Сілавікі Беларусі не каментуюць затрыманне грамадзянкі Расеі на запыт ЗША


Інфармацыю пра затрыманне ў Менску грамадзянкі Расеі Ганны Багачовай паводле запыту ЗША праваахоўнікі Беларусі пакуль афіцыйна не пацвярджаюць. Пра гэта паведамляе interfax.

«Камітэт не мае інфармацыі аб затрыманні гэтай грамадзянкі», – заявіў агенцтву interfax афіцыйны прадстаўнік Камітэту дзяржбяспекі Андрэй Яраш.

У іншых сілавых і праваахоўных органах краіны, а таксама ў пасольстве Расеі ў Беларусі інфармацыю пра затрыманне Багачовай не каментуюць.

У сваю чаргу расейскае інфармацыйнае агенцтва «Новости» са спасылкай на ананімную крыніцу паведамляе, што Ганна Багачова была затрыманая ў Менску ўвечары 13 кастрычніка. Жанчыну затрымалі паводле запыту ЗША, паколькі яна праходзіць па справе аб умяшальніцтве ў амерыканскія выбары.

Паведамляецца, што затрыманне адбылося ў адным з гатэляў Менску.

Багачова ўваходзіць у спіс з 13 грамадзянаў Расеі, якім высунулі абвінавачанні пасля расследавання спецпракурора ЗША Робэрта Мюлера. Паводле медыяў, Ганна Багачова звязаная з «фабрыкай троляў», структурай Яўгена Прыгожына.

Hавiны
ЗША ўвялі дадатковыя санкцыі супраць Расеі за спробу ўмяшання ў выбары
2019.09.30 20:42

СК belsat.eu

Стужка навінаў