«Шляхамі БНР», або якія мясціны варта наведаць да 100 гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі


Прэзентацыя кнігі "Шляхамі БНР" у Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Дзе была падпісаная Трэцяя Устаўная грамата? Дзе быў штаб Булак-Балаховіча? Якімі вуліцамі шпацыравала міністр БНР Палута Бадунова? І ў якім горадзе сядзеў у турме Браніслаў Тарашкевіч? Да стагоддзя БНР публікуем гід па адрасах, дзе стваралася гісторыя незалежнай Беларусі.

Аляксандр Агееў, Юрась Бачышча, Ірына Лаўроўская, Валянціна Лебедзева, Ігар Пушкін, Іна Соркіна, Захар Шыбека, Сяргей Харэўскі, Андрэй Чарнякевіч – ажно дзевяць выдатных беларускіх гісторыкаў і даследчыкаў сабралі галоўныя адрасы БНР у адной кнізе пад назвай «Шляхамі БНР». Прапанаваны гід – калектыўная манаграфія, якая распавядае гісторыю БНР праз прызму лакальных падзеяў.

«У кнізе сабраны адрасы БНР канкрэтна ў межах сённяшняй Беларусі. Гэта было вельмі няпроста, таму што БНР як нейкая адміністрацыйная адзінка да канца не рэалізавалася і вызначэнне гэтых адрасоў выклікала адразу шмат пытанняў. Напрыклад, ці далучаць беларускія адрасы ў Адэсе, у Коўна, дзе таксама нейкі час працаваў урад БНР? Прадстаўніцтвы беларускіх місіяў былі ў Прыбалтыцы, у Варшаве, у Празе. Таму перад намі паўстала пытанне, як гэта ўсё падаць. І мы вырашылі абмежавацца тэрыторыяй сённяшняй Беларусі, таму што гэты гід, у першую чаргу, накіраваны на беларусаў і мае на мэце дапамагчы пабачыць гісторыю БНР ў паўсядзённасці нашых вуліц і камяніц», – заўважае адзін з аўтараў кнігі, кандыдат гістарычных навук Андрэй Чарнякевіч.

Адзін з аўтараў гіда, гарадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Сталіца Волі – адрасы БНР у Менску

Дом Дня Волі – гэта, бадай, найважнейшы будынак у гісторыі БНР – колішні адрас вул. Серпухоўскага 9 (сёння – вул. Валадарскага 9) – дом Маліных, пабудаваны ў 1912 годзе. Менавіта тут 25 сакавіка 1918 а восьмай гадзіне раніцы была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, у якой абвяшчалася незалежнасць Рэспублікі. 19 сакавіка 1918 г. Народны сакратарыят БНР арандаваў залу ў Сялянскага падзямельнага банка на трэцім паверсе для сваіх паседжанняў. 24 сакавіка 1918 г. у кабінеце старшыні Народнага сакратарыята Язэпа Варонкі пачалося паседжанне БНР, якое завяршылася раніцай 25 сакавіка прыняццем Трэцяй Устаўной граматы. Паводле граматы на землях, дзе жыве і мае колькасную перавагу беларускі народ, абвяшчалася вольная і незалежная дзяржава, у склад якой былі ўключаны Магілёўская, Менская, Віцебская, беларускія часткі Гардзенскай, Віленскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і суседніх губерняў. Цягам усяго 1918 года на доме вісела шыльда «Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі».

Сучасны выгляд Дома Маліных, дзе 25 сакавіка 1918 года была абвешчана незадежнасць БНР. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Горадня: другая сталіца БНР

Пасля заняцця бальшавікамі Менска ўрад пераязджае спачатку ў Вільню, а адтуль у сярэдзіне снежня – у Горадню. На некалькі тыдняў горад пераўтварыўся ў неафіцыйную сталіцу БНР. Менавіта тут першыя міністры БНР чакалі, пакуль прывязуць неабходную новай рэспубліцы пазыку ад украінскага ўрада. І менавіта Горадні належыць гонар святкавання першых угодкаў абвяшчэння БНР вясной 1919. Падчас урачыстай вечарыны Антон Луцкевіч звярнуўся да беларусаў з заклікам не кідаць працы на нацыянальнай ніве да часу, пакуль Беларусь не стане незалежнай. «Сягодня, вітаючы адраджэнне нашай дарагой, змучанай другой няволяй бацькаўшчыны, – сказаў іншы з выступоўцаў, – б’ецца маё сэрца ад радасці. …Мы не маем аружжа, ды што аружжа без духу, без нацыянальнай свядомасці – гэта цела без душы…» Па іроніі лёсу, сустрэчы беларускага ўрада адбываліся ў гатэлі «Расея», сёння гэта вул. Савецкая, 23.

Як ні парадаксальна, але адным з вартых увагі месцаў памяці БНР у Горадні з’яўляецца таксама гарадзенская вязніца (вул. Кірава,1), якая ў часы Польшчы сталася беларускай Меккай. Аднымі з першых гарадзенскую турму «пакаштавалі» беларускія эсэры: Т. Грыб, П. Мядзёлкая, Я. Натусевіч. Напэўна, самым вядомым вязнем гарадзенскай турмы з’яўляецца Браніслаў Тарашкевіч. Сваё зняволенне ён адбываў у адзіночнай камеры пад №45. Яго ўтрымлівалі як асабліва небяспечнага злачынца і нават на шпацыр выводзілі асобна ад іншых. Аднак, гэта не перашкодзіла яму падчас зняволення перакласці паэму «Пан Тадэвуш».

Магілёў – усходні фарпост БНР

Мала хто ведае, што Магілёў 100 гадоў таму быў адным з галоўных цэнтраў беларускага руху, а Усебеларускі з’езд 1917 г. мог адбыцца не ў Менску, а ў Магілёве. І тады тут жа магла быць абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Для пашырэння свайго ўплыву магілёўскія патрыёты стварылі ў горадзе Беларускі нацыянальны камітэт – беларускую грамадска-палітычную і культурна-асветніцкую арганізацыю, што дзейнічала ў 1917-1918 гг.

23 сакавіка 1917 г. тут адбыўся сход «асоб, якія прызнаюць сябе беларусамі». Спачатку іх было няшмат – усяго 12 чалавек. У выніку яны заснавалі адну з самых моцных нацыянальных адзінак будучай рэспублікі. Сябры арганізацыі зрабілі камітэт уплывовай і адметнай гарадской з’явай. Дзякуючы прадуманай прадвыбарчай кампаніі, на выбарах у гарадскую думу яны здолелі авалодаць дзясятай часткай месцаў і надалей шмат у чым вызначаць парадак дня гарадскога жыцця. Спачатку МБК размяшчаўся ў будынку Марыінскай жаночай гімназіі на Дняпроўскім праспекце, сёння СШ№1 па вул.Першамайскай, 24. Таксама менавіта ў гэтым будынку 31 сакавіка 1918 г. адбыўся ў вялікай гімназічнай зале гістарычны для беларускага Магілёва сход, на якім прысутнічалі амаль 400 дэлегатаў.

Прэзентацыя кнігі “Шляхамі БНР”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Палітычныя сілы на сходзе прадстаўлялі дэлегаты ад Бунда, Рады польскай, Магілёўскага камітэта Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай рабочай партыі, Партыі сацыялістаў –народнікаў Літвы ды іншых шматлікіх арганізацый. Мэта схода – «рашэнне пытання аб усталяванні краёвай улады». Ва ўмовах, калі побач у савецкай Расеі палала грамадзянская вайна, МБК ставіў пытанне аб уладзе. Незалежна ад палітычных поглядаў, нацыянальных і рэлігійных перакананняў, многіх магілёўцаў, верагодна, задавальнялі мір і жаданне дыстанцавацца ад нестабільнай камуністычнай суседкі. Амаль адзінагалосна дэлегаты схода патрымалі стварэнне БНР і прызналі ўладу Цэнтральнай беларускай рады (ЦБР) у Менску як органа кіравання ўтворанай дзяржавы на тэрыторыі ў межах рассялення беларускага народа.

Гэта даказвае, што ў Магілёве была масавая база для рэалізацыі ідэі станаўлення беларускай дзяржавы. Дзейнасць Магілёўскага беларускага камітэта ў 1917-1918 гг. абвяргае стэрэатыпы, што пануюць у адносінах да ролі ўсходнебеларускіх гарадоў у нацыятворчых працэсах ХХ ст. Камітэт стаў адным з цэнтраў кансалідацыі беларускага нацыянальнага руху, калі і не на роўні, то ўслед за Менскам.

Адна з аўтарак кнігі “Шляхамі БНР”, гарадзенская гісторык Іна Соркіна. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Берасце балахоўцаў

Напрыканцы лютага 1920 г. асобны атрад генерала Станіслава Булак-Балаховіча (1883-1940) быў пераведзены ў Берасце для перафарміравання і «каранціну». Размяшчэнне амаль тысячнага атрада з гарматамі і 82 коньмі ў горадзе, амаль цалкам знішчаным, не дазваляў варыяцый. Месцам дыслакацыі сталі казармы Граеўскай слабады (суч. Паўночны гарадок), збудаваныя ў другой палове ХІ Х ст., ды крэпасць, у якой стаялі пададдзелы атрада, набраныя з арэнбургскіх казакоў. Граеўскія казармы знаходзяцца паміж чыгуначным вакзалам і фортам Граф Берг, абсталяваным у 1911-1914 гг. вельмі важнай для войска лядоўняй.

Ёсць меркаванне, што адсюль, з Граеўскіх казарм, атрад генерала Булак-Балаховіча выйшаў ужо як Беларуская народная армія.
Загінулых і памерлых ад ран паміж кастрычнікам і снежнем 1920 г. хавалі ў Берасці на Балахоўскіх могілках, што знаходзяцца ў квартале паміж сучаснымі вуліцамі Смірнова і Камбінатаўскай. Напачатку 90-х гг. ХХ ст., дзякуючы ініцыятыве прадстаўнікоў грамадскага аб’яднання «Стары горад» –сям’і Левашкевічаў, Ігара Бараноўскага – і ахвярнай працы каталіцкай супольнасці ды прадстаўнікоў Саюза палякаў Беларусі, удалося спыніць планаванае знішчэнне і абараніць каля 500 пахаванняў жаўнераў, што змагаліся супраць бальшавікоў.

Пры фінансавай і дыпламатычнай падтрымцы Польшчы, а таксама фундацыі РАХ, якая апякуецца помнікамі, могілкі былі мемарыялізаваны ў 1992 г. У цэнтры абнесенай невысокай агароджаю тэрыторыі насыпаны невялікі курган, на якім быў усталяваны і ўрачыста асвечаны 6-метровы металічны крыж. Пазней у падножжа кургана пастаўлены мемарыяльны знак з надпісамі: «Тут спачываюць беларускія жаўнеры войска ген. С. Булак-Балаховіча» і «Яны ішлі паміраць за волю Бацькаўшчыны».

Гомель – з рук Украіны ў рукі Расеі

Гомельшчына ў 1918 г. аказалася фармальна аддзеленай ад Беларускай Народнай Рэспублікі. За гэты стратэгічны кавалак беларускай тэрыторыі ў той год змагаліся больш моцныя суседзі – Украіна і Расея. Украіна здолела пакарыстацца рэгіёнам амаль год, РСФСР – з 1919 і да 1924-1926.

Калі ва ўмовах Першай сусветнай вайны абудзіліся нацыянальныя рухі, Гомель таксама застаўся на раздарожжы. Абставіны Першай сусветнай вайны спрыялі ўзмацненню ў Гомлі агульнарасейскіх левых сіл. Беларускага слова ў палітычным рознагалоссі Гомля чутно амаль не было. Наадварот, горад ледзь не пераўтварыўся ў асяродак супрацьстаяння нацыянальнаму самавызначэння. «Гомельскія беларусы» болей схіляліся да ідэі шырокага самакіравання Беларусі на дэмакратычных пачатках, аднак у складзе Расеі.

Хоць беларускі рух не стаў грамадскай з’явай у гомельскім рэгіёне, менавіта Гомельшчына дала нацыянальнай справе шмат знакавых асоб, сярод якіх – харызматычная беларуская палітычная дзяячка, адзіная жанчына-міністр ва ўрадзе БНР, шматгадовая лідарка Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, Палута (Пелагея) Бадунова. У сённяшнім Новабеліцкім раёне захавалася вуліца Г. Дзімітрава – дзе ў сям’і мяшчаніна Аляксандра Бадунова ў 1885 г. нарадзілася будучая беларуская дзяячка.

Бадунова стала адзінай жанчынай, якая ўвайшла ў Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі ў якасці міністра апекі, займалася арганізацыяй школ і дзіцячых прытулкаў. Разам з паплечнікамі па левым крыле БСГ стварыла і ўзначаліла Партыю беларускіх эсэраў, якой кіравала да самароспуску партыі ў 1924 г. Яна лічыла Расею больш блізкім ідэалагічным і ваенным саюзнікам, і па пытанні стварэння беларускай рэспублікі сустракалася нават са Сталіным. Аднак у выніку за пратэст супраць Рыжскага міру разам з іншымі эсэрамі Бадунова трапляе ў турму. Пасля турмы Палута спрабуе эміграваць, вучыцца ў Празе, аднак няспыннае напружанне сіл прывялі да цяжкага нервовага захворвання.

Апошнія гады свайго жыцця Палута Бадунова таксама правяла ў Гомлі, дзе жыла па вул. К. Маркса, 115. Тут была арыштавана і два з паловай месяца знаходзілася ў мясцовай турме НКУС (сённяшні будынак упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці на вуліцы Білецкага). У выніку першага і апошняга допыту 22 лістапада асуджана на 10 гадоў ГУЛАГу. Але ў лагеры яна не трапіла, а была адпраўлена ў менскую турму, дзе ў 1938 г. была асуджана паўторна сумесна з групай беларускіх партыйна-савецкіх дзеячоў, гэтым разам да расстрэлу.

***

У артыкуле ўзгаданы толькі некаторыя адрасы, гістарычныя падзеі і постаці БНР, пра якія вядзецца ў кнізе «Шляхамі БНР». Акрамя ўтварэння рэспублікі, кніга распавядае пра месцы, звязаныя са Слуцкім збройным чынам, чаму Вільня не стала сталіцай БНР і прыводзіць іншыя месцы памяці ў рэгіёнах.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары