Сенсацыйны вылет. БАТЭ скончыў барацьбу за Кубак краіны


Барысаўскі БАТЭ скончыў барацьбу за Кубак краіны ўжо на стадыі 1/4 фіналу. Такую сенсацыю сёння паднёс сціплы клуб «Іслач» з Менскага раёну, які ў мінулагоднім чэмпіянаце Беларусі заняў толькі 10-ае месца. Першынство працягваецца не адзін месяц, а на канкрэтны двубой можна настроіцца, што «Іслач» і прадэманстравала скептыкам.

Справка
Кубак Беларусі ¼ фіналу

Іслач 1:0 БАТЭ

Менск. Стадыён ФК «Менск»

Суддзя С. Цынкевіч

Гол: 32’, Камароўскі (1:0)

Першы матч 1:1.

Першая сустрэча гэтага двухматчавага супрацьстаяння адбылася на «Барысаў-Арэне» і прынесла таксама нечаканы вынік: БАТЭ не здолеў даціснуць апанента, а ў выніку нічыя 1:1. Сёння ж сустрэча праходзіла на сталічным стадыёне клубу «Менск» са штучным пакрыццём, якое таксама не кожнаму футбалісту падыходзіць, але ўсе былі ў аднолькавых умовах.

Першы тайм прайшоў з пераменным валоданнем мячом, аднак больш небяспечныя атакі былі ў Аляксея Багі ды кампаніі. Аднак у выніку лік адкрылі гаспадары, калі на 32-ой хвіліне вызначыўся Дзмітрый Камароўскі. Безумоўна, БАТЭ прыклаў шмат намаганняў, каб адгуляць для пачатку хоць адзін мяч, аднак у гэтым выпадку можна сказаць, што парадак «Іслачы» пабіў клас гасцей, якая стала першым паўфіналістам гэтага турніру.

Віталь Жукоўскі. Фота http://fcisloch.by/

Аляксей Бага – галоўны трэнер БАТЭ: Нам не ставала вастрыні, а ў атацы не даставала заключнага ўдару. Былі добрыя падыходы, добра гулялі паміж лініямі. Нядрэнна пачыналі атакі ды размяшчаліся, аднак не хапіла апошняга паражальнага ўдару, які б ператварыўся ў гол.

Віталь Жукоўскі – галоўны трэнер «Іслачы»: «Вельмі задаволены, станоўчыя эмоцыі, нашыя заўзятары цешацца, гэта было вельмі прыемна. Гульня была роўная і была падобная да першай ў Барысаве, аднак у абедзвюх камандаў было больш момантаў. Добра, што забілі, малайцы, што адзмагаліся. Прыемна бачыць усе гэтыя эмоцыі, аднак, па вялікім рахунку, мы нічога сур’ёзнага не зрабілі – толькі выйшлі ў паўфінал. Аднак для нас, безумоўна, вялікі поспех перамагчы чэмпіёна і выйсці ў 1/2-ую Кубка Беларусі.

15-га сакавіка адбудуцца яшчэ 2 матчы 1/4-ай фіналу Кубка Беларусі ды ўсе яны пройдуць у Бабруйску на стадыёне імя Аляксандра Пракапенкі. А 13:00 стартавы свісток прагучыць для пары «Слуцк»–«Дынама» (Менск), першы двубой скончыўся перамогаю «бела-блакітных» 2:0. Затым а 17:30 на газон выйдуць футбалісты мясцовай «Белшыны» і салігорскага «Шахцёра». Цяжка тут разлічваць на рэванш прадстаўніку першага дывізіёну, бо гарнякі ў стартавым двубоі накаўтавалі «Белшыну» ў Салігорску 5:0.

Яшчэ адная сустрэча, якая падвядзе фінальную рысу пад чвэрцьфінальнаю стадыяй, пройдзе 16-га сакавіка ў Гомлі. Там за пуцёўку пазмагаюцца: мясцовы «Лакаматыў», якая таксама прэзентуе першую беларускую Лігу, і клуб «Віцебск». У першым матч супрацьстаяння «віцябляне» прыклалі шмат намаганняў, каб справіцца з клубам з берагоў Сажа, і адсвяткавалі толькі перамогу з мінімальным лікам 1:0.

Дзмітрый Сухановіч belsat.eu

Стужка навінаў