Следчы камітэт абшукаў дом падаткавіка, якога падазраюць у карупцыі. Канфіскавалі Audi Q7 і золата


Канфіскаваны алкаголь. Фота УСК Гомельскай вобласці

Упраўленне Следчага камітэту па Гомельскай вобласці распачало крымінальную справу ў адносінах да начальніка адной з інспекцыяў Міністэрства па падатках і зборах (ІМПЗ).

Службовую асобу вінавацяць у злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.

Паводле следства, супрацоўнікі ІМПЗ выявілі парушэнні правілаў гандлю ў адным з аб’ектаў грамадскага харчавання. Калі начальнік інспекцыі даведаўся, што інтарэсы ўстановы прадстаўляе ягоны знаёмы, загадаў не прыцягваць вінаватых да адказнасці.

Акрамя таго, у інспекцыю паступіў зварот грамадзянаў, якія распавядалі пра парушэнні правілаў гандлю ў адным з павільёнаў. Зварот тычыўся прадпрымальніка, з якім сябраваў начальнік інспекцыі. Кіраўнік загадаў падначаленым разгледзець зварот фармальна.

Падазраванаму высунулі абвінавачанні і змясцілі пад варту.

Падчас вобшукаў у яго дома і на працы знайшлі і канфіскавалі дарагія прадметы, сярод якіх 10 наручных гадзіннікаў і некалькі ручак вядомага брэнду, залаты злітак вагай 50 і 250 грамаў, калекцыйныя манеты, срэбны падшклянак, некалькі мабільных тэлефонаў, алкагольныя напоі вядомых вытворцаў, аўта Audi Q7 ды інш. маёмасць.

Следчыя плануюць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці асобаў, якія яе пазбеглі дзякуючы дапамозе з боку абвінавачанага.

НМ, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары