«Адыходзім назад!» Відэа выбухаў 3 ліпеня ў Менску


Трагедыя ўвечары 3 ліпеня ў Менску, калі падчас святкавання афіцыйнага Дня Незалежнасці адбыліся выбухі салютных установак, была зафіксаваная выпадковымі назіральнікамі, якія здымалі салют. Загінула жанчына, былі параненыя каля дзесяці чалавек.

На відэа відавочцаў бачна, як пасля першых выбухаў на зямлі людзі, не разумеючы, што адбываецца, пачынаюць разбягацца па набярэжнай ракі Свіслач. Пры гэтым, нягледзячы на выбухі, салют працягваецца.

Таксама відэа зафіксавалі мужчыну, які адганяў крыкамі людзей ад берагу, каб не пацярпелі ад выбухаў.

Тэлеграм-канал «NEXTA» паведамляе і пра іншае здарэнне, якое магло адбыцца па сканчэнні святкаванняў. Ля Дому друку на вуліцы Сурганава ў Менску, калі бронетэхніка ўжо вярталася з параду, танк пачаў дрыфтаваць на слізкім асфальце і толькі цудам змог спыніцца за некалькі метраў ад пешахода.

  • Агулам адбылося чатыры выбухі. Відавочцы паведамляюць пра выбухі каля Камсамольскага возера і ва Уруччы.
  • У выніку выбухаў пацярпелі каля 10 чалавек, адна жанчына загінула. Двое мужчынаў дагэтуль знаходзяцца ў больніцы.
  • Феерверкі для салютаў закупаліся ў Расеі. Але фірма-пастаўшчык адмаўляецца ад каментароў.
  • З прычыны выбухаў Следчы камітэт распачаў крымінальную справу. Разглядаюцца чатыры версіі прычыны трагедыі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў