Шклозавод «Ялізава» прызналі банкрутам


У дачыненні да шклозаводу распачатая ліквідацыйная вытворчасць, яе кіраўнік кажа пра добрыя перспектывы і новыя працоўныя месцы.

Ліквідацыйную вытворчасць у дачыненні да беларуска-аўстрыйскага сумеснага закрытага акцыянернага таварыства «Шклозавод «Ялізава» распачаў Эканамічны суд Магілёўскай вобласці.

Асноўны фактар банкруцтва заводу – высокі кошт энерганосьбітаў, кажа кіраўнік ліквідацыйнай вытворчасці «Ялізава» Мікалай Шаўкуноў.

«Калі супастаўляць газ у Расеі, у Смаленску, то там $ 80-120 за тыс. кубоў, у нас – $ 279. Адсюль і неканкурэнтаздольнасць прадпрыемства», – адзначыў ён.

Таксама, паводле кіраўніка, адмоўную ролю згуляла знаходжанне пад следствам прадстаўніка ўладальніка шклозаводу Аляксандра Мураўёва, які летась быў затрыманы па справе «Мотавела».

Нягледзячы на банкруцтва шклозаводу, Мікалай Шаўкуноў упэўнены ў перспектывах яго развіцця, пашырэння і нармальнага функцыянавання, якія адбудуцца пасля змены ўладальніка.

«Завод працаваў і будзе працаваць. Мала таго, будзе пашырацца вытворчасць – адкрывацца чацвёрты цэх. Прадпрыемства чакае змена ўладальніка. Яно будзе працаваць, калектыў будзе працаваць. Звальненняў не было, а будзе прыём новых працаўнікоў», – заўважыў Шаўкуноў, адзначыўшы, што банкруцтва зʼяўляецца ў пэўным сэнсе вызваленнем ад праблемаў.

На ягоную думку, праблему высокага кошту на энерганосьбіты атрымаецца вырашыць менавіта дзякуючы пашырэнню вытворчасці, якое дазволіць зрабіць рэнтабельнасць прадпрыемства вышэйшай на 10 %.

Згодна з пастановай суду, ліквідацыйная вытворчасць на шклозаводзе мае скончыцца да 12 красавіка 2017 года.

Летась здымачная група «Белсату» наведвала Ялізава (Асіповіцкі раён), каб даведацца пра праблемы мясцовага шклозаводу (глядзіце відэарэпартаж вышэй). У лепшыя часы прадпрыемства давала працу боль за 1800 асобам, у сярэдзіне мінулага года за працу на «Ялізава» трымаліся каля 400 працаўнікоў.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў