Сепаратысты засталіся задаволеныя. «Формула Штайнмаера» – гэта план Пуціна?

ВІДЭА

Капітуляцыя і здрада інтарэсам Украіны – такія абвінавачванні гучаць у адрас Уладзіміра Зяленскага пасля падпісання кантактнай групай у Менску так званай «формулы Штайнмаера». Афіцыйны Кіеў адмахваецца, а прэзідэнт Зяленскі спрабуе растлумачыць грамадзянам, на што ж пагадзілася іх краіна. Гэтае рашэнне падтрымліваюць як у Маскве і Данецку, так і ў Парыжы ды Берліне. Крок да заканчэння бясконцай вайны? На чыіх умовах?

Прарасейскія сепаратысты задаволеныя – тое, што не ўдавалася зрабіць за чатыры гады пры Парашэнку, Зяленскі здзейсніў за некалькі месяцаў.

Наталля Несцерава, міністр замежных справаў ДНР:

«Сёння сапраўды пераможнае паседжанне. З нашага пункту гледжання сапраўды адбыўся прарыў, таму што на працягу трох гадоў мы дамагаліся ад украінскага боку падпісання формулы Штайнмаера».

А што прарасейскіх баевікам добра, то Кіеву дакладна не руку, упэўненыя палітычныя апаненты Зяленскага. Некалькі тысяч чалавек некалькі дзён запар пратэстуюць супраць падпісання так званай формулы Штайнмаера.

Пятро Парашэнка, экс-прэзідэнт Украіны:

«Формула Штайнмаера ў версіі спадара Пуціна пісалася ў Крамлі спадаром Лаўровым і нават блізка не з’яўляецца тым, пра што казаў сам спадар Штайнмаер. Яна цалкам вырваная з кантэксту і знішчае саму сутнасць менскіх пагадненняў».

Сапраўдная ж праблема падпісанага ў Менску дакумента ў тым, што мала хто разумее, як ён павінен працаваць.

Каментуе Барыс Тарасюк, экс-міністр замежных справаў Украіны:

«Неаднаразова чытаючы формулу Штайнмаера, я так і не магу зразумець, якое яе месца ў комплексе менскіх дамоўленасцяў. Бо ў ёй няма ніякіх аспектаў бяспекі і ідзе гаворка толькі аб тым, што я магу інтэрпрэтаваць выключна як саступкі Украіны перад Расеяй».

Дакумент, прапанаваны прэзідэнтам Нямеччыны Вальтэрам Штайнмаерам, прадугледжвае пачатак дзеяння адмысловага статусу Данбаса на пастаяннай аснове пасля таго, як там пройдуць мясцовыя выбары, якія прызнаюць назіральнікі АБСЕ. Раней Кіеў настойваў на запэўніванні бяспекі і толькі пасля гэтага дэклараваў гатовасць да палітычнага дыялогу.

Улічваючы, што нават падчас перамірʼя на лініі сутыкнення гінуць дзясяткі людзей, бясконцыя сустрэчы ў Менску міратворчы працэс з мёртвага месца не зрушвалі.

Кажа Марыя Кучарэнка, аналітык Цэнтру даследаванняў праблем грамадзянскай супольнасці, Украіна:

«Гэтым абмеркаваннем формулы Штайнмаера мы фактычна парушылі парадак «Менску», і гэта была вялікая памылка ўкраінскага ўрада і ўпэўненасць, што вось на гэты раз нам удасца дамовіцца, ці што гэтая сустрэча ў Нармандскай чацвёрцы сапраўды зможа спыніць гвалт на лініі размежавання – гэта, вядома, ілюзіі».

Гэтак жа лічаць і пратэстоўцы у Кіеве – маўляў, верыць Крамлю нельга, і патрабуюць хоць бы растлумачыць, на што канкрэтна пагадзіўся іх прэзідэнт, які заявіў:

«Дарагія ўкраінцы, можа я зараз кагосьці расчарую, але здрада адмяняецца».

У Маскве лічаць, што баяцца чарговага Майдана ўкраінскаму лідару не варта, а пратэстоўцы – адсталі ад палітычных рэаліяў.

Каментуе Віталь Ваўчкоў, палітолаг, аналітык Цэнтру цывілізацыйных стратэгіяў, Масква:

«Яны адыгрываюць ранейшыя ролі. Гэтыя ролі былі актуальныя для моманту, калі ў Вашынгтоне было ранейшае кіраўніцтва, ва Украіне было ранейшае кіраўніцтва, цяпер сітуацыя змянілася і змяніўся вектар сусветнага развіцця».

Далей дамоўленасці Менску ў разуменні Штейнмайера прадугледжваюць чарговую сустрэчу Нармандскай чацвёркі, спыненне агню, адвядзенне войскаў ад лініі размежавання і правядзенне свабодных выбараў па стандартах АБСЕ. І пасля ўсяго гэтага мусіць быць прыняты на пастаяннай аснове закон аб адмысловым статусе Данбаса.

Марыя Кучарэнка:

«Мы сёння не ведаем, якім менавіта будзе закон аб адмысловым статусе, таму што Зяленскі заявіў, што цяперашні закон будзе дзейнічаць толькі да канца года, далей – будзе новы закон і тут вялікае пытанне – як ён будзе выпісаны».

Кіраўнік расейскай дыпламатыі Сяргей Лаўроў тыдзень таму заявіў, што Масква хацела б бачыць форму федэралізацыі. Вельмі падобна на Прыднястроўе, удакладніў ён.

Каментуе Ганна Гапко, экс-кіраўніца Камітэту па замежных справах Вярхоўнай Рады Украіны:

«Формула Штайнмаера прывядзе да легалізацыі ўсіх гэтых таварышаў, яны будуць дзяржавай у дзяржаве. Мы атрымаем той жа замарожаны канфлікт, але з яшчэ горшымі наступствамі, чым мы бачым у Грузіі, або ў Малдове».

У Расеі традыцыйна хвалююцца за рускамоўных ва Украіне. Наш эксперт упэўнены, што звычайнага дэкларатыўнага закона аб нейкім статусе, як было ў часы Парашэнкі, – будзе недастаткова.

Віталь Ваўчкоў, палітолаг з Масква:

«Гэтае пытанне наканаваны менскімі пагадненнямі. Асаблівы статус павінен быць прапісаны ў канстытуцыі. Наша пазіцыя прынцыповая: мы гатовыя да ўрэгулявання і да кампрамісаў такіх, якія задаволяць жыхароў гэтых тэрыторый».

Як можна казаць аб выбарах у квазі-рэспубліках, дзе законы практычна не дзейнічаюць, і як там могуць выступаць праўкраінскі кандыдаты? Магчыма, няма ніякай небяспекі новага Прыднястроўя? Бо хто прызнае такія выбары?

Марыя Кучарэнка:

«АБСЕ зафіксуе іх як сумленныя і празрыстыя ў любым выпадку, як бы яны не праходзілі. Гэта паварот у бок зняцця эканамічнага баласту ў Еўропе, гэта паварот у бок таго, што можна нарэшце даць справаздачу аб тым, што праведзеная нейкая праца».

Расея ў вачах Захаду перастае быць агрэсарам, ці прынамсі актыўным удзельнікам канфлікту. Але галоўнае – перастануць гінуць людзі. А гэтая нязручная вайна перастане дакучаць астатняй Украіне, якая і выбрала Зяленскага не ў апошнюю чаргу за яго абяцанні спыніць вайну. Перамога Крамля, палёгку для Захада, трыумф Зяленскага, але ці перамога гэта для самой Украіны?

Усевалад Шлыкаў для праграмы «Прасвет»

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» 04.10.2019

Іншыя тэмы выдання:

МВ

Глядзі таксама
Каментары