. А другі папрасіўся ў прыбіральню, яго вывелі і выбілі зубы. Такія страшныя раны былі ў людзей, што медыкі не ведалі, каго ратаваць першым», – распавёў ён.

Машыны сваякоў, сяброў і валанцераў, якія прыехалі ў СІЗА ў Жодзіна. Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

У 12 гадзінаў пачалася стачка на БелАЗе і выпускаць людзей з турмы сталі хутчэй. Кажуць, што турма і так перапоўненая, а праз страйк там проста будзе няма куды дзяваць людзей.

МУС падаў апошнія звесткі пра затрыманых за ўдзел у пратэстах, якія ведамства называе «несанкцыянаванымі масавымі мерапрыемствамі». Гэтак, у ноч з 12 на 13 жніўня было затрымана каля 700 асобаў. Такім чынам, агульны лік затрыманых набліжаецца да 6700.

Каля Жодзінскай турмы. Фота: «Белсат»
Каля Жодзінскай турмы. Фота: «Белсат»
Каля Жодзінскай турмы. Фота: «Белсат»

Марыя Грыц / belsat.eu

Стужка навінаў