Школьнік патануў на занятках веславання. У Магілёве судзяць трэнера


У судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва працягваецца разгляд справы Ірыны – маладой трэнеркі па акадэмічным веславанні. 26 чэрвеня 2018 года яна праводзіла трэніроўку на вадзе, падчас якой патануў 14-гадовы школьнік Станіслаў. Трэнерка абвінавачваецца ў службовай нядбайнасці, паводле арт. 428 Крымінальнага кодэксу.

Ірына сваю віну прызнала цалкам. Яна некалькі разоў папрасіла прабачэнне ў бацькі Станіслава, які прысутнічае на судзе. Згодна тлумачэнням трэнера, Станіслаў меў пэўны прагрэс у веславанні, яна давярала яму і таму не звярнула ўвагі, што хлопец спусціўся на ваду без камізэлькі. Падчас трэніроўкі Станіслаў знаходзіўся асобна ад групы. Калі ягоная байдарка перакулілася, ён не справіўся і патануў.

Бацька Славы на судзе сказаў, што падаў грамадзянскую позву не да трэнера, а да Цэнтру алімпійскага рэзерву

12 сакавіка, на другі дзень судовага паседжання, тлумачэнні па справе даў Яўген – бацька загінулага:

«Сын Слава быў адзіным дзіцём у сям’і, навучаўся ў гімназіі, граў на скрыпцы, хадзіў на гандбол і на заняткі па акадэмічным веславанні. У Цэнтр алімпійскага рэзерву па веславанні яго запрасіў сябра ў снежні 2018 году. Славе спадабалася і ён там застаўся. Нашай прысутнасці на занятках не патрабавалася. Мы ведалі, што сын можа трымацца на вадзе».

Па словах бацькі, яны з жонкай мелі ўяўленне пра заняткі праз словы сына. Спачатку ў дзяцей была агульная фізічная падрыхтоўка ў залі, затым яны спрабавалі сесці на трэнажоры, пасля сыходу снегу ім дазволілі выйсці на ваду. У першы раз – у вялікай лодцы на 4 асобы разам з трэнерам. Заняткі былі бясплатныя. На час летніх канікул Слава пайшоў у лагер пры Цэнтры алімпійскага рэзерву па веславанні.

Фота: Вольга Васільева, belsat.eu

– Якое пакаранне для трэнера вы патрабуеце? – запыталася Яўгена суддзя Наталля Крашкіна.

– Ніякае пакаранне мне ўжо не верне сына, – адказаў бацька Станіслава. – Я падаў грамадзянскую позву да школы (Цэнтру алімпійскага рэзерву па веславанні), а не да трэнера. Бо я сына аддаў на заняткі ў школу, а не на заняткі да індывідуальнага прадпрымальніка Ірыны. Таму павінна адказваць школа.

– Вы патрабуеце 200 тысяч рублёў маральнай шкоды? – перапытала суддзя і адразу ж дадала: – Канешне, вашай сям’і прыйшлося вельмі цяжка.

Калі бацькам Станіслава 26 чэрвеня паведамілі, што іх сын патануў, яны адразу прыехалі на вяслярную базу – там ужо працавала следчая група і знаходзілася намесніца дырэктара Цэнтру алімпійскага рэзерву Вольга Бароўцава. Са словаў бацькі Станіслава, яны з жонкай запыталіся Бароўцаву, чаму на Станіславе не было камізэлькі, на што атрымалі адказ: «Я дазволіла».

«Вольга Бароўцава адсутнічала на занятках. З дзецьмі была толькі трэнер Ірына. Як Вольга магла ім дазволіць ці не дазволіць ісці без камізэлькі? Усё роўна вырашаць павінна была трэнер Ірына. Ну з гэтым мы яшчэ разбяромся», – выказалася суддзя Наталля Крашкіна.

Далей суд апытаў сведкаў па справе: іншых навучэнцаў Цэнтру алімпійскага рэзерву па веславанні, вадалаза і лекара. Дзецям задавалі галоўным чынам пытанні пра тое, як трэнеры правяралі, ці ўмеюць яны плаваць і ці хапала камізэлек для ўсіх вучняў. Абедзве школьніцы адказалі, што ніхто не правяраў, ці ўмеюць яны плаваць, проста верылі на слова.

Наконт камізэлек тлумачэнні разышліся. Адна дзяўчына кажа, што ўсім заўсёды хапала камізэлек, а іншая, што часам магло і не хапіць, але некалькі запасных камізэлек заўсёды знаходзіліся ў катары трэнера.

– Аднойчы я выйшла без камізэлькі. Мяне вельмі моцна адчыталі і выдалі запасную камізэльку, – кажа дзяўчына, якая таксама была на вадзе 26 чэрвеня.

– А чаму ты пайшла без камізэлькі? – пытаецца суддзя.

– Ну, проста так захацелася. Я яшчэ была малая, не разумела, – адказвае 16-ці гадовая школьніца.

Будынак Магілёўскага абласнога цэнтру алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту

Далей суддзя звяртаецца да трэнеркі Ірыны, каб даведацца, наколькі сур’ёзны кантроль за дзецьмі тая ажыццяўляла.

«Трэнер павінен замыкаць, ехаць апошнім, за ўсімі лодкамі. Але выканаць гэта нерэальна. Я ехала недзе пасярэдзіне. Атрымліваецца, што я пакінула Станіслава без дагляду. Я выпусціла яго з бачання, так», – у каторы раз прызнаецца трэнерка Ірына.

Ірына патлумачыла, што Днепр, на якім яны займаюцца, вельмі моцна пятляе, таму немагчыма бачыць усіх дзяцей. А паміж лодкамі значны адрыў: хто на чацвёрцы (лодка на 4 асобы), той хутчэй, хто на адзіночцы (лодка на адну асобу), той павольней. Таксама адрыў паміж лодкамі дадае і розны ўзровень падрыхтоўкі дзяцей.

Трэнер Ірына папрасіла прабачэнне перад бацькам Славы і на судзе, і пасля яго

Апошняй 12 сакавіка заслухалі лекара-кардыёлага, якая 26 чэрвеня прыехала на выклік у хуткай дапамозе. Жанчына сведчыла, што ў трэнера быў востры стрэсавы стан, Ірына хацела бегчы, крычаць, самастойна шукаць хлопчыка. Лекары забралі Ірыну з сабой у больніцу.

Надалей у судовым паседжанні выступяць вадалазы-выратавальнікі, супрацоўнікі Цэнтру алімпійскага рэзерву па веславанні, у тым ліку і ягоны дырэктар, алімпійскі чэмпіён Аляксандр Масейкоў.

Вольга Васільева, фота аўтара belsat.eu

Стужка навінаў