СМІ: КДБ затрымаў уладальніка «БелАсептыкі». Яму давялося заплаціць $ 1 млн, каб яго адпусцілі


TUT.BY паведамляе, што 6 снежня працаўнікі КДБ затрымалі аднаго з уладальнікаў кампаніі «БелАсептыка» Андрэя Красільнікава. Яго падазравалі ў даванні хабараў у «справе медычных функцыянераў». Праз тры дні Красільнікава адпусцілі на свабоду, ён пералічыў на рахунак КДБ мільён долараў.

І прэс-служба КДБ, і сам бізнесовец сітуацыю адмаўляюцца каментаваць. Аднак адразу некалькі крыніцаў TUT.BY на ўмовах ананімнасці гэтую інфармацыю пацвярджаюць.

«Ён быў затрыманы КДБ па «справе лекараў» аб дачы хабараў за вырашэнне пытанняў аб набыцці прэпаратаў «БелАсептыка». Быў выпушчаны, заплаціў $ 1 мільён за кампенсацыю шкоды, якую нанёс», – распавядае адзін з суразмоўцаў TUT.by.

Паводле TUT.BY, 10 снежня «БелАсептыка» перавяла на рахунак КДБ $ 1 млн. Паводле непацверджанай інфармацыі, разам з Андрэем Красільнікавым былі затрыманыя рэгіянальныя менеджары кампаніі.

  • «Справа медычных функцыянераў» – справа аб карупцыі пра закупах медычнага абсталявання і лекаў. У межах справы вясной-летам 2018 года былі затрыманыя больш за 60 асобаў (у тым ліку 37 чыноўнікаў).
  • Паводле КДБ, хабары даходзілі да $ 350 тыс. за адзін раз. Незаконна атрыманыя грошы пераводзіліся на рахункі фірмаў у Ганконгу, Літве, Латвіі, Расеі і ПАР. Праз карупцыю кошт і лекаў, і абсталявання завышалася на 10-60%, у асобных выпадках на 100%.
  • Сярод арыштаваных – намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі, дырэктар Цэнтру экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак і начальнік вайскова-медычнага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Падчас ператрусу ў гаражы Шарака ў тайніку было выяўлена больш за $ 620 тыс. у эквіваленце, у Бялецкага – каля $ 500 тыс.
  • У жніўні ў КДБ заявілі, што частка фігурантаў справы была вызваленая з-пад варты «у сувязі з завяршэннем з шэрагам абвінавачаных асноўных следчых дзеянняў, іх дзейным раскаяннем і супрацай са следствам».
ВІДЭА
Адкаты, «крышаванне» і кантрабанда. Топ карупцыйных скандалаў у сілавых органах Беларусі
2018.07.10 08:00

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Стужка навінаў