Снайпер застрэліў забойцу-ўцекача, які трымаў закладнікаў на АЗС пад Харкавам


Мужчына з-пад Харкава ва Украіне з карабіну застрэліў дзвюх асобаў, а потым узяў закладнікаў на аўтазаправачнай станцыі. СБУ спрабавала пераканаць захопніка, але ў аперацыю мусіў уключыцца снайпер.

У абед 25 траўня да мужчыны ў горадзе Любоцін прыехаў судовы выканаўца, каб апісаць дом паводле рашэння суда. Уладальнік дому нечакана дастаў карабін і пачаў страляць па службоўцу і дзвюм асобам, якія суправаджалі яго ў якасці сведкаў. У выніку стральбы дзве асобы загінулі, адзін чалавек быў паранены.

Мужчыну на месцы паспрабаваў затрымаць участковы, але злачынец кінуўся на ўцёкі, сеў ва ўласны аўтамабіль, выехаў у суседнюю вёску Кароціч і захапіў на запраўцы двух закладнікаў.

Праваахоўнікі перакрылі трасу «Харкаў-Кіеў», на якой знаходзіцца АЗС. Пасля гэтага яны ўступілі ў перамовы з забойцам, якія цягнуліся шэсць гадзінаў. Захопнік запатрабаваў, каб яму адкрылі калідор у самаабвешчаную ДНР альбо да мяжы з Расеяй.

Сітуацыя ўскладнялася тым, што падзеі адбываліся на запраўцы – сілавікі баяліся выбуху. Аднак гэта не перашкодзіла міліцыі ды СБУ падключыць да спецаперацыі снайпера, які адкрыў агонь і ліквідаваў нападніка. Закладнікі вызваленыя, на месцы здарэння працуюць следчыя.

Гарась Валатовіч, belsat.eu

Стужка навінаў