Штаб Бабарыкі патлумачыў сваю заяву пра стварэнне партыі і адказаў на заўвагі Святланы Ціханоўскай


Штаб Віктара Бабарыкі выступіў з адмысловай заявай пасля таго як Святлана Ціханоўская крытычна выказалася наконт ініцыятывы стварэння новай палітычнай партыі.

Нагадаем, увечары 31 жніўня Марыя Калеснікава абвесціла пра стварэнне палітычнай партыі «Разам» і паведаміла, што ў бліжэйшы час будуць пададзеныя дакументы на яе рэгістрацыю. «Мы аб’яднаемся і будзем яшчэ мацней. Разам – пераможам», – заявіла яна.

Перад гэтай заявай у эфіры на YouTube быў прадэманстраваны зварот Віктара Бабарыкі, запісаны за некалькі дзён ягонага арышту. У ім экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку» кажа пра тое, што «мы не змаглі перамагчы на выбарах» і для далейшай барацьбы неабходна стварыць палітычную партыю ці рух. Галоўнай задачай такой партыі будзе правядзення канстытуцыйнай рэформы, адзначыў ён.

Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская галасуе ў Менску. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

У адмысловай заяве ад 1 верасня Святлана Ціханоўская назвала стварэнне новых палітычных партыяў «пазітыўным працэсам», але адначасова выказала сваю нязгоду з двума тэзісамі штаба Бабарыкі. Па-першае. Ціханоўская не пагадзілася з тым, што «на выбарах мы не змаглі перамагчы».

«Усе ведаюць, што гэта не так. Мы перамаглі, але нашу перамогу спрабуюць скрасці», – адзначае яна.

Па-другое, Ціханоўская не згодна з тым, што першая задача на цяперашні момант – гэта канстытуцыйная рэформа.

«Такая пастаноўка мэты не адказвае патрабаванням беларускага народу, і выглядае двухсэнсоўнай, бо сёння Лукашэнка спрабуе адцягнуць свой сыход, ведучы гаворку пра незразумелую канстытуцыйную рэформу ў нявызначаныя тэрміны. Акрамя таго, намер падаць у бліжэйшы час дакументы на рэгістрацыю партыі азначае гатоўнасць падмяніць тэму змены ўлады гатоўнасцю прасіць ва ўладзе санкцыі на стварэнне партыі. Я разумею, што Віктар Бабарыка запісаў свой зварот да свайго арышту, але аўтары заявы павінны адказна падыходзіць да прыняцця палітычных рашэнняў», – падкрэсліла яна.

Марыя Калеснікава
Удзельніца прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава размаўляе з журналістамі па дарозе на допыт у Следчы камітэт. 27 жніўня 2020 года.
Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Штаб Бабарыкі апублікаваў заяву ў адказ на заўвагі Ціханоўскай. У звароце падкрэсліваецца, што штаб не ставіць пад сумнеў перамогу Святланы Ціханоўскай на выбарах 9 жніўня 2020 года. Да таго ж, стварэнне партыі не будзе закранаць працу Каардынацыйнай рады.

«Мы абсалютна згодныя са Святланай Ціханоўскай, што галоўнае ў бягучым моманце – дамагацца тых патрабаванняў, якія былі кансалідавана агучаны Каардынацыйнай радай і грунтуюцца на перадвыбарчай праграме Святланы Ціханоўскай», – падкрэсліваецца ў заяве.

У штабе Бабарыкі назвалі рэферэндум аб змяненні Канстытуцыі «доўгатэрміновай палітычнай задачай», а партыю «Разам» – «доўгатэрміновай палітычнай сілай».

«Без абмежавання тэрмінаў паўнамоцтваў прэзідэнта, без выразнага падзелу ўладаў, без рэальнай працы парламента мы не бачым магчымасці сфармаваць эфектыўную сістэму кіравання дзяржавай», – адзначаецца ў звароце.

ВІДЭА
Пра сям’ю, веру і палітыку. Святлана Ціханоўская дала эксклюзіўнае інтэрв’ю «Белсату»
2020.08.22 01:00

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў