Што трэба ведаць пра шосты Усебеларускі народны сход. Топ-5 пытанняў і адказаў


Шосты Усебеларускі народны сход адбудзецца 11 і 12 лютага. Улады падкрэсліваюць надзвычайную важнасць сходу для далейшага палітычнага жыцця краіны. Belsat.eu тлумачыць, у чым асаблівасць сёлетняй падзеі, хто стане дэлегатамі сходу і якія пытанні там будуць разглядацца.

Што такое Усебеларускі народны сход?

Лукашэнка на УНС-2016.
Фота: president.gov

Усебеларускі народны сход (УНС) – гэта агульны сход прадстаўнікоў беларускага ўраду, наменклатуры, кіраўнікоў прадпрыемстваў, а таксама прадстаўнікоў культуры і навукі, лаяльных Аляксандру Лукашэнку. Канстытуцыйных паўнамоцтваў УНС не мае – то бок рашэнні сходу пазбаўленыя юрыдычнай моцы. Галоўная задача сходу – дэманстрацыя «ўсенароднага падтрымання» Аляксандра Лукашэнкі. Звычайна УНС ухваляе палітычны курс Лукашэнкі і прымае план развіцця дзяржавы на пяцігодкі.

Дзяржаўная прапаганда называе сход «найвышэйшай формай дэмакратыі». Апаненты ўлады часцей параўноўваюць УНС са сваеасаблівым «зʼездам КПСС».

Чатыры з пяці народных сходаў адбыліся напярэдадні вызначальных палітычных падзеяў у жыцці краіны: у 1996 годзе УНС прайшоў перад рэферэндумам аб змене Канстытуцыі, у 2000, 2006 і 2010 гг. – перад прэзідэнцкімі выбарамі. Толькі ў 2016 годзе сход не быў прымеркаваны да важных палітычных падзеяў.

Чаму Лукашэнка вырашыў правесці сход менавіта цяпер?

Удзельнікі Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду. 16 жніўня 2020 года. Mенск, Беларусь.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Неабходнасць правядзення Шостага Усебеларускага народнага сходу ў лютым 2021 года абумоўленая леташнімі падзеямі: масавымі пратэстамі і беспрэцэдэнтным палітычным крызісам. На прапагандысцкім узроўні УНС выкарыстоўваецца як доказ таго, што Лукашэнка ідзе насустрач грамадству, гатовы весці дыялог і праводзіць рэформы. А само грамадства, меркаванне якога нібыта выказваюць дэлегаты сходу, цалкам ухваляе палітыку Лукашэнкі.

Падзеі 2020 года, так ці інакш, будуць асноўнай тэмай шостага УНС. 16 студзеня, падчас афіцыйнага прыёму на стары Новы год, Лукашэнка заявіў, што ўлада мусіць зрабіць з прамінулага высновы: «Гэта галоўнае, што мы павінны зрабіць у найбліжэйшы час, у тым ліку на Усебеларускім народным сходзе». У той жа прамове Лукашэнка чарговы раз нагадаў, што не збіраецца аддаваць уладу.

«Ніколі не сумнявайцеся ў маёй рашучасці. Я ніколі не адступлю», – падкрэсліў ён.

З улікам гэтага можна меркаваць, што падчас сходу будуць анансаваныя ў тым ліку захады, накіраваныя на ўмацаванне ўлады і недапушчэнне новай хвалі масавых пратэстаў.

Якія пытанні будуць разглядацца на сходзе?

Паводле ўказу Лукашэнкі, на разгляд УНС вынесеныя два асноўныя пытанні: галоўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021–2025 гады і кірункі грамадска-палітычнага развіцця краіны. Парадак дня сфармуляваны вельмі расплывіста, што фактычна дазваляе напаўняць яго любым зместам.

Напрыклад, анансуецца, што падчас сходу будуць абмяркоўвацца змены ў Канстытуцыі, пра якія Лукашэнка задумаўся яшчэ некалькі гадоў таму і да чаго цяпер актыўна яго падштурхоўвае Крэмль. Але незразумела, як далёка зойдзе гэтае «абмеркаванне». 8 снежня ў Стоўбцах Лукашэнка прапанаваў зрабіць УНС канстытуцыйным органам, «які б усіх імгненна стабілізаваў» і «кантраляваў галоўныя напрамкі нашага развіцця». Дэлегаты УНС пры гэтым абіраліся б адразу на пяць гадоў. Гэтую ідэю адразу пачалі прасоўваць праўладныя эксперты.

Хадзілі чуткі, што на сходзе хочуць змяніць Канстытуцыю, а пасля гэтага УНС з новымі паўнамоцтвамі ўзначаліць асабіста Лукашэнка, стаўшы такім чынам кімсьці кшталту «генеральнага сакратара КПСС». Аднак напрыканцы снежня Лукашэнка сказаў, што пытанне аб канстытуцыйным статусе УНС яшчэ не вырашанае, ды і наагул змяняць Канстытуцыю ніхто на сходзе не плануе.

Аляксандр Лукашэнка, 31 снежня 2020 года.
Фота: president.gov.by

«Гэта ў Канстытуцыі будзе ў праекце прапісана і на рэферэндуме вы будзеце вырашаць. Ніхто на Усебеларускім сходзе не будзе прымаць канстытуцыйных рашэнняў, каб вы ведалі. Ніхто! Сход павінен акрэсліць арыенціры на пяцігодку», – падкрэсліў ён 31 снежня.

З улікам таго, што нядаўна ў інтэрвю Наілі Аскер-задэ Лукашэнка заявіў, што праект новай Канстытуцыі будзе гатовы толькі напрыканцы 2021 года, можна выказаць здагадку, што пытанне канстытуцыйнай рэформы будзе абмяркоўвацца на УНС хіба што на сімвалічным узроўні і, хутчэй за ўсё, нават без канкрэтыкі.

З боку Юрыя Васкрасенскага (былога палітвязня, які пасля вызвалення з СІЗА КДБ пачаў публічна падтрымліваць Лукашэнку ды імітаваць канструктыўную апазіцыю) у снежні прагучала прапанова агучыць падчас сходу ідэю палітычнай амністыі. «Гэта тая перазагрузка, якую ад нас чакае частка грамадства», – падкрэсліў ён. Аднак на афіцыйным узроўні гэтая прапанова рэакцыі не выклікала, і пакуль няма падставаў казаць, што гэтае пытанне наагул будзе згадвацца на УНС.

Хто стане дэлегатамі сходу?

Удзельнікі мітынгу падтрымання Аляксандра Лукашэнкі каля Камароўскага рынку ў Менску. 25 жніўня 2020 года.
Фота: ДД / Vot Tak TV / Белсат

Працэдура вылучэння дэлегатаў на УНС заўсёды была вельмі непразрыстая, што дазваляла ўладам дапускаць на сход выключна прыхільнікаў Лукашэнкі. Усе спробы апанентаў Лукашэнкі трапіць на сход заканчваліся няўдала: ні кандыдата на прэзідэнцтва Аляксандра Казуліна ў 2006 годзе, ні кандыдата на прэзідэнцтва Уладзіміра Някляева ў 2010 годзе на УНС не прапусцілі.

Паводле закону «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах», на сход могуць накіроўваць сваіх дэлегатаў працоўныя калектывы, прафсаюзы, мясцовыя сходы, палітычныя партыі, грамадскія і рэлігійныя арганізацыі. Аднак па факце сёлета ўдзельнікаў УНС ад вобласцяў і Менску абіраюць толькі мясцовыя Саветы дэпутатаў і найбольш шматлікія праўладныя грамадскія абʼяднанні.

Удзельнікі мітынгу падтрымання Лукашэнкі. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: ДД / Vot Tak TV / Белсат

Як піша TUT.by, ужо ў першыя дні абрання будучых удзельнікаў УНС месцы хутка размяркоўваліся паміж прадстаўнічай уладай і найбуйнейшымі дзяржаўнымі грамадскімі арганізацыямі. Напрыклад, 310 «квіткоў» на ўдзел у форуме ў Віцебскай вобласці падзялілі наступным чынам: 172 мясцовыя дэпутаты, 60 прадстаўнікоў дзяржаўнага прафсаюзу, 45 чалавек ад «Белай Русі», 17 – ад БРСМ і 10 – ад віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюзу жанчын, а таксама 6 ветэранаў.

У Магілёўскім аблвыканкаме паведамілі, што 310 будучых удзельнікаў сходу абіраюцца ў прапорцыі 70 % – дэпутаты, 30 % – прадстаўнікі грамадскіх абʼяднанняў. Сярод дэлегатаў шмат чальцоў выбарчаых камісіяў мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Напрыклад, ад Гомлю на сход паедуць 75 чалавек – мінімум 21 з іх былі летась чальцамі выбарчых камісіяў.

Усяго ў сходзе мусяць узяць удзел 2700 дэлегатаў. Спісы дэлегатаў ад рэгіёнаў можна знайсці на сайтах мясцовых выканкамаў. Вядомы выпадак, калі лекара Мікалая Цяліцкага ўключылі ў спіс дэлегатаў ад Пінску без ягонага дазволу, і ад выступу на УНС ён у выніку адмовіўся. «Майго меркавання ніхто не пытаўся», – заявіў ён.

Як ставіцца да УНС апазіцыя?

Апазіцыя лічыць Усебеларускі народны сход у цяперашніх умовах цалкам незаконным, называе яго «найвышэйшай формай падману народу» і «здзекам з дэмакратыі».

Народнае антыкрызіснае кіраванне (НАК) заявіла, што ўдзел у сходзе «марыянетачных делегатаў» – гэта «ідэалагічная падтрымка рэпрэсіяў і рэжыму Лукашэнкі». Кіраўнік НАК Павел Латушка паабяцаў, што ўдзельнікі УНС будуць ўнесеныя ў санкцыйныя спісы, а таксама ў базу Адзінай кнігі рэгістрацыі злачынстваў.

Пратэст ля Купалаўскага тэатру. Дырэктар тэатру Павел Латушка. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 года
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Таксама Латушка заявіў, што пад прыкрыццём УНС Лукашэнка рыхтуе антыканстытуцыйны пераварот.

«Рэальны парадак УНС старанна хаваецца, з вуснаў прапагандыстаў і дзяржаўных прадстаўнікоў гучаць прыгожыя словы пра «народных прадстаўнікоў» і іх ідэі, але хто з беларусаў даваў паўнамоцтвы гэтым прадстаўнікам? Паводле закону «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах» і згодна з Канстытуцыяй усе прадстаўнікі павінны быць абраныя, але замест гэтага дэпутаты і чыноўнікі прызначаюць самі сябе і праводзяць такія самапрызначэнні ў абыход закону. УНС фармуецца па ўказцы «зверху» толькі з адной мэтай: стварыць новы канстытуцыйны орган, які закліканы замяніць голас народу», – заявіў Латушка 5 студзеня.

У якасці альтэрнатывы УНС апазіцыя прапануе лічбавую платформу «Сход», на якой беларусы могуць вылучаць і выбіраць сваіх прадстаўнікоў «для ўдзелу ў нацыянальным дыялогу». Падкрэсліваецца, што пляцоўка патрэбная для выказвання меркавання народу Беларусі, але не будзе замяняць сабою дзяржаўныя органы. Галасаванне мусіць адбыцца 5–7 лютага, 8-га стануць вядомыя вынікі. Дэлегатаў з усёй краіны будзе 328.

«Сход» прэзентуецца як грамадзянская ініцыятыва, праект рэалізуецца праграмістамі, прадстаўнікамі бізнесу і крэатыўнай індустрыі на валанцёрскіх пачатках. Аўтары ініцыятывы падкрэсліваюць, што за імі не стаяць нейкія палітычныя сілы або партыі. Але Святлана Ціханоўская, Народнае антыкрызіснае кіраванне і Каардынацыйнай рада публічна падтрымалі «Сход».

9 верасня 2020 года. Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Варшаву.
Фота: Юлія Шаблоўская / Белсат

«Гэта пляцоўка, на якой кожны беларус можа выбраць свайго дэлегата або стаць такім дэлегатам, калі выберуць яго. Пасля падачы заяваў і галасавання па ўсёй краіне з’явіцца як мінімум 328 новых лідараў. Гэта будуць раённыя актывісты, працаўнікі заводаў і прадстаўнікі партыяў, лекары, студэнты, пенсіянеры і іх дарослыя ўнукі, чыноўнікі і бізнесоўцы – людзі, якія валодаюць рэальнай, а не сфальсіфікаванай падтрымкай народу. А значыць, яны будуць мець права прымаць рашэнні і прапаноўваць ідэі для новай Беларусі, у якой мы ўсе хочам жыць», – заявіла Святлана Ціханоўская.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў