Што забаранілі беларусам і што дазволілі сілавікам пасля выбараў 2020 года. Антырэйтынг пераменаў да горшага


Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года беларускае грамадства сутыкнулася з масавымі палітычнымі рэпрэсіямі і шматлікімі новымі абмежаваннямі, якія суправаджаліся значным пашырэннем паўнамоцтваў сілавікоў. Belsat.eu сабраў галоўныя забароны і абмежаванні, з якімі сутыкнуліся беларусы пасля выбараў.

Не працуеш – будзеш пакараны. Нават калі працуеш на сябе

З раніцы 14 жніўня работнікі розных прадпрыемстваў па ўсёй Беларусі выйшлі на акцыі салідарнасці. Людзі патрабавалі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Аб страйку заявілі працаўнікі БелАЗу, МАЗу, МТЗ, працаўнікі прадпрыемстваў «Белмедпрэпараты» і «Белкард», гарадзенскіх заводаў «Терразит» і «Гродна-Азот» ды іншых. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv / belsat.eu

Дэ-факта права на забастоўку беларусы былі пазбаўлены і раней. Як адзначалі эксперты яшчэ напярэдадні выбараў, фактычна ў Беларусі немагчыма правесці забастоўку ў адпаведнасці з працэдураю, якая прадугледжаная Працоўным кодэксам. У прыватнасці, законным лічыцца толькі той страйк, які арганізаваны прафсаюзам, а на прадпрыемствах усе прафсаюзы падкантрольныя ўладам. Любая іншая спроба арганізаваць стачку можа пацягнуць за сабой звальненне – пра гэта Генпракуратура папярэджвала яшчэ ў ліпені.

Аднак пасля выбараў сітуацыя істотна пагоршылася. Па-першае, спроба арганізаваць забастоўку на прадпрыемстве цяпер можа пацягнуць за сабой не толькі звальненне, але і крымінальную адказнасць. Напрыклад, менавіта так адбылося з працаўнікамі БМЗ.

Па-другое, рэпрэсіўныя захады былі распаўсюджаны і на прыватны сектар. Прыватныя крамы і кавярні цяпер не могуць самі выбіраць, у якія дні ім прызначаць выходныя. Бізнес, што не працаваў у дні, на якія прызначалася стачка (16 верасня або 26 кастрычніка), трапляў пад пераслед – да іх накіроўвалі ўзмоцненыя праверкі, іх штрафавалі і закрывалі.

Рэпрэсіўныя захады ўладаў супраць прыватнага бізнесу пры гэтым не хаваліся. Напрыклад, у прэс-рэлізе ад 17 верасня Генпракуратура абяцала прыцягнуць да адказнасці «за парушэнне рэжыму нармальнай працы» дробныя крамы, кавярні і студыі.

Надпіс на асфальце, сцяне або паперцы – злачынства

Цяпер любыя надпісы з палітычным падтэкстам на асфальце або сценах могуць быць кваліфікаваныя як крымінальнае злачынства.

Часцей за ўсё справы распачынаюць паводле арт. 341 Крымінальнага кодэксу («апаганьванне будынкаў ці псаванне маёмасці»). Напрыклад, 21-гадовая жыхарка Менску Марыя Сафонава была пакараная 2 месяцамі арышту за надпіс «Жыве Беларусь» і выяву БЧБ-сцяга на жылым доме, дзвярах у падвал, парэнчах, тратуарнай дарожцы і скрыні для смецця. А жыхарка Менску Алена Гесс, якая хацела зрабіць надпіс «Яна з намі» (надпіс быў прысвечаны Святлане Ціханоўскай), атрымала ў выніку 3 гады «хіміі» (ёй яшчэ дадалі артыкул аб «супраціве міліцыі»).

Марыю Бабовіч, якой далі 1,5 гады хіміі, выпусцілі з залі суда.
Фота: belsat.eu

Часам надпісы наагул кваліфікуюць паводле арт. 339 (злоснае хуліганства) або арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджванне маёмасці). За надпіс на асфальце «Не забудзем» на месцы забойства дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага былі асуджаныя пяць чалавек: Марыя Бабовіч (1,5 года «хатняй хіміі»), Дзяніс Граханаў, Ігар Самусенка (абодва – 1,5 года «хіміі»), Максім Паўлюшчык і Уладзіслаў Гуліса (абодва атрымалі па 2 гады калоніі).

Аб’ектыў
«Хімія» і турма за надпіс «Не забудзем»
2020.12.08 22:13

Калі надпіс датычыць дзеяння сілавікоў, то справу могуць распачаць паводле арт. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады). Прычым надпіс гэты можа быць зроблены нават не на сцяне або асфальце, а проста на паперцы. Студэнт Ілля Тананка напісаў «Балаба – забойца» на папяровай аб’яве на інфармацыйным стэндзе ў пад’ездзе кіраўніка менскага АМАПу. За гэта ён быў пакараны 1 годам і 6 месяцамі «хіміі».

Аблавы па кватэрах

У жніўні жыхары дамоў, побач з якімі адбываліся акцыі пратэсту, масава хавалі ў сваіх кватэрах дэманстраваў, што ратаваліся ад пераследу сілавікоў. У першыя дні паслявыбарчых пратэстаў былі выпадкі, калі сілавікі маглі стрэліць у вакно тым, хто падтрымліваў пратэстоўцаў. Але тады яшчэ сілавікі не бралі кватэраў штурмам.

Імаверна супрацоўнікі ГУБАЗіК дзяжураць на лесвічных клетках у дамах каля плошчы Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Белсат / Vot Tak TV

Аднак у кастрычніку-лістападзе сілавікі атрымалі санкцыю і на гэта. Пасля разгону пратэстоўцаў на вуліцы Арлоўскай 25 кастрычніка сілавікі ўварваліся ў кватэру, дзе хаваліся мірныя дэманстранты. «Я забяру яго з болем або без болю», – крычаў гаспадыні кватэры сілавік у масцы. Шакавальнае відэа гэтай аблавы абляцела ўвесь інтэрнэт.

Праз два дні Лукашэнка ўзяў на сябе адказнасць за гэтыя дзеянні сілавікоў: «Што трэба было рабіць міліцыі? Гэта быў мой загад для таго, каб засцерагчы ад небяспекі людзей. Пачалі ўскрываць кватэры, рынуліся ў гэтыя кватэры. Прыйшлося з кватэр выцягваць гэтых наркаманаў».

Сілавікі хапаюць людзей у двары плошчы Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: АВ / Белсат / Vot Tak TV

15 лістапада пасля знішчэння народнага мемарыялу Рамана Бандарэнкі сілавікі зладзілі масавую зачыстку ў дамах на плошчы Пераменаў. Менавіта падчас гэтай аблавы былі затрыманыя журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, якія вялі стрым з кватэры на 15-м паверсе дому на Смаргоўскім тракце. Як распавядаў на судзе гаспадар кватэры, спецназаўцы нават не патрабавалі адчыніць дзверы – яны адразу іх выламалі і забралі журналістак.

Паказанні ў балаклавах

Сілавікі ў балаклавах становяцца ў счэпку. Жаночы марш, пл. Свабоды. Менск, 12 верасня.
Фота: Belsat.eu

Восенню 2020 года масавай з’явай стала засакрэчванне асабістых дадзеных сведкаў-амапаўцаў, на падставе паказанняў якіх людзей каралі адміністратыўным арыштам за мірны пратэст.

У матэрыялах адміністратыўных справаў амапаўцаў пазначаюць выдуманымі імёнамі і прозвішчам (звычайна – Аляксандраў Аляксандр Аляксандравіч або Іваноў Іван Іванавіч). Сам сведка дае паказанні ў судзе ў балаклаве або масцы і нацягнутым на твар капюшонам.

У МУС гэтыя захады тлумачаць тым, што міліцыянтам цяпер патрэбная дадатковая абарона, бо на іх нібыта аказваецца ціск. Адвакаты звычайна пратэстуюць супраць выкарыстання засакрэчаных сведкаў, але суддзі заўсёды ўстаюць на бок сілавікоў.

Абмежаванні на ўезд і выезд з краіны

У якасці яшчэ аднаго рэпрэсіўнага захаду ўлады пасля выбараў пачалі абмяжоўваць права беларусаў на ўезд і выезд з краіны.

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю ўрачыстых святых Імшаў ў касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Менску. Да гэтага ён правеў брыфінг, на якім распавеў, што пасля прыезду ў Беларусь папрасіў спыніць аўта, выйшаў з яго і стаў на калені, каб падзякаваць Богу за магчымасць вяртання на радзіму.
Фота: АВ / Белсат

31 жніўня мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча не пусцілі ў Беларусь, калі ён вяртаўся з Польшчы. Спачатку дзяржаўныя органы наагул ніяк не тлумачылі прычыны сваіх дзеянняў, але потым МУС абвесціў, што Кандрусевічу было адмоўлена ва ўездзе ў краіну з прычыны несапраўднага пашпарт. Праўда, у снежні, калі Лукашэнка палічыў, што мітрапаліт больш «ніякай небяспекі не ўяўляе», Кандрусевічу ўсё ж дазволілі вярнуцца ў Беларусь.

Памежны пераход «Берасце», 20 снежня.
Фота: Белсат

У канцы 2020 года абмежаванні набылі масавы характар. Спачатку, у кастрычніку, беларускія памежнікі часова не дазвалялі вяртацца на радзіму беларускім грамадзянам, у тым ліку студэнтам, што вучацца за мяжой. Але потым улады прыйшлі да высновы, што лепш усё ж абмяжоўваць не ўезд, а выезд з краіны. З 21 снежня Дзяржаўны памежны камітэт афіцыйна забараніў выезд з краіны грамадзянам Беларусі праз наземныя пункты пропуску. На тых, хто афіцыйна вучыцца, працуе за мяжой або мае від на пражыванне, гэтыя абмежаванні не распаўсюджваюцца, але выехаць яны могуць толькі раз на 6 месяцаў.

Афіцыйна закрыццё межаў улады тлумачаць барацьбой з пандэміяй каронавіруса.

Гукавыя сігналы могуць каштаваць правоў кіроўцы

Акцыя салідарнасці ля ст. м. «Пушкінская». Людзі ідуць з кветкамі, кіроўцы сігналяць. Менск, Беларусь. 11 жніўня 2020 году.
Фота: Святла Фар / Белсат

Падчас пратэстаў 2020 года аўтамабілісты масава выказвалі салідарнасць з дэманстрантамі праз падачу гукавога сігналу. Улады адразу пачалі змагацца з гэтай праявай пратэсту. На падставе арт. 18.14 КаАП, за парушэнне правілаў выкарыстання гукавога сігналу кіроўцаў масава штрафавалі. Аднак максімальнае пакаранне паводле гэтага адміністрацыйнага артыкулу – тры базавыя велічыні – аказаліся не вельмі сурёзнай пагрозай, каб спыніць хвалю салідарнасці. Таму яшчэ ў жніўні аўтамабілісты скардзіліся на тое, што на іх пачалі складаць пратаколы паводле артыкулу аб стварэнні аварыйнага становішча – паводле гэтага артыкулу можна пазбавіцца правоў на тэрмін ад трох месяцаў да двух гадоў. Аднак тут у міліцыі ўзнікалі юрыдычныя складанасці: бо раз была аварыйная абстаноўка, то павінен быць і той, хто праз гэта пацярпеў.

Кіроўцы і раварысты – удзельнікі акцыяў.
Фота: Аліса Ганчар / «Белсат»

У канцы 2020 года ўлады пастанавілі спрасціць сабе задачу і ўнеслі адпаведныя папраўкі ў КаАП. Цяпер за гукавы сігнал падчас масавых акцыяў можна будзе атрымаць штраф да 10 базавых велічыняў і пазбавіцца правоў на тэрмін да аднаго года.

Забарона на продаж піратэхнікі

Ст. м. «Пушкінская», Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv / belsat.eu

12 жніўня, на чацверты дзень пратэстаў, урад Беларусі цалкам забараніў аптовы і раздробны гандаль піратэхнічнымі вырабамі – петардамі, фаерамі, салютамі. Тлумачылася гэта тым, што салюты і петарды могуць выкарыстоўвацца пратэстоўцамі падчас акцыяў пратэсту.

У снежні забарона на продаж некаторых відаў піратэхнікі была знятая. У прыватнасці, гаворка ідзе пра продаж арганізацыям піратэхнікі тэхнічнага прызначэння, а таксама продаж грамадзянам піратэхнікі бытавога прызначэння 1-га класа небяспекі (бенгальскія агні, хлапушкі, свечкі).

Узмоцненыя патрулі ў непакорных раёнах

Сустрэча суседзяў у «Лебядзіным» у кастрычніку / TUT.BY

Салідарызацыя і аб’яднанне беларусаў у барацьбе за свае правы цягам 2020 года адбывалася на ўсіх узроўнях – аж да мікрараёнаў і асобных двароў. Суседзі супольна пратэстуюць, абараняюць адно аднаго ад сілавікоў, ладзяць у сябе ў дварах канцэрты, святы і флэш-мобы з нацыянальнымі сімваламі. У адказ сілавікі пачалі арганізоўваць аблавы на пратэставыя мікрараёны: за танцы або дваровы канцэрт цяпер можна трапіць за краты. У лістападзе Менгарвыканкам афіцыйна зацвердзіў спіс пратэставых раёнаў і вуліцаў, якія будуць узмоцнена патрулявацца.

Цяпер фактычна любы выхад людзей на вуліцу можа прыцягнуць увагу сілавікоў. Напрыклад, толькі 19 снежня міліцыя двойчы рабіла рэйд у мікрараён Лебядзіны. Днём яны ледзь не сарвалі дзіцячае свята (сілавікі падазравалі, што падчас свята будзе выкарыстоўвацца пратэставая сімволіка), а ўвечары, калі людзі сабраліся папіць гарбаты і пагутарыць, у Лебядзіным адбыліся затрыманні. Адзін з затрыманых быў у двары з 8-месячным дзіцём – яго літаральна адарвалі ад вазка. Потым у МУС тлумачылі свае дзеянні тым, што працаўнікі міліцыі атрымалі інфармацыю аб «падазроным натоўпе» ў мікрараёне.

Сцяг на ўласным гаўбцы цяпер лічыцца несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам

Пасля выбараў улады абвесцілі вайну бел-чырвона-белай сімволіцы. Міліцыянты, працаўнікі МНС і камунальнікі зразалі БЧБ-стужкі ў дварах, здымалі сцягі на дамах і замалёўвалі малюнкі з пратэставым зместам.

У канцы 2020 года вайна з бел-чырвона-белай сімволікай была перанесена з двароў у кватэры беларусаў. Людзей пачалі штрафаваць за тое, што яны размяшчалі нацыянальны сцяг на ўласным гаўбцы – такія дзеянні міліцыя і суды кваліфікавалі паводле арт. 23.34 (парушэнне закону аб масавых мерапрыемствах).

У Кастрычніцкім раённым судзе сёння судзяць Лізавету Якаўлеўну Бурсаву за бела-чырвона-белы сцяг на балконе яе кватэры на Асаналіева, 58. Ёй 87 гадоў і 7 месяцаў. Бурсава здолела ўцячы з Віцебску на апошнім эвакуацыйным цягніку ў ліпені 1941 г. і таму не была забітыя нацыстамі. У 1950-х яна была шматразовай чэмпіёнкай і рэкардсменкай БССР і Беларускай вайсковай акругі па кулявой стральбе, рэкардсменка СССР. Бараніла гонар Беларусі на агульнасаюзных і міжнародных спаборніцтвах. Менск, Беларусь. 15 снежня 2020 году.
Фота: Белсат

Напрыклад, у Менску 87-гадовую Лізавету Бурсаву, шматразовую чэмпіёнку і рэкардсменку БССР па кулявой стральбе, пакаралі штрафам у памеры 15 базавых велічыняў – 405 рублёў. А ў Віцебску за «пікет на гаўбцы» затрымалі і потым аштрафавалі на 35 базавых велічыняў (945 рублёў) блогерку Алену Янушкоўскую.

Журналіст – па-за законам

Журналісты «Белсату» выйшлі з ЦІП на Акресціна. Менск, Беларусь. 15 верасня 2020 г.
Фота: ІА / Белсат

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года пастанавілі пазбавіць журналістаў магчымасці выконваць свае прафесійныя абавязкі на акцыях пратэсту. У першую чаргу пад ударам апынуліся журналісты, якія вядуць стрымы. Яшчэ ў ліпені тагачасны кіраўнік МУС Юрый Караеў заявіў, што пратэсты кіруюцца праз журналісцкія стрымы, а Лукашэнка сцвярджаў, што СМІ праз гэтыя стрымы нібыта заклікаюць да масавых закалотаў.

Падчас акцыяў журналістаў мэтанакіравана затрымлівалі, некаторых каралі адміністрацыйным арыштам нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Журналістаў забіралі з кватэраў, затрымлівалі каля пад’ездаў уласных дамоў і нават у кавярнях. Акрамя таго, карэспандэнты замежных СМІ (за выключэннем расейскіх) былі масава пазбаўлены акрэдытацыі, а найбуйнейшы інфармацыйны партал TUT.by пазбавілі статусу СМІ. Доступ да дзясяткаў сайтаў медыяў быў абмежаваны.

Усяго за 2020 год было зафіксавана 477 выпадкаў затрымання журналістаў праз іх прафесійную дзейнасць, а 97 разоў прадстаўнікоў СМІ каралі адміністрацыйным арыштам. 62 журналісты трапілі пад гвалт з боку сілавікоў, а 9 сталіся фігурантамі крымінальных справаў. Тры журналісткі – Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова і Кацярына Барысевіч – дагэтуль застаюцца ў СІЗА.

ІІ, belsat.eu

 

Стужка навінаў