Сезон палявання падоўжылі ў два разы! Абаронцы птушак просяць дапамогі, каб спыніць ловы


Фота Torrey Wiley / Flickr

Паляванне на гусей і качак у Беларусі працягнецца да сярэдзіны траўня. Некаторыя загінуць ад свінцовага шроту, іншыя страцяць партнёраў, трэція не здолеюць вывесці птушанят пад гром стрэлаў. Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» заклікае падпісаць петыцыю супраць вясновага палявання на птушак у Беларусі.

Актывісты АПБ б’юць трывогу. Указам прэзідэнта №112 зацверджаныя новыя правілы палявання ў Беларусі. Тэрмін вясновага палявання на вадаплаўных птушак падоўжаны з 28 дзён да 2 месяцаў. Як паведамляецца ў петыцыі, вясновае паляванне па змененым правілам ставіць пад пагрозу папуляцыі птушак – у самы разгар размнажэння яны штодзённа будуць трапляць пад кулі.

Выстрэльваюць самых моцных і знішчаюць папуляцыю

Вясною палююць на птушак, якія перажылі восень і зіму, вытрымалі доўгі пералёт дамоў, а гэта самыя моцныя асобіны, ад якіх залежыць патомства. Замест гэтага ў самы сезон размнажэння, калі птушкі найбольш уразлівыя, іх знішчаюць паляўнічыя, завабліваючы з дапамогай запісаных галасоў і пудзілаў. Апроч таго, амаль усе гусі фармуюць пары на ўсё жыццё, а пары ў качак фармуюцца яшчэ ўвосень. Забітая праз памылку самка качкі і любы партнёр з гусінай пары азначаюць, што не будзе гнездавання і ўвосень папуляцыя не папоўніцца маладымі птушкамі.

Апроч таго, занепакаенне выклікае тое, што спіс з сямі дазволеных для палявання качак, папоўніўся яшчэ на два віды – гогаля і свiцьбу, якіх не так даўно выключылі з Чырвонай кнігі. Прадстаўнік Міністэрства лясной гаспадаркі на прэс-канферэнцыі аргументаваў такое рашэнне тым, што «паляўнічым у палёце даволі складана хутка вызначыць, што гэта за від». Як мяркуюць актывісты АПБ, паводле такой логікі, заўтра ў спіс паляўнічых відаў уключаць усіх птушак.

На сёння ў Беларусі зарэгістравана 24 віды качак. Паляўнічыя сапраўды дрэнна ведаюць птушак і практычна штогод вясной у Беларусі адстрэльваюць белавокіх ныркоў і гусей-піскулек, занесеных у Чырвоную кнігу.

Як выглядае сучаснае паляванне ў Беларусі?

Як паведамляюць актывісты ў сваім звароце, да моманту падпісання загаду Беларусь і так выдзялялася сярод іншых краін Еўропы працягласцю паляўнічага тэрміну – 4 тыдні. Цяпер цягам двух вясновых месяцаў (прыкладна з сярэдзіны сакавіка да сярэдзіны траўня) можна паляваць без перапынку, калі заключыць з паляўнічай гаспадаркай дамову, або на выходных, калі набыць пуцёўку. Такая пуцёўка каштуе 20-100 рублёў.

Замежныя паляўнічыя плацяць за кожнага здабытага самца качкі 10 еўра, а за гуся – 20 еўра. Пры тым што для замежнікаў, увогуле адсутнічае абмежаванне па колькасці дзён палявання. Правілы палявання не абмяжоўваюць колькасць асобін, якіх можна здабыць увесну за дзень або за выходныя.

У Еўропе вясновае паляванне на птушак забаронена ва ўсіх краінах, за выключэннем Расеі, дзе трывае абмежаванне да 10 дзён, і Мальты, дзе ёсць дазвол паляваць толькі на адзін від. Вясновае паляванне на птушак у Беларусі асабліва прыцягвае замежнікаў. Карыстаючыся электроннымі вабікамі і пнеўматычнымі ружжамі, якія зноў жа такі забаронены ў Еўропе, паляўнічыя забіваюць птушак сотнямі.

АПБ просіць усіх падпісаць петыцыю на адрас Адміністрацыі прэзідэнта з заклікам увесці пяцігадовую забарону вясновага палявання на вадаплаўных птушак, а таксама забарону на выкарыстанне паўаўтаматычных стрэльбаў і электронных вабікаў.

ПВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары