Колькі Беларусь зарабляе на вайне ў Сірыі?


У Сірыі чацвёрты год ідзе грамадзянская вайна, але ніхто не адмяняў «шкурных інтарэсаў» – урады розных краін на чале з ЗША актыўна пастаўляюць узбраенне бакам канфлікту. Паводле паведамленняў розных крыніцаў, жаданне падзарабіць не абмінае і Беларусь – журналіст belsat.eu Яўген Балінскі паспрабаваў разабрацца ў тым, што, у якой колькасці, каму, і галоўнае – за колькі прадае афіцыйны Менск у Сірыі?

Што, колькі, каму і за колькі?

У сярэдзіне верасня ў прэсу пратачылася інфармацыя, апублікаваная папулярным амерыканскім парталам «BuzzFeed», з якой вынікала, што Злучаныя Штаты Амерыкі, выкарыстоўваючы малавядомую кампанію «Purple Shovel LLC», закупілі ў Беларусі 700 процітанкавых ракет «Конкурс» і 36 адпаведных пускавых установак для сірыйскіх паўстанцаў, якія ваююць з урадавымі войскамі прэзідэнта Башара аль-Асада.

Таксама адзначалася, што ракеты вельмі старыя (зроблены ў 1984 годзе), што прывяло да няшчаснага выпадку: ля балгарскай вёскі Анэва, дзе амерыканцы праводзілі выпрабаванні набытай зброі. Адбыўся незапланаваны выбух ракеты, з прычыны чаго адзін выпрабавальнік загінуў, двое іншых, а таксама двое балгараў з ліку грамадзянскага насельніцтва атрымалі раненні.

Паведамлялася таксама, што такіх ракет у Балгарыі няма. Украіна ў гарачую пару вайны прадаваць іх наўрад ці будзе, а вось у Беларусі іх мноства:

 

 

«Бізнес ёсць бізнес»

Меркаваннем адносна беларуска-сірыйскіх здзелак па ўзбраенні дзеліцца ваенны эксперт Аляксандр Алесін:

– Перш за ўсё, прадаецца авіяцыйная тэхніка – пасля распаду Савецкага Саюзу Беларусі дасталася некалькі дзясяткаў старых самалётаў, у тым ліку знішчальнікі-бамбавікі МіГ-23 розных мадыфікацыяў. Каля 40 (а можа, і больш) было прададзена прэзідэнту Асаду пачынаючы з 2008 года. Плюс да гэтага – абсталяванне і ўзбраенне да іх: бомбы, іншыя боепрыпасы – гэта ўжо самая галоўная пазіцыя паставак. Акрамя таго, Беларусь выконвала рамонтныя і мадэрнізацыйныя працы па шэрагу тыпаў самалётаў, якія былі на ўзбраенні сірыйскага войска. Хутчэй за ўсё, можна казаць і аб продажах некаторай колькасці артылерыйскай і бранятанкавай тэхнікі, а таксама сродкаў супрацьпаветранай абароны.

– Мы можам прыблізна акрэсліць памеры сум, заробленых на сірыйскіх здзелках?

– У выніку гаворка можа ісці аб некалькіх сотнях мільёнаў долараў. Пастаўкі хоць і значныя, але тэхніка не новая.

– А што наконт сямісот ракет для паўстанцаў?

– Калі амерыканцы куплялі, яны ж не называлі адрасата. Яны гэтак жа сама купляюць і ў Расеі некаторае ўзбраенне – для афганцаў або іракцаў. Бізнес ёсць бізнес. Беларусь давярае Злучаным Штатам і разумее, што гэта зброя ў дрэнныя рукі не патрапіць. Думаю, у гэтых продажах няма нічога такога, што парушала б міжнароднае права. Вялікая памылка ў дадзеным кантэксце казаць пра нейкія забароны – Беларусь не знаходзіцца пад санкцыямі, яна можа пастаўляць зброю ў рэгіёны, не забароненыя міжнародным правам.

– Пра якую суму здзелкі па ракетах «Конкурс» можа ісці гаворка?

– Цяжка сказаць, таму што тэрмін прыдатнасці ў гэтых ракет вычарпаны. Гаворка можа ісці аб некалькіх сотнях тысячаў долараў. Наагул, Беларусь таму гэта ўсё і прадае, што ў адваротным выпадку трэба было б утылізаваць (што таксама дорага). А так, мала таго, што вызваліліся ад старой зброі, так яшчэ і зарабілі. Беларусь жа і краінам НАТО прадавала боепрыпасы з тэрмінам прыдатнасці, які сканчаўся, і іх там выкарыстоўвалі падчас вучэнняў.

Ад распродажу з «савецкіх складоў» да новых тэхналогіяў

Ваенны эксперт падкрэслівае, што за апошнія гады змяніўся характар беларускага гандлю зброяй. Да пачатку 2000-х гадоў Беларусь гандлявала былымі запасамі Беларускай ваеннай акругі.[vc_row][vc_column][vc_single_image image=”19758″][/vc_column][/vc_row]«Гэта быў вялікі гандаль, было шмат мітусні ды скандалаў. Але значная здзелка была толькі адна – продаж 12-18 штурмавікоў Су-25 і столькіх жа знішчальнікаў Міг-29 у Перу на $ 700-750 млн, – кажа Аляксандр Алесін. – Ёсць падставы меркаваць, што здзелку гэтую правярнулі беларускія службы разам з расейскімі. Пасля гэтага сур’ёзных здзелак не было – былі продажы дзясяткаў адзінак танкаў, артылерыйскіх сістэмаў, але кошт няўхільна падаў – постсавецкія краіны і краіны Варшаўскай дамовы выкінулі на рынак вельмі шмат гэтага дабра».

З часам Беларусь пачала гандляваць уласнымі распрацоўкамі: гэта і электронныя сістэмы, і ваенная оптыка, і лазерная тэхніка. Штогадовы аб’ём продажаў ацэньваецца ў межах $ 700 млн – 1000 млн. І патэнцыял Беларусі на рынку зброі расце.

Новая «фішка» – беспілотныя дыстанцыйныя прылады – дзясяткі беларускіх фірмаў і кампаніяў працуюць у гэтай галіне. І многія краіны, якія развіваюцца ў гэтай справе, аддаюць перавагу гандлю з Беларуссю.

«Сёння гэта тыя краіны, якія не хочуць мець справу ні з амерыканцамі, ні з расейцамі, – падкрэслівае Алесін. – Напрыклад, В’етнам, Венесуэла, Куба, Эквадор, Іран, тая ж Сірыя. Варта вылучыць В’етнам, які не хочацца збліжацца ні з Расеяй, ні з ЗША, і з Кітаем там у іх «таркі» – яны актыўна купляюць і будуць купляць наша радыёлакацыйнае абсталяванне, беспілотнікі і гэтак далей».

Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў