Смерць Кебіча і першая крымінальная справа супраць сілавікоў. Як прайшоў 123-і дзень пратэстаў у Беларусі


Выява сцягу на лёдзе.
Фота: t.me/belteanews

9 снежня стала 123 днём з пачатку паслявыбарных пратэстаў у Беларусі. Яны ідуць штодня ўжо роўна чатыры месяцы – з 9 жніўня.

Пратэсты працягваюцца

Не стаў выключэннем і сённяшні дзень. Пратэсты пачаліся з самай раніцы. Вызначыўся сёння сярод іншых мікрараён Зялёны Луг у Менску. Яго насельнікі выходзілі пратэставаць як раніцай:

Гэтак і ўвечары:

Таксама не спынялася і далучэнне да нацыянальнага страйку ды выхад з праўладных арганізацыяў. Напрыклад, на «Горадня Азоце» з афіцыйнага прафсаюзу з пачатку года выйшлі 940 чалавек (амаль 13 % сябраў). А незалежны прафсаюз «Азоту» з пачатку жніўня вырас у 20 разоў – з 20 да больш як 400 сябраў.

Працягваліся і іншыя формы пратэсту. Гэтак, выкладчыкі і працаўнікі БДТУ адправілі адкрыты ліст адміністрацыі ўніверсітэту. Яны заклікаюць кіраўніцтва не звяртацца да рэпрэсіўных захадаў з палітычных матываў. Пад лістом падпісалася больш за 200 асобаў.

Памёр першы прэм’ер незалежнай Беларусі

Сёння на 85-м годзе жыцця памёр першы прэм’ер-міністр незалежнай Беларусі Вячаслаў Кебіч. 26 лістапада ён захварэў на каронавірус, знаходзіўся ў шпіталі.

У снежні 1991 года Кебіч быў у ліку тых, хто падпісаў Белавежскія пагадненні, якія спынілі існаванне СССР і абвясцілі стварэнне СНД. Чарговую гадавіну тых падзеяў адзначалі напярэдадні.

Вячаслаў Кебіч, фота Аляксандра Васюковіча, Tut.by

З «Белгазпрамбанку» сыходзіць часовая адміністрацыя

Праўленне Нацыянальнага банку 9 снежня пастанавіла спыніць дзейнасць часовай адміністрацыі для кіравання «Белгазпрамбанкам». «Рашэнне аб спыненні дзейнасці часовай адміністрацыі прынятае з улікам дасягнення названых мэтаў і абрання саветам дырэктараў ААТ «Белгазпрамбанк» новага складу праўлення», – заявілі ў Нацбанку.

Праблемы ў «Белгазпрамбанку» пачаліся 11 чэрвеня – праз месяц пасля таго, як пра свае прэзідэнцкія амбіцыі заявіў цяпер ужо былы кіраўнік банку Віктар Бабарыка. Ад 15 чэрвеня Нацбанк увёў у «Белгазпрамбанку» уласную адміністрацыю. Акцыянеры «Белгазпрамбанку» лічаць, што адміністрацыю банку змянілі незаконна.

Крымінальная справа супраць сілавікоў

Генпракуратура Літвы пачала дасудовае расследаванне гвалту з боку міліцыі ў Менску. Збіты беларускі прадпрымальнік Максім Харошын звярнуўся ў пракуратуру 30 лістапада, па прычыне гвалтоўных дзеянняў, якія былі здзейснены над ім 13 кастрычніка ў Менску.

Максім Харошын і Святлана Ціханоўская.
Фота: t.me/tsikhanouskaya

«Абставіны здарэння, названыя заяўнікам і іншыя першасныя звесткі, пададзеныя пракуратуры, ацэненыя і маюць склад злачынства, у дачыненні да якога, паводле Крымінальнага Кодэксу Літоўскай Рэспублікі, ужываецца ўніверсальная юрысдыкцыя», – паведаміў пракурор Эвалдас Пашыліс.

Рэпрэсіі не спыняюцца

У Беларусі між тым працягваліся рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў. Гэтак, віцябляніна Алега Яфрэменку асудзілі на 4,5 года пазбаўлення волі за гвалт у дачыненні працаўніка МУС (артыкул 364 КК) падчас вулічнага шэсця ў Віцебску 13 верасня.

Звольнілі Сяргея Клімава, знакамітага дырэктара Нясвіжскага замку, а ў Карэлічах затрымалі заснавальніцу і рэдактарку рэгіянальнага сайта Korelichi.by Караліну Князькову, а таксама ейных бацькоў. Таксама Мінінфарм заблакаваў сайт KYKY.ORG на тэрыторыі Беларусі.

Караліна Князькова.
Фота: Кореличи.by / Vk.com

Працягвалі ўлады змагацца і з цалкам бяскрыўднымі, здавалася б, рэчамі – бел-чырвона-белымі гірляндамі ды малюнкам нацыянальнага сцяга на лёдзе.

А кіраўнік Гарадзеншчыны Уладзімір Каранік адрэагаваў на загад Лукашэнкі прымусіць працаваць пратэстоўцаў і даручыў стварыць базу беспрацоўных. 2017 год іх не навучыў.

Але, нягледзячы на рэпрэсіі, беларусы працягваюць выходзіць.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў