СК завершыў расследаванне трагедыі падчас салюту 3 ліпеня

Па выніках расследавання трагедыі падчас салюту 3 ліпеня 2019 года абвінавачванне выстаўлена двум працаўнікам расейскага прадпрыемства, што пастаўляла феерверкі, а таксама камандзіру роты Менскай вайсковай камендатуры. Пра гэта паведамляе сайт СК.

Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэту завершана расследаванне крымінальнай справы аб трагедыі, што адбылася падчас салюту 3 ліпеня 2019 года ў Менску. Следчыя высветлілі, што напярэдадні правядзення салюту працаўнікі Менскай вайсковай камендатуры выявілі неадпаведнасць большай частцы піратэхнічных вырабаў калібра 195 мм нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі.

«Закупленая раней у расейскай кампаніі піратэхніка мела брак, дапушчаны на прадпрыемстве-вытворцы», – адзначаецца ў прэс-рэлізе СК.

У прыватнасці, калібр вырабаў перавышаў норму, «што не дазваляла зарадзіць іх у ствалы салютных установак у штатным парадку, яны падлягалі безумоўнай адбракоўцы і не маглі бяспечна выкарыстоўвацца пры правядзенні салюту». Па ўзгадненні з камендатурай для выпраўленні на месцы выяўленых дэфектаў і замены бракаваных вырабаў у Менск прыбылі два інжынера прадпрыемства-вытворцы (у прэс-рэлізе не называецца прадпрыемства, аднак раней СМІ паведамлялі, што гаворка ідзе пра расейскую фірму «Пиро-Росс»).

https://belsat.eu/news/dvaim-rasejtsam-prad-yavili-abvinavachvanni-pa-sprave-vybuhau-na-salyutse/

«У працэсе зараджання салютных установак феерверачнымі вырабамі названыя асобы разам з камандзірам роты Менскай вайсковай камендатуры дапрацоўвалі іх шляхам унясення зменаў (памяншэнне дыяметра шляхам механічнага ўздзеяння), якія не прадугледжаныя інструкцыяй па эксплуатацыі, нарматыўнай і тэхнічнай дакументацыяй. Такія змены прыводзілі вырабы ў небяспечны для выкарыстання стан, што пацвярджаецца вынікамі экспертных даследаванняў і следчага эксперыменту», – падкрэслілі ў СК.

https://belsat.eu/news/adyhodzim-nazad-videa-vybuhau-3-lipenya-u-mensku/

У СК удакладняюць, што ў восем салютных установак было зараджана 480 феерверачных вырабаў калібра 195 мм – больш за 190 з іх выкарыстоўваць было небяспечна.

«З прычыны дапушчаных парушэнняў пры правядзенні салюту адбыліся няштатныя сітуацыі: выбухі вырабаў на нізкай вышыні і ў ствалах марцір, у выніку якіх адзін чалавек загінуў, яшчэ адзінаццаць пацярпелі. Шкода маёмасці фізічных і юрыдычных асобаў нанесена на агульную суму звыш за 740 тысяч беларускіх рублёў», – кажуць у СК.

Двум працаўнікам расейскага прадпрыемства выстаўлена абвінавачванне па ч.2 ст.299 (парушэнне правілаў абыходжання з піратэхнічнымі вырабамі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне шкоды ў буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Дзеянні камандзіра роты Менскай вайсковай камендатуры кваліфікаваныя следствам па ч.2 ст.463 (парушэнне правілаў абыходжання з прадметамі, якія ўяўляюць павышаную небяспеку для навакольных, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека) КК.

Матэрыялы справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

https://belsat.eu/news/shosty-dzen-paslya-vybuhu-na-salyutse-krou-dagetul-na-asfaltse/

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для феерверку. Ад аскепкаў загінула жанчына 1955 года нараджэння ды пацярпелі не менш за 10 грамадзянаў.
  • На наступны дзень у межах крымінальнай справы былі затрыманыя двое прадстаўнікоў расейскай кампаніі «Пиро-Росс», якая прадала піратэхніку беларускаму боку. Следства выставіла абвінавачанне двум грамадзянам Расеі паводле ч. 2 арт. 299 («Парушэнне правілаў абыходжання з выбуханебяспечнымі рэчывамі, піратэхнічнымі вырабамі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека») Крымінальнага кодэксу.
  • Улады прынялі рашэнне аб аказанні матэрыяльнай дапамогі пацярпелым. Сямʼя загінулай мусіла атрымаць 25 500 рублёў, цяжка параненыя – 2 550. Тым, хто атрымаў менш цяжкія цялесныя пашкоджанні далі 1275 рублёў, а лёгкія траўмы – 510.

ІІ belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны