Скандальна вядомы Арцём Мілеўскі вярнуўся ў берасцейскае «Дынама» ў свой дзень народзінаў


Свой 34-ты дзень народзінаў беларускі футбаліст з украінскім пашпартам Арцём Мілеўскі адзначыў падпісаннем 2-гадовага кантракту з берасцейскім «Дынама». У Берасце нападнік вярнуўся праз паўгода пасля таго, як быў вымушаны пакінуць клуб з прычыны канфлікту з трэнерам.

Першую дамову з «Дынама» Мілеўскі падпісаў улетку 2017 года і адразу стаў улюблёным футбалістам берасцейцаў. За «Дынама» Арцём згуляў 38 гульняў, у якіх забіў 10 галоў і аддаў 14 галявых перадачаў. А праз год у Мілеўскага адбыўся канфлікт з маладым трэнерам Аляксеем Шпілеўскім, для каманды Арцём быў большы аўтарытэт, чымся галоўны трэнер. У выніку Берасце быў вымушаны пакінуць спачатку Мілеўскі, а праз месяц з прычыны дрэнных вынікаў і сам Шпілеўскі. І вось праз паўгода Мілеўскі вярнуўся ў берасцейскі клуб, другую палову 2018-га Арцём правеў у вугорскім клубе «Кішварда».

У 15-гадовым узросце Мілеўскі з’ехаў у Кіеў і адмовіўся выступаць за зборную Беларусі, грымнуў скандал, у развязанні якога ўзяў удзел асабіста прэзідэнт ФІФА Зеп Блятэр. У выніку футбаліст прыняў украінскае грамадзянства і зрабіў на новай радзіме добрую кар’еру. Прынамсі Мілеўскі дабраўся са зборнай Украіны да ¼ фіналу чэмпіянату свету ў 2006 годзе, а з украінскай моладзевай зборнай Мілеўскі стаў срэбным прызёрам чэмпіянату Еўропы.

У кіеўскім «Дынама» Арцём правёў 11 сезонаў, выгуляў тры тытулы чэмпіёна Украіны, 3 Кубкі і 4 Суперкубкі Украіны, станавіўся найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Украіны. Кіеўскі клуб Мілеўскі пакінуў таксама са скандалам, пасварыўся з галоўным трэнерам Алегам Блахіным. А за наступныя чатыры гады нападнік змяніў пяць камандаў, Арцём паспеў пагуляць за турэцкі «Газі’антэпспор», харвацкія «Хайдук» і «Спліт», румынскую «Канкордыю», расейскі «Тосна».

Усю карʼеру Мілеўскага пераследавалі скандалы, яго вінавацілі ў парушэнні спартовага рэжыму і ў пʼяных дэбошах. У 2008 годзе за гэта кіеўскае «Дынама» аштрафавала Мілеўскага на 100 тысячаў долараў. Апроч іншага, пару гадоў таму Мілеўскі разбіў свой «Фэрары», а «Мазэраці» гульца спалілі невядомыя.

Тым часам Беларуская федэрацыя футболу забараніла «Дынама» рэгістраваць новых гульцоў, бо берасцейцы адмаўляюцца плаціць гарадзенскаму «Нёмну» 265 тысячаў долараў кампенсацыі за пераход у каманду Паўла Савіцкага. У Берасці лічаць, што плаціць «Нёмну» нічога не павінныя, а АБФФ стала на бок гарадзенцаў. Нягледзячы на забарону на рэгістрацыю гульцоў, берасцейцы працягваюць падпісваць футбалістаў. Гэтак, гульцамі «Дынама», апроч Мілеўскага, стаў абаронца Аляксандр Паўлавец і нападнік Дзяніс Лапцеў.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў