Сілавікі раскрылі карупцыйную схему па закупцы эндапратэзаў у Горадні


Аператыўнікі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ўскрылі карупцыйную схему па закупцы эндапратэзаў, паведамляе прэс-служба міліцыі Гарадзенскай вобласці. Распачата крымінальная справа ў дачыненні да аднаго з кіраўнікоў структурнага падраздзялення «Лякарні хуткай медычнай дапамогі г. Горадні».

За ўзнагароджання падазраваны – адзін з кіраўнікоў структурнага падраздзялення гарадской клінічнай лякарні хуткай дапамогі – нібыта неаднаразова забяспечваў станоўчае вырашэнне пытанняў па закупцы медустановай эндапратэзаў замежнай вытворчасці ад аднаго і таго ж прыватнага прадпрыемства.

Паводле сілавікоў, пры правядзенні ператрусу па месцы жыхарства падазраваны добраахвотна выдаў супрацоўнікам міліцыі 15 000 долараў.

Была распачатая крымінальная справа паводле ч.1 і 2 арт. 430 (атрыманне хабару) КК Беларусі. Міліцыя ўстанаўлівае і іншыя эпізоды супрацьпраўнай дзейнасці, а таксама іншых саўдзельнікаў згаданай незаконнай схемы, якая дзейнічала некалькі гадоў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў